Выбрать главу

- Ты пакрыўдзілася? - зажурыўся Войцех.

- Яшчэ што прыдумаеш…

Дарута проста збегла ад яго тады. Войцех так і не зразумеў - ці то на ім дзяўчына вучылася жартаваць з маладзёнамі, бо апроч яго не засталося тут, напэўна, ніводнага, з кім бы яшчэ падлеткамі яна не пабілася, хутчэй мовіць, не адшкумятала добра, ці то… Войцех не хацеў нават дадумваць сваю думку. У яго ёсць адна любая і другой не будзе ніколі. Ён гэта ведаў дакладна…

…Войцех уважліва паглядзеў на Даруту. Адвага і боль, рашучасць і спа-койная ўпэўненасць, моц і даверлівасць - усё гэта, змяняючы адно другое, адбівалася на твары дзяўчыны. Войцех здагадаўся, што яна перажыла ў апошні час нешта вельмі значнае.

- Вось як? - весела прамовіў Войцех. - Тады мы - браты! А цяпер? Адпачні крыху з дарогі.

На насціле каля сцяны мужчыны заварушыліся, вызваляючы месца Даруце.

3

Дарута прачнулася ад ютрані, якую, стоячы на каленях перад абразом Божай Маці, служыў той лагодны чалавек, які ноччу пачаў яе допыт. Ён адразу нагадаў Даруце святара, але яна не мела часу абдумаць гэта. Астатнія мужчыны шапталі за ім словы малітвы.

"Няўжо тут, у звярыным логаве, прытулку лясных уцекачоў, можа гу-чаць Божае Слова?" - не паверыла Дарута. Яна цішком пакінула насціл. І, хаця Зенка азірнуўся, ніхто не затрымаў яе.

Дарута прабіралася ляснымі сцежкамі да абрубелю, дзе ў магілцы, пад ледзь прыкметным, абкладзеным дзірваном грудком, яна пахавала Марухну. Там жа, пад саменькі дзірван Дарута паклала акрываўленую сякеру і берасцянку з каштоўнай хустай. Ёй патрэбна было ўзважыць усё, што адбылося апошнім часам, перабраць у памяці тое, што яна калі-небудзь чула ад маці і чужых людзей.

"Не маці я… табе… хуста… князь…" - прыгадала дзяўчына апошнія словы Марухны, спрабуючы зразумець, якую таямніцу высільвалася тая выкрыць ёй у апошнія імгненні свайго жыцця.

Дарута не памятала, каб Марухна калі сварылася на яе, або распытвала пра ейныя вандроўкі. Здаецца, проста радавалася ёй, засцерагала ды служыла, як умела. Даруце заўсёды здавалася, што Марухна нібыта пабойваецца сварыцца на яе. Яна іншым разам знарок рабіла так, каб праверыць мяжу матчынай цярплівасці.

"Не маці…" Але ж Дарута не ведала другой маці. І хаця людзі казалі, што ўжо вельмі яны непадобныя, яе гэта ніколькі не засмучала. Надаючы мала ўвагі адносінам з маці, Дарута звычайна менавала яе звычайна па-таварыскі - Марухнай. Толькі яшчэ дзіцём, прачынаючыся на раніцы, Да-рута клікала яе са сну мамай і Марухна ляцела да яе з усіх ног, лашчыла, мілавала. Але спадаў сон і яна зноў рабілася Марухнай.

...Адкуль яны прыйшлі з Марухнай у гэты край, Дарута не ведала. Маці казала, што праз нейкую сваю хваробу не памятае таго. У маці былі застуджаныя ногі, яны часта непакоілі яе, асабліва з халадамі. Напэўна таму Марухна з Дарутай звычайна зімавалі на якім падворку, а не ў дарозе. Спыняліся, як правіла, на заможным двары, куды Марухна часта паступала хатняй настаўніцай граматы і рукадзелля для дзяцей гаспадароў. Зразумела, што Дарута вучылася разам з імі. Марухна была добрай швачкай і, калі патрэбы ў настаўніках не было, зазвычай цэлую зіму абшывала сям’ю гаспадароў. Бялізна і апратка, вырабленыя ёю, не толькі мелі прыстойны, ахайны выгляд, але былі да таго ж аздобленыя карункамі, узорамі, вышыўкай, што яна таксама рабіла па-майстэрску. Дарута спачатку цікавілася ўмельствамі маці і нават пры неабходнасці магла сабе тое-сёе сшыць-вышыць, але доўга сядзець на месцы ў яе не атрымлівалася. Значна болей дзяўчынку вабілі заснежаны лес, заінелыя сады, белыя курганы, абрывістыя пагоркі, заледзянелыя ручаі і рэчкі, нізкія, бухматыя, як бы ўважлівыя, задуменныя зімовыя нябёсы. Велічнае царства прыроды нагадвала ёй казачныя краіны, пра якія іншым разам маляўніча распавядала Марухна.

