Выбрать главу

- Той, хто любіць, каб перад ім на задніх лапках стаялі, сам і поўзаць гатовы перад больш магутным за сябе. Гэта ўжо закон! - заўважыў Войцех.

- Няхай паны між сабой разбіраюцца, але чым гэта закончыцца для нашых сялянаў? - запытаўся Даніла. - Пан сябе не абрэжа. Прымусіць нас гнуць хрыбціну ўдвая. І што за доля такая! Кармілі нашых паноў, а цяпер яшчэ і маскоўскіх! - Даніла ўдарыў кулаком па стале. - Не бываць гэтаму!

- Ну, мы хрыбціну на іх не гнём і шапку перад імі не ламаем. Хутчэй, наадварот! - запярэчыў Зенка.

- Колькі вас тут? - горка ўсміхнуўся Даніла. - І воля ваша - да пер-шай шыбеніцы. У лес усіх не перацягнеш.

Гэта было праўдай. Усе, нават Зенка, раптам прыціхлі. Кожны ведаў, што свет ім не перарабіць. Так было заўсёды - каралі і іх падданыя, паны і аратаі, генералы і салдаты. Той, хто жадаў жыць уласнай воляй, вымушаны быў ісці ў лес, як яны, збівацца ў атрады гэткіх жа самых няшчасных беглякоў. Казалі, маскоўцы больш за Урал бягуць. Там лясы, што нашыя пушчы некранутыя, і балоты бясконцыя. Аратай сябе не пракорміць, але хто ўмее звера біць - не прападзе, ды і рыба там, кажуць, шго коні ў табунах. Праўда, і значна бліжэй, на востраве Дняпра, ёсць казацкая вольніца, але ж і ў іх атаман. Распавядалі купцы яшчэ пра вольныя землі на далёкім поўдні, каля самага мора, там цэлыя паселішчы ўтварыліся з людзей, якія пакінулі раздзіму ў пошуках ле-пшай долі. Як яны жывуць? Няўжо зусім без прыгону? А цар - дзе? І хто абараняе іх? І хаця дых займала ад уяўлення волі на зямлі, як ад дыхання супраць ветру, але жыццё на чужыне здавалася ім варожым у сваёй незразумеласці. Нават "маўчальнікам" не хацелася зрывацца з наседжанага месца. Ну, хіба што ўжо, калі зусім ніяк. Нарэшце кожны прыйшоў да згоды з самім сабой, дакладней да таго, што прамаўляецца, як "хай будзе, што будзе", мужчынскія твары разняволіліся, цяжкая задуменная адсутнасць перайшла ў некаторую робленую зухаватасць, якая нагадвала выклік лёсу.

Напэўна, адну Даруту не зачапіла заўвага Данілы. Ёй увесь час карцела распытаць старога пра тое, што сталася з князем. "Не маці я… табе… хуста… князь…" - пульсавалі ў галаве словы Марухны.

- Трэба да князя пагоню слаць! - рашыўся Войцех. - На гэтай зямлі спрадвеку разам жылі і бараніліся разам ягоныя і нашыя продкі. Няхай думае, што рабіць? Можа быць, збярэ сваю старую дружыну, тады і ў нас ёсць шанец далучыцца да яе. Будзем прасіць князя.

Усе раптам зразумелі, што гэта можа не толькі ўратаваць іх зараз ад маскоўцаў, але і даць магчымасць наладзіць пад рукой князя нармальнае жыццё ў будучыні, калі, вядома, пашчасціць застацца жывымі.

Зенка, ведаючы ўсе хады-выхады ў замчышчы, адразу ж вызваўся на ганца.

- Войцех! Даручы мне! - усхвалявана выгукнуў ён.

Даруту ажно захлынула жаданне трапіць у княжы замак.

- І мне! - ускочыла яна з-за стала.

Войцех убачыў, якой рашучасцю ўспыхнулі вочы Даруты. Ён ведаў упартасць дзяўчыны. І вырашыў не адказваць на яе выкрык. "Няўжо давядзецца звязаць яе, каб не выпускаць з лагера? - усміхнуўся ён сваім думкам. - Калі ўдасца!"

І тут нечаканую прапанову ўнёс айцец Стахор.

- Я пайду, - спакойна абвясціў ён, як нешта вырашанае.

- Стахор, ты ж нікога і нічога не ведаеш тут, - здзівіўся Войцех.

- Я быў у князя, сын мой.

- Ты? - усклікнулі тут ужо ўсе разам, апроч "маўчальнікаў".

- Я гаварыў з князем у ягоным замку, - цвёрда паўтарыў айцец Стахор.

Мяркуючы па адведзеных некуда на сцены логава позірках, можна было засведчыць, што Агей, Сяргушка і Захар’я пра гэта ведаюць даўно.

- Пра што? - з’едліва пацікавіўся Зенка, самалюбства якога пакутавала. Ён сам сабе пыжыўся, што быў тут адзіным, хто меў калісьці такі гонар.

- Я не даверыў бы табе і тваю таямніцу… сын мой, - лагодна прамовіў да Зенкі айцец Стахор, - а слова споведзі - слова да Бога. Я ж толькі самы нікчэмны яго слуга. Князь ужо, магчыма, пакінуў нас, - сумна дадаў ён.

- Як гэта пакінуў? - не стрывала Дарута.

- Так, - айцец Стахор узняў рукі ўгору.

- І ты маўчаў?! - Дарута памкнулася да святара.

Войцех з цікавасцю сачыў за дзяўчынай. Ён не мог зразумець, што за справа была ў яе да князя, але нецярплівасць і трывога Даруты былі відавочнымі.

- Сын мой, на ўсё воля… - Айцец Стахор нечакана задумаўся, як бы прыслухоўваючыся да самога сябе. І ўсё-ткі Дарута ўбачыла, як Сяргушка злёгку пакланіўся яму. - Так, сын мой… Магчыма і не… - філасофскі вызначыў айцец Стахор, - бо хто б тады адпяваў князя? - Здавалася, ён, і сапраўды, задумаўся над сваім пытаннем.

- Пойдуць Зенка і святар! - загадаў Войцех. - Праводзяць і чакаюць іх… - Войцех абвёў поглядам сваё маленькае войска. Агей, Сяргушка і Захар’я выцягнуліся перад ім у струнку. - Праводзяць Агей, Сяргушка і Захар’я!