Выбрать главу

"Трэба спяшацца, хутка сцямнее", - нечакана зразумела яна.

Заставалася яшчэ шмат клопату на рэшту гэтага жахлівага дня. Дарута выпрагла каня, прывязала разам з іншымі да дрэва.

Брычка лёгка скацілася ў яміну, парослую абапал густым размаітым кустоўем.

Коні палахліва касілі вачамі на Марухну, пакладзеную ўпоперак сядла аднаго з іх, белая пляма на ілбе якога нагадвала зорку, стрыглі вушамі, але слухаліся. Дарута кіравалася на абрубель4. Там, на паляне, паблізу лукавіны Бярэзіны, яна пахавае Марухну, прачытае над ёй апошнюю малітву. А далей? Дарута ўжо ведала, што будзе рабіць далей.

На небе ледзь бачна праступіў маладзік, калі Дарута сякерай, якую яна дастала з Марухны, выкапала апошнюю сховань незразуметай ёю, заўсёды ціхай, палахлівай, але гэтакай рашучай, адданай і адважнай у ра-шаючую хвіліну жанчыне. Зямля на палянцы каля абрыва была мяккая, сыпучая, сухая, Марухна будзе задаволена. І Дарута зможа прыходзіць да яе штодзень. Яна, уласна кажучы, і не развітвалася, бо таямніца, якая легла паміж імі з апошнімі словамі Марухны, звязала іх мацней ад роднай крыві на гэтай зямлі.

Дарута па зацененым схіле абрыву асцярожна спусцілася да Бярэзіны. Хуткая чорная вада, віравала, прыцягвала, заварожвала. Напэўна, Дарута не рашылася б зайсці ў яе другім разам, але не ў гэтую ноч. Дзяўчына нецярпліва зняла апратку і кінулася ў ваду. Глыбіня пачыналася ад берага і плынь адразу падхапіла, панесла яе. Дарута не супраціўлялася. Над ёй дрыжалі зоркі, а бязважкасць, якую адчувала цела, пакрысе напаўняла лёгкасцю ўсю ейную істоту.

Летам на іхнім шляху часта трапляліся цыганскія табары. Звычайна цыганскія шатры былі раскінутыя на беразе якой ракі. Аднойчы Дарута з Марухнай спынілася адпачыць паблізу нейкага табара. Дарута, як рабіла гэта заўсёды, зайшла па калена ў ваду, астуджаючы натруджаныя дарогай ногі. Ёй падабалася ісці супраць цячэння, адольваючы пругкі націск плыні. Дзяўчынка не заўважыла, як да яе далучылася маленькая цыганачка. Ды і што заўважаць, калі тая проста моўчкі прыладзілася ісці разам з Дарутай. Так дайшлі да лукавіны ракі. Дарута ўжо хацела павярнуць назад, да Марухны, калі нечаканым наскокам маўклівая цыганачка спіхнула яе на глыбіню, што падступалася ў тым месцы да самага берага. Дарута не ўмела плаваць і, спалохана б’ючы рукамі па вадзе, трымалася з усёй сілы. Калі ейная непрыяцелька падплыла, ушчэнт стомленая Дарута, не жадаючы скарацца ёй, вырашыла - лепш на дно. І тут раптам яна зразумела, што гэта не так проста. Вада ўпарта трымала расслабленае цела. Дзяўчынку пачало ўжо зносіць уніз па цячэнні ракі і крыху на сярэдзіну, дзе плынь была мацнейшай, калі побач вынырнула чорная бліскучая галоўка.

- Рабі, як я! - весела загадала непрыяцелька, паказваючы, як рухае рукамі. - Бі нагамі!

Марухна жахліва баялася вады. Яна ніколі і не вучылася плаваць, хоць і правяла палову жыцця разам з братам на ягоным ветразніку. Жанчына бегла берагам следам за Дарутай і галасіла так гучна, што каля ракі сабралася ледзьве не палова табара. Калі Дарута выбралася з плыні да маці, цыганы са ўзбуджа-най гаманой абкружылі яе з маці. Дарута і Марухна з цяжкасцю зразумелі, што іх запрашаюць быць дарагімі гасцямі ў табары і не крыўдаваць на неразумную дзяўчынку. Яны пражылі ў тым табары да канца лета. Даруце дужа спадабалася плаваць. Але яшчэ болей яе захапілі цыганскія коні, дакладней, язда на іх.

Настаўніцай новага занятку Даруты сталася для яе Зема, тая самая дзяўчынка, якая спіхнула яе ў ваду. Пад восень Дарута годна трымалася ў сядле, але часцей за ўсё абедзьве дзяўчынкі не абцяжарвалі сябе клопатам пра конскую вупраж. Трымаючыся за грывы коней ды сціскаючы пяткамі конскія бакі, загарэлыя да чарнаты, яны з гіканнем насіліся па наваколі проста так, бяздумна, ад радасці жыцця, ад асалоды хуткасці, ад гарачыні маладой крыві, выклікаючы ў рэдкіх сустрэчных самыя розныя пачуцці - ад здзіўлення да зайздрасці і страху. Цыганы з разуменнем перасміхаліся між сабой.

Дзякуючы вандроўнаму жыццю Дарута не прывыкала да сваіх сяброў, яна з лёгкасцю развітвалася з імі, ніколі не сумавала па іх і, можа, таму дзеці адразу патраплялі пад уплыў яе незалежнай натуры. Ва ўсякім разе адстойваць сябе ёй давялося толькі некалькі разоў - і тое часцей з мальчукамі, якія сілай, дакладней, у бойцы спрабавалі ўзяць верх над Дарутай. Бойкі звычайна завяршаліся часовым прымірэннем, або гэткім жа часовым сяброўствам. Сяброўства з Земай атрымалася без вяршэнства і на гэты раз Дарута ледзьве стрымлівала слёзы, каб не выказаць сваю разгубленасць пад час развітання з ёй. Дзяўчынкі моўчкі стаялі адна насупраць другой, стараючыся не сустракацца вачамі, калі Зема раптоўна крутанулася і пабегла ў табар…