- І табе!
- Забяры, - Войцех перш чым аддаць нож дзяўчыне, палюбаваўся на яго. Ён ведаў гэты нож столькі ж, колькі і Даруту, якая кожную вольную хвіліну бавілася з гэтай штуковінай, не выпускаючы з рук.
- Дзякуй!
- А чаму ўчора не паскардзілася, што Зенка адабраў?
- Сама б забрала сёння ў яго, калі б убачыла, - абыякава засведчыла Дарута. Яе думкі яшчэ не маглі адарвацца ад Марухны, падзей учарашняга дня.
- Давай дамовімся, што ў нашым атрадзе не кожны сам па сабе, а ёсць парадак, - прапанаваў Войцех.
- А што гэта за парадак, каб у мяне нож мой забіраць?
- Дарута, а калі б гэта не ты была, а вораг?
- Прабач, зусім забылася, што тут войска, лічы!
- Таму, як толькі ўзнікне пытанне - адразу да мяне. Пасля, як абвыкнеш-ся, будзеш пачуваць сябе больш вольна, а зараз прызвычайся ўзгадняць са мной свае дзеянні і цалкам жыццё ў атрадзе. Згода?
- Няма куды мне пайсці, Войцех, апроч гэтай мядзведжай пячоры, дзе ты галоўны мядзведзь.
- Галоўнае, каб ты на гэта не забылася…
Нейкі час яны ішлі моўчкі.
- Я быў у Шэйпічах. - Войцех прамовіў гэта ціха, каб празмерна не ўзрушыць дзяўчыну, але тая ажно пабялела з твару.
- Чаго ж ты маўчыш! - усклікнула Дарута.
- Супакойся спачатку. Не ўсё, напэўна, атрымалася так, як ты думаеш.
- Не цягні з мяне жылы, Войцех! Хаця… Марухну ўсё адно не вернеш да жыцця…
- Так, Дарута. Але слухай… Ходзька працаваў з коньмі на грэблі, не чуў, як па цябе прыехалі. Ён прыімчаўся на пажар, калі дах ужо бокам ледзьве ліпеў на кроквах. Ходзька ўскочыў у хатку, баючыся, што ты з маткай там гібееце. Ён паспеў выцягнуць з полымя цівуна ды белага ад страты крыві слугу пана, Тамаша.
- Жывыя? - запыталася Дарута.
- Так, цівун дык зусім, як і не быў у полымі.
- Шчасце ягонае, што цэбар з пойлам на яго выкуліла!
- Вось яно што! А людзі казалі, што, мабыць, моцны вядзьмак, калі агонь яго не бярэ.
- А Тамаш?
- Абгарэў месцамі, але не страшна. Адзіна, што язык свой страціў.
- Як гэта страціў?
- Ну. Няма языка, можа быць, як падаў, адкусіў сам сабе.
Як ні дзіўна, але Дарута абрадвалася. Не таму, што Тамаш застаўся без языка, а што жывы. І цівун кляты няхай жыве.
- Няхай Бог іх судзіць! Я толькі бараніла сябе! - Даруце зрабілася нават крыху лягчэй.
- Дарэчы, цівун сцвярджаў, што гэта вы з Марухнай адрэзалі язык Тамашу і спаліць іх хацелі, каб украсці коней з брычкай. А вось трэцяга абгарэлага чалавека не пазнаў ніхто. Ды і як пазнаць… - Войцех памаўчаў. - Мала што ад яго засталося. Відаць, ён быў важным панам, бо, кажуць, цівун - то маўчаў, то ўздыхаў, то кляў усіх, пагражаючы, што яны ўсе яшчэ атрымаюць за гэта.
- А дзе Ходзька? Ты бачыў яго?!
- Не, Дарута. Ходзьку цівун загадаў запрэгчы каня ў які панарад5 і адвезці іх у маёнтак. Адтуль яго і на раніцу не дачакаліся.
Дарута выслухала ўсё гэта па дарозе да пячоры. Яна ў сваю чаргу рас-сказала Войцеху тое, пра што ён не мог даведацца ад старонніх.
Войцеха не здзівілі вясковыя падзеі. Але тое, што дзяўчына выйшла жывой з такога лупу… было дзівам.
…Войцех быў абавязаны ёй жыццём, якім, папраўдзе, тады ўжо і не вельмі даражыў. Дарута ведала толькі, што тры гады таму назад Войцех, пасля таго, як цівун з дворняй па загадзе пана прымусілі мужыкоў заараць закінуты, яшчэ паганскіх часоў пагост з рэшткамі дамавінаў над пахаваннямі, падпаліў панскі маёнтак. Але няўдала. Палац уратавалі. Згарэла тролькі летняя прыбудова. У той страшны дзень, калі прапала Жданка, Войцех зноў падпаліў маёнтак. На гэты раз яго бачылі і пазналі. Калі б не пячора, пра якую апавяла яму Дарута, знайшлі б Войцеха ў лесе. У гэтую пячору і сабраў ён пакрысе сваё маленькае войска.
Айцец Стахор, пасля таго, як зачынілі ягоную царкву і разагналі вернікаў з абразамі, некалькі гадоў блукаў, шукаючы прытулку. Узімку знясілены і ага-ладалы, з падмерзлымі нагамі святы айцец, як ні дзіўна, сам знайшоў пячору. Войцех заспеў яго якраз у той момант, калі святар схіліўся над казаном, услых вырашаючы вельмі важнае для сябе і веры пытанне.
- Сыну Божы, ты паслаў мне збавенне і хлеб надзённы - або гэта спакуса д’ябла, каб парушыў я запавет твой "не ўкрадзі" і трапіў у пекла? Ты, Чалаве-калюбца, прыгатаваў мне, грэшнаму, салодкі спачын каля цяпла агменю - або гэтае полымя ёсць водбліск таго, што чакае мяне, акаяннага? Падай мне знак, Збавіцель, што гэта Твая Рука прывяла мяне ў гэтае самотнае месца, а не хітрыкі нячысціка. Не дазволь аддаць душу маю, што Табе належыць, да Твайго Святла імкнецца з лапаў цемры паганай. Дай лепш моцы загінуць вартым, угодным Табе!
Войцех асцярожна выйшаў з-за ласінай скуры, якая завешвала тады ўваход у пячору.