Выбрать главу

Браты-катаржнікі моўчкі рушылі да коней.

Войцех убачыў Даруту і зразумеў, што яшчэ крыху і яму давядзецца абараняць свой атаманскі аўтарытэт. Дзяўчына, здавалася, страціла галаву праз магчымасць трапіць да князя. Яна ажно торгалася ад нецярпення. У той момант, калі Дарута ўжо ўставала з-за стала, каб заявіць уголас пра сваё жаданне, Войцех рашыўся.

- Мітка, ты казаў, што валодаеш таямніцамі зёлак? - запытаўся ён, каб перашкодзіць дзяўчыне выказацца.

- Так, - здагадалася Дарута.

- Тады давядзецца і табе выправіцца ў паход, - з непадробным шка-даваннем сказаў Войцех. - Магчыма, князю болей да спадобы твае зёлкі, чымся прычасце, - упэўнена дадаў ён.

Ужо добра сцямнела, калі ганцы пакінулі лагер. Пажадана было давідна прабрацца ў замак.

Даруце дастаўся той самы скакун, які нёс Марухну да яе апошняга прытулку. Гэта быў чорны, як смоль, жарабец з белым трохкутнікам, востры вугал якога выцягваўся паміж маленькіх чуйных вушэй.

Святар, пасаджаны ўсёй грамадой ззаду Зенкі, ехаў, аберуч трымаючыся за світку юнака. Айцец Стахор не прыціснуўся да яго і таму складалася ўражанне, што святар кіруе Зенкам, а той у сваю чаргу кабылай.

Каб абмінуць царскую слабаду і пазбегнуць цікаўных вачэй свіслоцкіх гараджанаў, ганцы меліся двойчы ўтаймаваць Бярэзіну. Першая пераправа адбылася непадалёк ад іх лагера, там, дзе перад паваротам Бярэзіна, не змяшчаючыся ў новае вузкае лагво, утварала вялікія пясчаныя мелі. Тут можна было і не злазіць з коней. Другая - мелася адбыцца вышэй ад су-току Бярэзіны і Свіслачы каля старажытнага габрэйскага пагосту. Зенка сцвярджаў, што бачыў там камень, датаваны адна тысяча трохсотым годам. Наўрад ці хто-небудзь можа перашкодзіць ім у месцы, якое і ўдзень людзі без патрэбы не наведваюць. Другая пераправа ў значнай меры залежала ад моцы коней, інакш магутная, вірлівая плынь пагражала падхапіць іх і вынесці да слабады, проста ў рукі маскоўцаў.

Войцех прадбачыў такі выпадак, таму Агей, Сяргушка і Захар’я везлі скруткі пяньковай вяроўкі, прытарочаныя да сёдлаў.

Княскі замак, абліты няпэўным святлом месяца, высіўся на кургане па другі бок ракі, захутанай у нізкі, рэдзенькі туман. Лёгкія подыхі ветру, якому нібыта ўжо не спалася пад раніцу, пагражалі развеяць і гэты не-надзейны шчыт начных ганцоў.

Адзін канец вяроўкі Агей прывязаў да бярозы, якая падступілася ў гэтым месцы да самай вады. З другім канцом, навязаным на руку, пера-праўлялася Дарута.

Чорны жарабец лёгка зайшоў у ваду і, моцна перабіраючы тонкімі нагамі, упэўнена трымаўся ўпоперак плыні. Па хуткім часе мокрая Дарута, якую калаціла ад холаду, надзейна замацавала свой канец вяроўкі да каменя, што зваліўся ў ваду з падмытага на павароце ракі берага, і тройчы торгнула за нацягнутую вяроўку. Гэта быў сігнал да пераправы Зенкі і айца Стахора. Агей, Сяргушка і Захар’я заставаліся па другі бок, вартуючы пераправу.

Ужо можна было разгледзець Зенку. Ён плыў сціскаючы ў руцэ аброць, нібыта цягнучы за сабой каня разам з айцом Стахорам. Дарута не паспела ўсміхнуцца гэтаму, як убачыла, што яе чорны жарабец узбуджана раздзімае свае ноздры. Дзяўчына разгубілася, бо толькі цяпер згадала, што конь са Свіслачаў і, напэўна, пачуў родныя пахі. Яна не паспела спахапіцца, як жарабец наровіста выгнуў шыю і з распушчанай аброццю ўпэўнена паімчаў да горада, кіруючыся, напэўна, да сваёй стайні.

- Белазор! - нечакана выгукнула Дарута ўслед каню, даючы яму імя. Конь запаволіў бег і ў нерашучасці спыніўся, заторгаў вушамі. - Ідзі сюды, ідзі да мяне, Белазор! - ціха паклікала яна.

Конь, здаецца, выбіраў - і не спяшаўся з выбарам. Дарута прысела на кукішкі, развяла ў бакі раскрытыя далоні і адчула, што вочы яе робяцца безданню, з якой падымаецца, разгінаючы агністыя кольцы спіралі, белая светлавая змяя. І гэтая змяя шаптала:

- Памажы мне, Белазор! Заклінаю крывёй Марухны, якая сцякала па тваіх баках! Заклінаю тваім конскім богам! Мне служы, Белазор! - Дарута паволі ўставала, не спускаючы вачэй з каня.

Айцу Стахору і Зенку, якія на гэты час з трывогай сачылі за незвычай-ным паядынкам, здалося на момант, што конь знік у дзівосным светлавым кольчатым кумчаку, што працягнуўся ад Міткі. Святар жагнуўся, бязгучна прамаўляючы словы нейкай малітвы. Але ўсё ўжо скончылася. Жарабец перабіраючы нагамі, нібыта песцячыся, бокам падышоў да Міткі і нават ласкава пацёрся пысай аб ягонае плячо. Зенка баяўся сустрэцца вачамі з тым, каго зусім нядаўна з цяжкасцю прыцягнуў на сваіх плячах у лагер.

- Сын мой, - прашаптаў айцец Стахор, падступаючыся да Даруты. -Хто даў табе такую ўладу? Пакайся, сын мой!

- Зямля, неба, вада, паветра, агонь, - пачала Дарута, але ўбачыла, як цяжэе погляд айца Стахора і перадумала. - Вера, айцец! - Яна прывязала аброць да канца вяроўкі, падвяла каня да вады і ласкава падштурхнула. - Ідзі на той бок, Белазор! Чакай мяне там!