Выбрать главу
14 Ну a калі надумаешся практыкавацца ў рыторыцы, што інакш называецца красамоўства i вучыць прыгожа i складна перад людзьмі прамаўляць,— чытай Саламонавы кнігі. Разам гэтыя тры навукі — граматыка, логіка i рыторыка — прыналежаць да слоўных навук.
15 Калі ж вабіць душу тваю музыка — ці, інакш, пеўніца, альбо гудзьба — знойдзеш усцяж у кнізе вялікае мноства вершаў натхнёных i песняў святых, якімі усцешаны будзеш.
16 Калі ж у цябе наўме арыфметыка, каб навучыцца хутка i непамыльна лічыць — чытай чацвертую кнігу Майсееву: мае яна адпаведную назву — «Лічбы».
17 Калі даспадобы тваім вачам геаметрыя — ці навука, якая інакш называецца землямер'е,— глядзі кнігу Ісуса Навіна.
18 Калі ж займае твой розум i вабіць твой позірк звяздарства, ці астраномія,— у гэтай кнізе знойдзеш багата сведчанняў i назіранняў: так, на пачатку кнігі Быцця пішацца пра стварэнне сонца, месяца, зорак, a ў кнізе Ісуса Навіна гаворыцца, як стаяла сонца на месцы адным нерухома i не магла настаць ноч.
19 Натрапіш у кнізе Царстваў на роспаведзь, як адступіла сонца па Божым загадзе на колькі ўступцаў назад, a ў Святым Евангеллі знойдзеш звестку пра новую зорку, якая заззяла ярка, калі нарадзіўся наш Збаўца Ісус Хрыстос.
20 Далібог, чытаючы гэтыя звесткі, роспаведзі, назіранні, урэшце, больш дзівавацца мусіш моцы бязмернай Божай, чым навучацца. А гэта ў зборы — сем вызваленых навук, пра якія я скоратку распавёў.
21 Калі ж маеш ахвоту ўведаць пра справы ваярскія i волатаўскія ўчынкі — чытай Макавейскія кнігі i кнігу Суддзяў: у ix адшукаеш выдатнейшае ваярства i справядлівейшае валатоўства, чым нават у «Троі», чым нават у «Александрыі».
22 Калі захочацца распазнаць, што было на зямлі у колішнія часы, якія людзі жылі, што рабілі, што мелі мэтай — чытай кнігі летапісу «Параліпаменон». У ix, пачынаючы ад Адама, самага першага чалавека, i завяршаючы Седэкіяй, апошнім царом Іудзейскім, распавядаецца — род за родам — пра чалавечы шлях.
23 Калі ж ты аматар вучонасці, любіш мудрасць i добрыя норавы паважаеш, вазьмі, разгарні i чытай кнігу Ісуса Сірахава i «Прыпавесці» Саламона.
24 Але перш за ўсё мы, хрысціяне, прагнем справы збавення i ставім навуку Хрыстову вышэй за ўсё іншае, ведаем бо, што ўсе справы i ўсе навукі, якімі багаты свет, немінуча мінаюць разам з уявай свету.
25 Чытайма ж, браты, заўсёды Святое Евангелле i пераймайма, чытаючы, справы нашага Збаўцы Ісуса Хрыста! I гэтак, з яго дапамогай, увойдзем у вечнажывое жыццё i ў Нябеснае Царства, што ўгатавана абранцам Божым.

Як золата пералітоўваецца агнём

1 Святы апостал Іакаў піша ў сваім саборным пасланні: «Бярыце, браты, за прыклад цярплівасці моцнай, нястомнай працы i мудрага вытрывання прарокаў, што прамаўлялі імем Гасподнім. Вы чулі, якія пакуты зазнаў Іоў, i бачылі тую адплату, якую ўрэшце займеў ён ад Госпада,— бо Гасподзь І шчодры, i міласэрны».
2 Апостал Хрыстовы, гэтакім чынам, згадвае чалавека, імя якому Іоў, згадвае годнасць ягоную, святасць i божлівую цярплівасць. Каб вы змаглі пра гэтага чалавека уведаць усё — як ён жыў, што ён меў, што казаў i што думаў, i як да канца заставаўся адданы Богу, i як у канцы яго ўзнагародзіу Бог,— маеце перад вачамі кнігу Іова.