- Частуйся, святы айцец! Падзялі са мной, што Бог нам паслаў на дваіх, бо нездарма сягоння ў сіло маё трапілі дзве курапакі. Нездарма на стале маім ляжыць бохан свежага хлеба, а ў дзежцы - мядовая брага. Грэх аднаму спажываць такое багацце. Дык не дай мне ўпасці ў такі грэх, сядай са мной да стала, святы айцец!
Айцец Стахор, не паварочваючыся да Войцеха, узнёс малітву ўдзячнасці, якую закончыў такімі словамі:
- Слава Табе, Госпадзі! Дзякуй табе, шчодрая рука твая! - апошняе несумненна тычылася Войцеха.
Стахор так і застаўся з Войцехам, мяркуючы, што, калі Гасподзь прывёў яго туды, дзе ён мае паству і ёсць патрэба ў ім, то грэх пакідаць іх без Слова Божа-га. Праўда, гэта было ўжо ўвесну, калі да іх далучыліся тры беглыя катаржнікі.
Агей, Сяргушка і Захар’я былі браты - і гэта ўсё, што Войцех ведаў пра іх. Яны спавядаліся айцу Стахору і той наклаў на іх дзіўную епітым’ю: год маўчаць, не спажываць мяса і маліцца - што яны бездакорна выконвалі. Парушаць маўчанне дазвалялася толькі на споведзі. Тады святар і браты знікалі ў лесе. Агей, Сяргушка і Захар’я абзавяліся казой, з якой разам зыходзілі на ранку з пячорнага лагера, даследуючы наваколле.
Усціжане Пратас і Хадор за тыдзень да Зялёных святак дралі ў лесе лыка, калі іх заспелі за крадзяжом ляснічы са сваім братам. Дзецюкі распавядалі гэта жартам. Маўляў, усціжане заўсёды ездзілі ў гэты лес драць лыка. Бывала, што і разам запрагаюць усё цягла, якое ёсць - і едуць. А Піліп, ляснічы, сказаў пану, што лыка дзяруць. Ну, пан і загадаў пільнаваць ноччу. Страшна Піліпу аднаму поначы за такую справу брацца, дык і пачаў прасіць свайго брата Гаўрылу, каб з ім пайшоў. А каго яшчэ прасіць? У Гаўрылы ёсцека і самапалка пішчальная, сапраўдная, ад Міхайлы маскоўскага засталася, як уцякаў з нашых земляў. Але ж Гаўрыла ўпарты, наадрэз адмаўляецца.
- Не, заб’юць нас яны! Яны, усціжане, такія! Ды яшчэ і самапал забяруць!
Піліп упрошвае.
Гаўрыла сядзіць на лаве, то абуе пасталы, то здыме. Але пайшоў пішчалю сваю начыняць.
Як сцямнелася, выправіліся. Піліп наперадзе. Гаўрыла следам за ім з піш-чалькай напагатоў. І тут Піліп убачыў злодзеяў, ды як закрычыць страшным голасам! Гаўрыла следам як пальне, ды не ўтрымаўся на нагах і плюхнуўся долу.
Піліп азірнуўся, а Гаўрыла ўжо ляжыць. Ну ён і вырашыў, што гэта ўсціжане яго забілі. Ад жаху так прыпусціў у вёску бегма, сабака б не здагнаў. Маркоціўся Піліп да ранку дома, не ведаў, што рабіць яму, што бацькам, што жонцы брата казаць. Ды што зробіш…
Прыйшоў да Гаўрыліхі, плача:
- Забілі ўсціжане твайго Гаўрылу.
А Гаўрыла на печы ляжыць, з пастала палец тырчыць, падрыгвае ад смеху…
Гаўрыла тады не толькі жывым вярнуўся, але і цягло6 іхняе разам з лубам забраў. Сорамна было Пратасу з Хадорам перад бацькам, што гаспадарку разбурылі. Так і засталіся ў лесе. А чалавек у лесе, як і звер - чужынца на сваім абшары адразу ўчуе. Неўзабаве і прывёў іх да сябе Войцех. Вясёлыя, кемлівыя браты падабаліся яму. Гэта яны здабылі паштовых коней і скураны мех дынарыяў. Войцех прапанаваў ім пакінуць дынарыі сабе, але Пратас і Хадор пароўну падзялілі сваю здабычу на ўсіх. Толькі айцец Стахор адмовіўся ўзяць грошы - і цяпер ягоная частка ляжала ў Войцеха.
Ісай быў з купцоў, якія праз свае габрэйскае паходжанне і веру паводле за-мірэння Яна Казіміра і Багдана Хмяльніцкага былі пазбаўленыя права не толькі гандляваць, але і жыць у Кіеўскім і іншых ваяводствах чаркасаў. Мала таго, што неаднойчы рабавалі іх на дняпроўскай вадзе, дык і з зямлі сагналі. Ішоў разам з такімі ж выгнаннікамі, як сам, на поўнач, спадзеючыся знайсці прытулак і працу ў літве, дзе бываў раней у свае маладыя гады. Але, здавалася, гвалтам, пагромамі, забойствамі поўніла ўся зямля. Ён стараўся абмінаць любыя селішчы, але часам ад голаду губляў розум і тады ішоў да людзей. Бывала, нехта карміў. Бывала, краў. Бывала, білі. Яго, кудлатага, у лахманах ад адзежы, а дзе-нідзе і скуры, амаль што бяспамятнага, здзічэлага ад страху і доўгага бязлюдства напаткалі айцец Стахор разам з Сяргушкам і Захар’ям.
Яцку-цыгана Войцех адкупіў на тандзеце, калі таго ледзь не забіў гаспадар украдзенага цыганам каня.
Зенка не ведаў змалку ні сваіх бацькоў, ні месца, дзе нарадзіўся. Падлеткам прыйшоў у Свіслачы разам са сляпымі. Жыў пры свіслоцкім князі, але вечна галадаў там і збег ад яго. Быў на пабягушках у пана, але звыклы да волі і востры на язык хутка нажыў сабе ворагаў сярод пыхлівай панскай дворні і розных мясцовых падпанкаў. Зенка сцвярджаў, што бачыў, як Войцех краўся да панскага маёнтку, але не перашкодзіў яму. Гэтаму можна было даць веры. Калі пайшлі чуткі аб лясных разбойніках, Зенка, німала не шкадуючы свайго быцця пры панах, выправіўся шукаць атамана. Войцех тады вяртаўся ў лагер з хлебам, які выпякалі для яго ў Шэйпічах, калі з высокага дуба на ўскрайку абрубеля нехта весела прысвіснуў: