- Войцех!
- Злазь! - загадаў Войцех у гушчу кроны, адкуль паміж босымі пяткамі звешва-лася кудлатая ў ільняных кудзерках галава з блішчастымі нецярплівымі вачыма.
- Не-а! - пачулася адтуль. - У атрад возьмеш?
- Злазь, пагаворым.
- Не-а, абяцай наперад! - У юначым голасе чуўся адчай.
- Хто ты? - запытаўся Войцех, не ведаючы, як сябе паводзіць з нахабнікам.
- Чалавек, - пакрыўджана азваўся Зенка.
- Ну, а калі чалавек - чаму сядзіш, нібы цецярук на суку? - вырашыў пад-смяяцца з яго Войцех.
- Зенкам мянуй, як і ўсе! - юнак стаяў навыцяжку перад Войцехам. На выгляд яму было гадоў шаснаццаць. Шырокатвары, лапавухі, плячысты юнак з блакітным поглядам вачэй, што ажно торгаліся ад напружанасці моманту і жадання спадабацца, спадабаўся Войцеху.
- Адкуль ведаеш мяне? - падзівіўся Войцех.
- Бачыў з крэсівам у маёнтку.
- А што табе ў атрадзе?
- Між паноў не прыжыўся, на зямлі не журыўся, над нівай не гібеў - у самы раз паспеў!..
…Цяпер Дарута ведала ўсіх у атрадзе. Але ці знойдзецца ёй там месца?
Войцех, нібы чытаючы яе думкі, прапанаваў:
- Табе трэба мужчынскае імя, Дарута. Няхай будзеш Міткам, добра? Так лепей для ўсіх.
- Міткам, дык Міткам, - Даруце было ўсё адно.
Учарашні дзень, які разбурыў ранейшае быццё Даруты, здаваўся ёй цяпер далёкім-далёкім, нават несапраўдным праз сваю далеч. "Ну што ж, новае імя - законны чынш, які трэба плаціць лёсу за новае жыццё," - вырашыла Дарута.
Нараўлівая Каменка была той мяжой, якую пераступаў малады, паў-наваты, але грацыёзны Мітка. Апушаныя цёмнымі густымі вейкамі, раскосыя зялёныя вочы дзяўчыны, якая хавалася за гэтым імем, былі такімі цяжкімі і гарачымі, што, здавалася, западалі ў душу Войцеха, прапяка-ючы да дна. Войцех злавіў сябе на думцы, што гатовы служыць Даруце, столькі адчувалася ў ёй жыццёвай моцы, чысціні навароджанай страсці і полымя разняволенага духу. Ён не змог зразумець, адкуль узнікла гэтая думка і апусціў вочы долу. Босыя, па-дзіцячы пухлыя, зусім не сялянскія ногі Даруты з маленькай ступнёй і тонкай шчыкалаткай, лёгка ступалі па мяккай імшанай сцежцы. "Да халадоў патрэбна справіць ёй боты," -падумаў Войцех.
Лагер сустрэў іх навіной.
4
За магутным сталом, стальніцу якога складалі абчасаныя доўгія бярвёны, замацаваныя на зрубе, сабралася маленькае лясное брацтва. Каржакаваты мужчына з выбеленымі скронямі і пасмачкамі сівізны ў барадзе быў у асяродку ўвагі. І не толькі таму, што госць. І не таму, што Пратас і Хадор даводзіліся яму сынамі. Ды і не з таго, што амаль два месяцы, як Даніла застаўся ўдаўцом. Навіна была болей значная і тычылася лёсу, як кожнага з іх, так і грамады ў цэлым. Гэтага чакалі, але навіна ўсё адно прагучала, як нечаканы стрэл гарматы.
Поначы ў Свіслачы ўвайшло маскоўскае войска.
За гэтую ноч горад ператрэсла не горш ад габрэйскіх пагромаў. Войт, каб дагадзіць пану і даняць князя, параіў размясціць царскую залогу на тэрыторыі замчышча. Маўляў, князь, які раней, мабыць, выспавядаў паганства, а цяпер дажывае свой век праваслаўным, не здолее адмовіць братам па веры. А потым, як кароль выганіць войска лапатнікаў, канец і гэтаму здзічэламу, абрыдламу тутэйшай шляхце князю. Кароль, хоць і стараецца паказаць, што аднолькава ставіцца да ўсіх сваіх падданых і нават выдаў указ у абарону іншаверцаў, але ўсё і не зусім так, а здраду кароне, дакладна, не даруе.
Зарана радаваўся войт. Князь замураваўся ў замчышчы, як у каменнай труне, быццам бы, сапраўды, памёр там.
- Ну і папацелі ў гэту ноч пан з падпанкамі, каб дагадзіць новай ула-дзе! - апавядаў Даніла. - Войска разбіла свой лагер на лугавіне, па гэты бок Свіслачы. Царская слабада7 пазбавіла пана значнай часткі пашы. Пан локці кусае.
Дарута азірнулася на нейкі рух за спінай. У логава ціха, нібы крадком, праслізнуў Сяргушка. Яна паспела перахапіць хуткія позіркі, якімі, сяда-ючы да стала каля Агея і Захар’і, абмяняўся ён з айцом Стахорам. Дарута заўважыла, што гэта выклікала некаторае здзіўленне ў Войцеха, хаця ў адрозненне ад яе атаман не тое што галавой не круціў, але і брывом не павёў.