Мядзведзь яшчэ раз паспрабаваў зрабіць варожы выгляд, але абмяк ад упэў-ненасці дзяўчыны, з якой яна запіхнула ў разяўленую пашчу салодкую спажыву.
Той вясной Марухна займалася гаспадаркай адна. Дарута знікала з хаты на зары і вярталася толькі поцемкам. Ёй вельмі хацелася, каб сімпатыя, якую выклікаў у яе лясны асілак, была ўзаемнай. Мядзведзь ужо ведаў, якой сцяжы-най прыходзіць ягоная сяброўка і часам сустракаў яе далёка ад логава, куды не залазіў болей, не зважаючы на тое, як рабіла гэта Дарута. Дзе ён абраў сабе жытло ў наступную зіму, Дарута не ведала…
…- Фр-р-р! - нечаканы выгук, пагардлівы і насмешлівы, пачуўся злева ад Даруты. Дзяўчына хутка азірнулася ў той бок. Пячора там разгаліноўвалася.
- Коні! - здзівілася яна ўслых і ўспомніла пра тых, што пакінула на другім беразе Каменкі. - Прывядзі маіх! Знойдзеш іх за Каменкай! - загадала яна праз плячо Зенку.
Мужчыны прыкметна ажывіліся.
- Паўтары! Ты прывёў коней? - пасур"ёзнеў адразу Войцех. Ён падышоў да дзяўчыны. - Колькі? Чые?
- Тры. Са стайні свіслоцкага пана.
- Прывядзі! - Войцех зірнуў на Зенку, які нецярпліва таптаўся на месцы. З коньмі ў іх было цяжка. Сялянскія не падыходзілі да іхняга ладу жыцця, ды і не забярэш каняку ў такога ж знядоленага, як і самі яны, аратая! Два кані, здабытыя на паштовым тракце - гэта было ўсё, што мелася на восем чалавек.
- У мяне і брычка схаваная ў гушчары! - пахвалілася Дарута, бо ад-чула, што гэтыя людзі ўжо радуюцца ёй.
Мужчыны зарагаталі.
- Давядзецца дарогу насыпаць сюды!
- Ну, зух!
- Можа ты і пана захапіў з сабой? - чулася з усіх бакоў.
- З панам у мяне свае рахункі! - сказала Дарута.
"Даверлівая Дарута, над якой часцяком падсмейвалася іхняя вёска ў трыццаць дымоў, стала на шлях ваяра?" - Войцеху не дужа верылася ў гэта, хаця сіла яе выклікала зусім не смех.
Яны з маткай аселі наводшыбе, у лесе, якраз тады, калі палова вёскі вымерла ад чумы. Марухна казала, што іхнія родзічы загінулі ад той жа пошасці. Цівун быў рады дадатковым рукам, ды яшчэ і за сялібу, у якую ніхто і за грошы не пайшоў бы жыць, бо ўсе ў ёй неўзабаве паміралі ад той ці іншай трасцы, прызначыў падымны падатак, ды талаку.
Працавітая, маўклівая Марухна і прастадушная Дарута спадабаліся вяскоўцам. Ад аседлага жыцця дзяўчынка хутка падрасла, выцягнулася. Неўзабаве ўсе пачалі заўважаць яе не зусім звычайную сілу. Гэтая сіла была не столькі патрэбная ў гаспадарцы, колькі служыла падставай для вясковых баек. Войцех неяк пераказаў ёй, як выскаляюцца мужыкі пра яе.
- Аднойчы Дарута палезла да мужыкоў на млын… - Войцех пільна сачыў за тварам Даруты. - Было такое, Дарута?
- А хто не лазіў на той млын? - шчыра здівілася Дарута.
- Тады слухай далей… Мужыкі мяшкі з мукой цягалі. Яны па два - на адзін мех, а Дарута адна - мех на спіну і нясе. Пабіліся мужыкі аб заклад і ўклалі ёй цішком у мех двухпудовую гіру. Дарута - як і не заўважыла. Млынар тую гіру шукаць, важыць трэба, а гіры няма! Тут усё і выкрылася.
Войцех убачыў, што Дарута ўсміхаецца.
- Ты ведаеш, дзе я пачуў гэтую байку? У Свіслачах на кірмашы!
- Ну і што? - не зразумела Дарута.
- Няўжо табе не крыўдна?
- А што тут крыўднага?
- Не, ты скажы, было гэта ці не было?
- Ну, было.
- Мех з двухпудовай гірай?
- Ды выцягнуў яе Ходзька з меху таго! Пасля зноў засунуў у мех, калі мы аднеслі, вось і пайшла гуляць байка.
- Дык ты з Ходзькам цягала мяхі?
- А то ж!
- А чаму кажуць, што ты адна?
- Дык яны ж знарок!
- Чаму?
- А што ты ўсё ў мяне пытаешся? Запытайся ў Ходзькі.
Хіба магла яна сказаць Войцеху, што мужыкі рабілі выгляд, што забыліся на Ходзьку, бо хацелі раззлаваць маладзёна. Ды і не палез бы Ходзька на той млын, каб не Дарута. І што ён даўся ім! Вольнаму - воля! Падумаеш, ад зямлі - і раптам захацеў конюхам да пана! Дык на гэта яго два гады падбівала Дарута, выхваляючыся цыганскімі скакунамі, на якіх насілася некалі разам з чарнавокай Земай.
- І ты зусім не крыўдуеш?
- Не-а! - шчасліва ўсміхнулася дзяўчына.
- Ну, глядзі!
- А што мне глядзець? Хіба сіла - загана?
- Будуць жаніхі баяцца цябе. Хто ж з табой ажэніцца?
- А ты?
- Ты гэта сур’ёзна?
- Войцех, няўжо і ты баішся мяне?
- Жданка ў мяне, ты ж ведаеш!..
На хвіліну склалася няёмкае маўчанне.