Яшчэ да першай сваёй сапраўднай школы ў Кіеве Дарута добра лічыла, умела чытаць літары. Вандроўнае жыццё спрыяла разуменню розных гаворак ад габрэйскай да цыганскіх, ужо не кажучы пра польскую. З пісьмом было не так проста. Дарута ніяк не магла замірыцца з драпаннем маленькіх літар на вошчанай дашчэчцы. Яе натура патрабавала размаху. Да таго ж ёй належалі цэлыя прасторы некранутага снегу. Літары на цаліку атрымліваліся жывымі, зіхоткімі, уражлівымі, асабліва, калі вытоптваць іх нагамі. З прыходам цяпла разам са снегам чэзнуў і спакой маці. Колькі б ні прасілі яе гаспадары застацца хаця б яшчэ на які год-другі, затрымаць Марухну было немагчыма, як птушку, што ўвесну ляціць з выраю на радзіму.

Пасля той апошняй размовы з Зарай Марухна пачала клапаціцца, каб Дарута атрымала добрую адукацыю. Дзеля гэтага яны два гады запар пражылі ў Кіеве пры дзявочым Флораўскім манастыры на Падоле. Марухна баялася, што праз свавольства Даруты, дзяўчынцы адмовяць у навучанні. Так бы і сталася, калі аднойчы пад раніцу Дарута без дазволу сышла з манастыра на цэлы дзень. Яна вярнулася з вузельчыкам зёлак, назбіраных для хворай на вушы матухны ігуменні. Даруце вымавілі і папярэдзілі, што ў наступны раз не даруюць падобныя паводзіны. Дзяўчынка нават маці не сказала, што правяла гэты сонечны дзень на Дняпры, праўда, пасля таго ўжо, як пазнаходзіла на лугавінах патрэбныя зёлкі. Неўзабаве настаяцелька падлячыла тымі зёлкамі свае вушы і Дарута зрабілася запатрабаванай асобай у манастыры. Яе тамтэйшае жыццё магло стаць амаль вольным, але Даруце раптоўна спадабалася вучыцца, хаця да ву-чонай жанчыны навакольныя ставіліся насцярожана. Можна было пачуць, што тая, якая чытае, спявае і грае, - наўрад ці будзе дабрачыннай. Дарута не дужа зважала на гэта, а прагнула перамогі над ганарлівымі гарадскімі таварышкамі па вучобе, якія не планавалі зрабіцца манашкамі і не вельмі абцяжарвалі сябе ні тэалогіяй, ні навукамі. Адзіным, ад чаго катэгарычна адмовілася Дарута, было рукадзелле. Зноў жа, дзякуючы здольнасці да лекавання зёлкамі, якія прыносіла Дарута, ёй прабачылі гэтакую вольнасць, але за манастырскую браму выпускалі толькі разам з маладой манашкай, якая вучылася ў Даруты зёлкам. За вучобай дні праляталі імгненна. Чытанне духоўнай літаратуры, пісьмо, логіка, гісторыя, музыка, асновы філасофіі… Гэта былі не сістэматызаваныя веды, проста манашкі дзяліліся тым, чым валодалі самі. Дзякуючы Марухне, якая дапамагала адной з манашак у шыцці адзення для насельніц манастыра, а таксама царкоўных харугваў і богаслужэбных рызаў для кіеўскіх святароў, дзяўчынка атрымала ад гэтай манашкі пачатковыя звесткі па геаметрыі і нават астраноміі, хаця пра астраномію моўлена было не казаць нікому. Па хуткім часе настаўніцы пачалі вылучаць Даруту не толькі за стараннасць, але і за веды. Хаця жылося ім з Марухнай сярод добрых манашак няблага, на трэцім годзе манастырскай жыткі Марухна пачала збірацца ў дарогу. Калі знаходзілася якая школа на месцы іхняй зімоўкі, Дарута абавязкова хадзіла на ўрокі. Часцей ад усяго гэта былі школы пры каталіцкіх касцёлах. І ў любым выпадку Марухна яшчэ сама працягвала навучаць Даруту. Яна проста распавядала што-небудзь з таго, што вывучала раней сама, што чула ад брата, людзей, з якімі зводзіла яе жыццё. Такім чынам Даруце выпала даведацца шмат цікавага з гісторыі зямлі, па якой яны хадзілі, і чаго яна не пачула б у школе. Ёй падабалася ўяўляць сябе то гордай князёўнай Рагнедай, якая не пажадала ісці за сына рабыні, то ейным праўнукам князем-ваўкалакам Усяславам Чарадзеем… Дзяўчынка слухала тыя расповеды маці, нібы казкі на ноч…