Напісана гэтая кніга дваіста
1
Біблія — слова,
узятае з грэцкай мовы,
І азначае,
калі яго перакласці: кніга.
Напрыклад, святы Мацвей
кнігаю радаводу
Ісуса Хрыста
пачынае Хрыстова Евангелле.
У ім
першы радок па-грэцку
так i чытаецца:
«Біблос генесеос Icy Хрысту».
2
Гэтая назва таксама
стасуецца да ўсяго
Святога Пісьма — да кніг,
якія змяшчае
у зборы сваім Стары
i Новы Закон:
праз вартасць,
ім уласцівую, i яна
сама набывае
адметную вартасць
i адмысловы сэнс.
3
Піша пра гэтую кнігу
евангеліст,
спадарожца Хрыстовы,
у сваім аб'яўленні:
«I бачыў
я ў правай руцэ ў Тагo,
Хто сядзіць на пасадзе,
кнігу,
напісаную знутры
i знадворку».
4
I праўда,
напісана гэтая кніга дваіста:
знутры для тых,
хто мае духоўныя вочы
i можа ўбачыць
вялікія Божыя таямніцы,
што запячатаны ў ёй.
Апостал Павел уражваецца:
«О, бяздонне
багацця i ведаў
i мудрасці Божай!
Як неспасціжны яго суды
i як неспаследны яго дарогі!»
5
Для ўсіх астатніх
напісана гэтая кніга знадворку,
каб не адны дактары
i людзі вучоныя
ў ёй разумеліся,
а каб усякі
зямны чалавек, што будзе
яе чытаць альбо слухаць —
добра
змог зразумець, што трэба
рабіць для збавення душы.
6
Сам Збаўца
сведчыць, гаворачы:
«Ойча,
Госпадзе неба й зямлі,
услаўляю цябе,
што гэта
схаваў ты
ад мудрых i ад разумных,
а дзецям малым адкрыў».
7
Адмыслова
пра гэтую кнігу піша
Грыгоры Вялікі,
настаўнік усечалавечы:
«Святое Пісанне
пераўзыходзіць
іншыя ўсе навукі,
бо пад звычайнымі словамі
зберагае
вялікія таямніцы».
8
Гэтая кніга
дзецям i простым людзям
навука,
а мудрацам i вучоным —
дык дзіваванне.
Яна, як рака цудадзейная,
адначасова
плыткая —
можна па ёй i дзіцяці брысці,
i незвычайна глыбокая —
слон плысці мусіць.
9
У гэтай кнізе
пачатак i завяршэнне
усёй чалавечай мудрасці:
Бог-уладар
у ёй адкрываецца
для спазнання,
i ўсе законы,
якімі людзі
у жыцці кіравацца мусяць,
напісаны ў ёй,
i ўсе лекі,
якія гояць душу
i ацаляюць цела,
у ёй сабраны.
10
Тут — філасофія,
што падымае
пытанне
i на пытанне шукае адказу:
як маеш
дзеля самога сябе
любіць Бога
i блізкага — дзеля Бога.
11
Тут — права i правіла
для ўсялякай
людской грамады i ўсялякай
людской сялібы,
каб людзі
якія ўваходзяць у грамаду
i насяляюць сялібу,
дбала
супольнаю згодаю,
вераю
i любоўю
дабро паспалітае памнажалі.
12
Сем вызваленых навук
тут маюць сваё карэнне
i ўвасабленне сваё,
i калі ты хочаш
валодаць граматыкай,
ці, папросту
кажучы, граматай,
каб адмыслова
умець чытаць,
гаварыць
i пісаць,—
спаткаеш
увогуле ў Бібліі ўсёй,
i ў Псалтыры прынамсі,
належныя ўзоры.
13
Калі ты хочаш
спаразумецца ў логіцы,
што навучае
адрозніваць праўду ад крыўды
пры дапамозе
доказаў i развагаў,
тады чытай
кнігу святога Іова
ў Законе Старым,
a ў Законе Новым —
пасланні
святога апостала Паўла.