Зенка адразу ж заступіў выхад з пячоры. Па мужчынскіх постацях, якія заварушыліся каля сцен, скакалі водбліскі полымя. Барадатыя твары разам павярнуліся ў бок Даруты. Людзі ад дурнаватага смеху Даруты канчаткова прачнуліся і ўважліва сачылі за ёй..
- Ты хто і пашто тут? - запытаўся нізкарослы, паўнацелы мужчына, абмінаючы агмень. Выраз яго твару быў строгі, нават суровы, але цёплыя, лагодныя вочы абяцалі Даруце спакой і спагаду. Яна ўжо хацела мовіць, як уцяміла, што тут апроч гэтага ласкавага чалавека ёсць і іншыя, глуха насцярожаныя да яе, чужака. Хто яны, гэтыя лясныя людзі? Па наваколлі хадзілі чуткі, што недзе пад Сычкавам на езжым шляху абрабавалі паш-товую карэту. І купцы, якія прыйшлі па Бярэзіне ў Свіслачы, сцвярджалі, што ў гэтым краі ёсць мытныя канторы проста на рацэ.
- А ты хто, каб дакладаць табе? - азвалася Дарута.
- Гляньце! Яшчэ і выскаляецца, дрэнь! - падхапіўся нехта зласліва ў цёмным куце логава.
Цяпер ужо зарагаталі мужчыны.
- Што ты чапляешся са сваёй мянушкай да ўсіх? - пакпіў адзін з іх.
- Не бойся, дзіця маё, - працягваў мяккі голас, - добрага чалавека дабром сустрэнем. А благі - сам сябе пакарае. Што прывяло цябе ў гэты час, у гэтае месца?
Дарута ўжо не слухала яго. Яна ўглядалася ў кут, адкуль весела і хітра блішчэлі нібыта знаёмыя вочы. "Войцех!" - ледзь не ўсклікнула яна. Але вочы незразумелым ёй чынам загадалі маўчаць. Дарута адвяла вочы. Ёй не было чаго тут баяцца. Яна сама і расказала Войцеху пра мядзведзя з пячоры, якога выратавала ад магчымай смерці…
…Вясна залетась была хуткая, імклівая. Даруце вельме хацелася ўбачыць першы караван купцоў, які павінен быў прайсці адразу пасля крыгаходу. Гэта перадалося ёй ад Марухны, якая часта вадзіла дзяўчынку сустракаць караваны. Аднойчы Марухна сустрэла знаёмага купца - і болей не хадзіла да ракі. Але Дарута ведала сама дарогу і гэтага было дастаткова. Яна бегала туды без Марухны. І тады, увесну, па дарозе на абрубель яна павярнула да Каменкі, каб накапаць для Марухны карэння валяр’яну, які нагледзела там яшчэ ў грыбную восень. Навокал было вельмі прыгожа - маленькія плямкі-лужкі здаваліся залатымі ад кураслепу, у лясных закутках яшчэ трапляліся пралескі, а на сонечных прагалінах прачыналася кветка-сон. Стаяла вясновая ўрачыстая лясная гамана. Жалобная нотка, якая раптам прагучала на гэтым свяце жыцця, выклікала ў Даруты ледзь не абурэнне. Хто сваёй несувымернай жадобай насмеліўся ісці супраць, скардзіцца на самую багіню вясны Лялю?
Скарга ішла з-пад зямлі. Дарута аблазіла ўвесь пагорак, пакуль зразумела, што вялізны камень, які трымалі на схіле карані старой сасны, абрынуўся разам з векавым дрэвам і заваліў уваход у логава звера. Той, напэўна, здыхаў ад смагі і голаду, бо толькі ціхае сіпенне, якое час ад часу перабівалася слабым стогнам, чулася з маленькай шчылінкі між камянямі. Дарута намачыла ў рэчцы хлеб, які заставаўся ў яе на дарогу і, абдзіраючы руку, прасунула ў шчыліну. Мокры хлеб чмякнуўся недзе побач са зверам, але не было чутна, каб той варухнуўся. Дарута ўзялася за працу. Дзяўчына разабрала завал, падкапала з верхняга краю валун і падсунула пад яго адбітае пры падзенні сасны рала. Спатрэбілася парадкам часу, пакуль яна ўсё-ткі разгайдала камень і скінула яго са схілу.
То быў мядзведзь. Ён ужо не сіпеў, толькі худыя, апалыя, са звалянай поўсцю бакі час ад часу дробна ўздрыгвалі. Распухлы язык не ўмяшчаўся ў пашчы. Не зважаючы на смурод, які ішоў з пячоры і ад мядзведзя, Дарута паспрабавала запіхнуць у ягоную пашчу хлеб, але не змагла. Тады прыгаршчамі і ў роце яна пачала насіць ваду з Каменкі і выплюхваць на мядведжую морду. Напэўна, вада ўсё ж такі дабралася да горла звера, бо сутаргава заторгаўся ягоны язык, засмоктваючы гаючую вільгаць, расплюшчыліся нагноеныя, напаўзацягнутыя плеўкай, маленькія, круглыя вочы. Праз нейкі час Даруце ўдалося скарміць яму яшчэ і некалькі кавалачкаў хлеба.
Наступнага дня Дарута зноў прыбегла да мядзведзя. Звер сустрэў яе варожым сіплым рыкам. Калі дзяўчына загаварыла з ім, мядзведзь прыпадняў пярэднія лапы і смешна асеў, хітаючы галавой то на адзін, то на другі бок. Дарута паклала свой пачастунак за крок перад ім і стала крыху воддаль.Мядзведзь рушыў было ў наступ - не зразумела толькі да хлеба, размочанага ў малацэ з мёдам, ці на дзяўчыну, але без сілы ўпаў і расцягнуўся на жываце.
Дарута не вытрымала.
- Ну, хопіць артачыцца, нябога! - яна па-гаспадарску падышла да звера, паклала ежу перад ягонай мордай. - Еш!