Вер у мяне, Фама,
i ўведай
мяне, як Аўрам:
з двума
анёламі я прыйшоў
пад шаты яго, i ён
уведаў, што гэта я,
назваў мяне Госпадам
i маліў
мяне аб Садому:
каб не губіў
горада, дзе набярэцца
праведнікаў хоць бы дзесяць.
Не будзь
нявернікам, як Ваалам,
што Духам Святым прарочыў
аб умярцвенні маім за свет
i ўваскрэсенні,
але потым,
спакушаны
нізкаю ўзнагародай,
загінуў.
Вер у мяне, Фама,
што я гэта;
бачыў мяне Іакаў
на версе прыснёнай драбіны,
якая злучала зямлю i нябёсы,
i ён жа мяне распазнаў
духам, калі я з ім
змагаўся ў Месапатаміі:
абяцаў
яму я тады, што прыму
у родзе яго
чалавечае ўцелясненне.
Не будзь
нявернікам, як Наўхаданосар,
што ўбачыў мяне,
калі я
у печы напаленай ад загубы
трох юнакоў ратаваў i сам
быў спаміж імі чацвертым;
тады назваў
ён мяне Божым Сынам
i вызнаў
мяне перад тварам прысутных,
ды потым
зноў да спакусаў сваіх
вярнуўся
i ў ix загінуў.
Вер у мяне, Фама,
што я гэта;
бачыў мяне Ісая,
калі яму ўбачыўся
ўзгорны трон,
які абступала
мноства анёлаў.
Я — той,
хто быў Езекілю
з'яўлены вобразам чалавечым
спаміж жывёлін;
i вы былі з'яўлены
ў выглядзе колаў,
якія злучаліся
з постацямі жывёлін
i рухаліся за мною;
у колах
быў тады дух жывы,
i цяпер
у вас я ўдыхнуў
Святы Дух гэтаксама.
Я — той,
каго ўбачыў Даніл
на аблоках нябесных
i хто,
постаццю Сын Чалавечы,
сышоў
да Спрадвечнага днямі
i атрымаў ад яго
уладу i царства
на небе i на зямлі
гэтага веку i будучага,
якому
не будзе канца.
Укладзі, Блізня,
свой палец сюды
i ўгледзь мае рукі:
імі я вочы сляпым адтуляў,
імі глухім я слых аднаходзіў,
i адмыкаў нямым
рукамі гэтымі мову.
Угледзь
i ногі мае: хадзіў
імі па моры
узбураным перад вамі,
імі ішоў па паветры
і, увайшоўшы
у пекла імі,
спрамог
апраметную цемру;
імі прайшоў
з Лукой i Кляопам
шлях да Эмаўса.
Дык жа не будзь, Фама,
тым, хто не верыць,
а будзь
тым, хто верыць».
Фама адказаў:
«Госпадзе, веру,
што ты Хрыстос,
Бог мой,
i што аб табе пісалі
прарокі, відушчыя духам,
i што ў Законе Майсеевым
твой правобраз,
i што адпрэчыліся ад цябе
фарысеі,
i што з цябе здзекаваліся
заканазнаўцы,
i што глуміўся з цябе натоўп,
i што, вымыўшы рукі, Пілат
аддаў цябе на укрыжаванне,
i што Бог-Айцец
уваскрасіў цябе з мёртвых.