…"А, можа, насамрэч, уцячы?.. Калі зараз пабегчы гародам да Рэгулянкі, а там кустамі да лесу - шукай ветру ў полі!" - яна памкнулася зняць з сябе святочны андарак, што прымервала, але перадумала. Усё ж такі ёй хацелася на свае вочы пабачыць тое, што мае адбыцца. Ды і страху перад невядомым не было. Наадварот, гэтае невядомае зманліва слала звілістую, поўную прыгод дарогу. Дарута не тое што любіла дарогу, з дзяцінства яна ўспрымала яе як свой дом, як сваё жыццё.
- Чаго стаіш!? - Марухна ўбегла ў хату з сякерай у руках.
Дарута няспешна прыладзіла на куфар накрыўку.
- Ты што, з лёсам барукацца надумалася? - крыкнула Марухна, кідаючы сякеру за дзверы ў сенцы. Жанчыну ажно калаціла ад узрушання.
Дарута ўважліва глядзела на маці. Яна не памятала, каб тая калі-небудзь крычала на яе.
- Ач-чом-майся! Б-бяжы! - заікаючыся ад перапуду, выгукнула Марухна.
- Ад мядзведзя не бегала! - адпрэчыла Дарута. Але трывога маці пера-далася ёй, працяла, авінула, блытаючы адчуванні, як бывае, калі плывеш па крынічным возеры, дзе цёплая, угрэтая на паверхні вада нечакана змешваецца са сцюдзёным струменем. Дарута здрыганулася.
Марухна пільна сачыла за дзяўчынай. "Нічога ёй не давядзеш, не ўкладзеш у галаву! Ну, рашайся хутчэй! Коннікі вось-вось будуць на падворку. Можна яшчэ схавацца. Рашайся! - крычала ў думках Марухна. - Як жа так? Слава, а не ганьба належыць ёй на гэтай зямлі. I Зара тое ж наваражыла. Як зберагчы яе? Божухна, падкажы, уратуй, утаймуй неразумную!.."
Дарута вагалася. Нешта як хапала яе за ногі, поўзала каля іх, шаптала: "Не думай… Не пашкадуеш… Хіба тут тваё жыццё?.. Едзь! Гэта шанец! Магчыма, адзіны!.."
Даруце раптам здалося, што яна аддаляецца сама ад сябе. "Не! Сама да сябе!" - нечакана ўзнікла старонняя, як бы чужая, думка. Яна адчула, што губляе Марухну, Ходзьку, нават сябе, што ўсё, на чым стаяла раней ейнае жыццё, канчаецца ў гэтае самае імгненне, і рванулася да дзвярэй.
- А-ёй! Кідаецца ў мае абдымкі! - зарагатаў рыжы цівун Халей, ступаючы на парог хаты. - Не спяшайся! Цябе чакае лепшая доля! Ды ты прыбралася, дзеўка! - Халей разгледзеў святочны андарак на Даруце. - Добра! Хоць пан і гідзіцца вашай грубай апраткі, але ўпадабае тваю стараннасць, - каб надаць значнасць сваім словам і стрымаць новы прыступ рогату, Халей узвёў свае вочы ледзьве не на лоб. Здаецца, менавіта ад гэтага ў грудзях Халея зрабілася незнаёма тужліва. Халей здагадваўся, што пан рыхтуе здзек з дзеўкі і яе маткі, якія насмеліліся без дазволу яго, гаспадара гэтых земляў, прасіцца ў двор старога князя. "Хоць яны і вольныя людзі, але ж не ў такой ступені, каб рабіць гэтым прыкрасць пану. Ды і чортава хатка на ўзлеску, хоць і занядбаная праз сваю ліхую славу, на панскай зямлі стаіць", - апраўдваў сябе ў думках цівун. Спалохаўся, схлусіў ён пану, што не самохаць Марухна з дачкой аселі на панскай зямлі. Падабраў іх неяк пад зіму на паштовым шляху, дапытаўся, што ў Свіслачы да князя ідуць, і дзеля пацехі пасяліў тут. Нагаварыў, што ніхто не пусціць іх, простых, брудных вандроўнікаў да таго здзічэлага, звераватага князя. Яшчэ ў скляпенні кінуць, а тое і ў раку на спажыву ракам. А ў гэтую хатку князь нядаўна заязджаў падчас палявання. Вядома заязджаў, але даўно, калі зямля разам з леснічоўкай была яшчэ ягонай. Не адзін год дурыў іх Халей сваімі абяцанкамі. "Дзеўка, вунь, паднялася. А тут, бач, што атрымліваецца! Можа, павярнуць адсюль, пакуль Тамаш не прыйшоў? Скажу, што не заспелі…" - Халей краем вока ўбачыў, што дзяўчына адступіла за гэты час да печы, і яму раптам зрабілася весела ад яе страху, захацелася нават дадаць яго.
- Пан выказаў табе пашану, паслаў брычку, а не так, як Жданку - везлі кулем. Гонар, бач, табе! Не марудзь, дзеўка!
Не ведаючы, што рабіць, Дарута агледзелася і ўбачыла цэбар з пойлам, якое не паспела аднесці карове. Ад разгубленасці яна ледзьве ўтрымала цяжкі цэбар. Пераступаючы нагамі, каб захаваць раўнавагу, Дарута зачапіла нагой стары ўслон з каванымі ножкамі, адна з якіх канчалася вастрыём і чамусьці была завязаная ў вузел. Ён дастаўся ім гэткім разам з хатай і неяк прыжыўся. Марухна даўно менавала кульгавы ўслон бядой за здоль-насць куляцца і пры гэтым рабіць ёй шкоду. Абдзіраючы дзявочае калена, услон перакуліўся і нават задрыжаў. Даруту ажно перакрывіла ад болю.
- Куды! Пастаў на месца! - заступіў ёй дарогу Халей.
- Аднясу пойла карове, - Дарута апусціла вочы. З калена струмень-чыкам цякла кроў.
- Не здохне твая карова! А здохне… - Халей нахіліўся, каб ухапіцца за цэбар.
- Ды каб ты сам здох! - Дарута нечакана для сябе абрынула цэбар з пойлам на ненавісную рудую патыліцу.
Цівун бокам ціха асеў ёй пад ногі.
Марухна, якая гэты час не магла ні думаць, ні слова мовіць, апамяталася, падбегла да вакенца. Два вершнікі з нецярплівасцю паглядаючы на хатку, пакінулі сёдлы. У брычцы, здаецца, нікога не было. Мужчыны былі незнаёмыя.