…Вось і грудок. Дарута апусцілася на калені.
- Марухна, як надзейна было мне з табой і як пуста цяпер! Даруй мне, што падсмейвалася над тваім клопатам, перасцярогамі, тваёй уважлівай дабрынёй! Даруй, што зрэдзь называла маці, хаця не ведала іншай. Даруй, што не заслужыла ў тваіх вачах даверу на таямніцу, якую табе давялося забраць з сабой і праз якую не маеш там спакою. І што мне рабіць з тым аскалабкам, які ты пакінула ў маім сэрцы? А, можа, не дарма таілася ты да апошняга ўздыху? Хто мне падкажа зараз? Якое гора звяло нашы жыцці? Што шукаць мне ў князя? Чаму ты не жадала гаварыць пра яго, колькі я цябе ні распытвала! Я не ведаю, адкуль прыйшла і куды мне ісці мне, Марухна? - дзяўчына ўпала тварам на траву і нешта яшчэ доўга шаптала, нібыта хацела, каб гэты гарачы шэпт працяў зямлю, што легла на адзіна блізкую ёй жанчыну разам з яе нечаканай, недамоўленай таямніцай жыцця Даруты.
Войцех, які цішком прасачыў шлях дзяўчыны ад логава, бачыў, як яна падняла перад сабой сякеру і паліраваная сталь, што паспытала чалавечай крыві і плоці, злавеснай чырванню бліснула ў ранішніх промнях сонца. Дарута гаварыла з металам. Так размаўляюць з рабом. Так размаўляюць з Богам. Так размаўляюць з братам. Войцех скалануўся. Замова, праклён або клятва, што безаглядна горача і шчыра клаліся на халодную сталь, рабілі яе жывой, разумнай і непераможнай у руках гаспадара. Войцех дачакаўся, калі Дарута загарнула сякеру ў нейкую адзежыну, з асцярожлівай павагай паклала яе на грудок і зноў накрыла дзірваном. Рашучым крокам, знарок наступаючы на сухія галінкі, каб дзяўчына пачула яго і не спалохалася, ён выйшаў на прагал па другі бок паляны. Войцех пабываў ужо ў Шэйпічах. Там ад вернага чалавека ён уведаў не толькі тое, што адбылося з Дарутай, але мог шмат чаго паведаміць і ёй.
- Добрага табе, Дарута! - павітаўся Войцех.