Выбрать главу

...Дарута выйшла з ракі толькі тады, калі адчула, што ёй зрабілася холадна. Неба пачынала шарэць, калі яна пешшу вярнулася па апратку, пакінутую на беразе. Заставалася прайсці да Каменкі, якая ўпадала непадалёк у Бярэзіну, а там - падняцца па ёй да мядзведжага логава - пячоры, на якую неўспадзеў натрапіла Дарута, калі бегала на Бярэзіну пабачыць першыя караваны купецкіх стругаў, што падымаліся да Свіслачаў…

…Не зважаючы на цвёрдую і, здаецца, адзіную забарону Марухны не хадзіць да княскага замка, Дарута ўсё-ткі не аднойчы любавалася ім, прабіраючыся бездарожжам адна ці з Ходзькам уздоўж Бярэзіны да сутоку. Там, на зліцці наравістай, мажнай прыгажуні Бярэзіны і легкаплыннай Свіслачы, на высокім кургане, ці не тысячу гадоў таму назад насыпаным палоннымі даўнішніх князёў, проста на касцях гэтых палонных, што даўно струхлелі ў высцюдзенай вятрамі зямлі, стаяў волат-замак. Шэсць радоў аканіц-байніц пільна сачылі за нава-коллем. Нягледзячы на велічнасць замка, складзенага з цэглы ўперамешку з валунамі, здавалася, што ён вось-вось усім сваім гмахам зрушыць і падымецца ў неба. Гэтае ўражанне ствараў вятрак, усталяваны на самай макаўцы муроў. Яго шырокія, пакручастыя крылы амаль ніколі не ведалі спакою і сыпалася, сыпалася з-пад жорнаў пахкая хлебная мука. Калі раней багацце замка выклікала зайздрасць і менскага ваяводы, то цяпер у князя, які болей не хадзіў у паходы, апусцела казна. Большасць навакольных земляў хутка перайшла ў маёмасць да польскага графа, які даўно паклаў вока і на сам замак…

…"Не меў князь шчасця загінуць на вайне", - пашкадаваў яго неяк Ходзька, распавядаючы Даруце тое, што пашчасціла яму пабачыць там і пачуць ад людзей.

"Дзе зараз сам той шкадавальнік?" - падумала Дарута. Яна, як тое рабіла тут заўсёды, плюхнула сабе ў твар сцюдзёнай, крынічнай вады Каменкі і атрэсла рукі. Разам з гэтым Даруце здалося, што яна канчаткова атрэсла ўсё, што было з ёй раней. Лёгкі павеў ветру прынёс нечаканы ў гэтай дзікай мясціне, але дужа знаёмы і жаданы пах - пах дыму, да якога прымешвалася ўсё тое, што складае пах жытла. Па другі бок Каменкі, насупраць, у адным са схілаў камяністага пагорку, парослага рэдкалессем і густым кустоўем, знаходзілася пячора, да якой трымала свой шлях Да-рута. Яна прывязала да нейкай лясіны коней і асцярожна перабралася па камянях на другі бок рэчкі.

Адразу бачылася, што былая мядзведжая пячора не пуставала апошнім часам. Подступы да лазу ў яе былі заваленыя вялізнымі камянямі і Даруце давялося караскацца ўгору па схіле, каб зазірнуць за гэтую нечаканую сцяну. Здавалася, што тут абжываліся надоўга. Дарута яшчэ не паспела вырашыць - ісці ёй да людзей, што, як і яна, шукалі схову ў лесе, або адступіцца, як моцны ўдар па галаве зваліў яе з ног.

Зенка, а гэта менавіта ён упільнаваў няпрошанага госця, агледзеўся.

- Здаецца, адзін. І што яму ў гэтакую рань спатрэбілася тут? - незадаволена прамармытаў ён. Але яму здалося, што юнак ведаў, куды ішоў. Чаму тады не падаў сігнал? Зенка не асабліва любіў думаць, таму тут жа вырашыў, што ўсё зрабіў ладам, а там - няхай Войцех разбіраецца. Зенка заўважыў нож, які, трымаючыся на матузку за шыю прышлага юнака, вываліўся з-пад кашулі. Такога нажа ён ніколі не бачыў!

- Вось гэта здабыча! - уголас абрадваўся маладзён, чапляючы нечаканую здабычу сабе на шыю.

Па хуткім часе Зенка ўжо адчыняў плеценыя з лазы, шчыльна прака-напачаныя мохам дзверы, за імі яшчэ адны, адхінаў скураны полаг. Каля агменю ён цяжка скінуў са свае спіны непрытомнае абмяклае цела.

- Хадзіў тут, нібы нешта вышукваў… - патлумачыў Зенка мужчынам, якія, хто неахвотна, а хто з цікавасцю падымаліся з насцілу, зробленага з бярвёнаў, накрытых паверх саломы звярынымі скурамі, мешкавінай, кавалкамі пушніны.

У агмені, абкладзеным каменнем, цьмела шызачырвонае вуголле. Зенка падкінуў палена. Пячора асвяцілася і Дарута, якая на гэтую пару, паціраючы на галаве мокры вялізны гузак, спрабавала стаць на ногі, са здзіўленнем аглядала абкладзеныя бярвёнамі сцены, на якіх вісела размаітая зброя гэтага часу: дзіды, арбалеты, лукі, тулы са стрэламі, шаблі, мячы, мушке-ты… Яна раптам засмялася, настолькі неверагодным здавалася гэта ўсё ў мядзведжым логаве.