Айцец Стахор перахрысціў спіну Міткі сваім крыжам, якім не аднойчы выганяў нячысцікаў са сваёй былой паствы і калі той нават не азірнуўся на гэта, святар уздыхнуў і супакоіўся - ён верыў у свой крыж. А не верыць у зямлю, неба, паветра і агонь ён таксама не мог, бо, што ў іх верыць -вунь яны! Але ж усё - з ласкі Божай!..
Пакуль айцец Стахор разважаў сам з сабой, Агей і яго браты перанялі Белазора на другім баку Бярэзіны.
Дарута нецярпліва торгнулася:
- Пайшлі!
Берагам ракі, парослым бярозамі і вербалозам яны хутка дайшлі да замкавага кургана, абкружанага з гэтага боку радамі завостраных дубовых бярвёнаў, якія надзейна мацавалі курган, не даючы рацэ пад час вясновага разводдзя падмываць яго.
- Давай, Зенка! Вядзі! - прашаптала Дарута.
Заўсёды блазлівы юнак злёгку ўздрыгнуў і моўчкі рушыў да вострых бярвёнаў, што заступалі дарогу. Аднолькавыя на выгляд, яны былі добрыя знаёмыя Зенку. Ён упэўнена штурхнуў адно з іх. Бервяно нібыта зварух-нулася, але не падалося.
- Іржа! - ахнуў Зенка, у абавязкі якога калісьці ўваходзіла дапамога старому наглядчыку патаемнай механікі княжага замчышча.
- Дай! - Дарута плячом навалілася на бервяно.
- Ніжэй бяры, - падказаў Зенка, становячыся побач.
І праўда, бервяно з’ехала ўбок, адкрываючы невялічкі праход над рудымі ад іржы палазамі. Зенка юркнуў у гэты праход і нечакана праваліўся пад зямлю разам з пляцоўкай зубчастых бярвёнаў.
- Ідзіце сюды! - з лазу высунуліся рогі драўляных крокваў.
Дарута і айцец Стахор па чарзе спусціліся па кроквах у цёмную каменную клетку.
- Адступіцеся да сцяны! - загадаў Зенка. Гэта было ягонае імгненне.
Тут жа пляцоўка з бярвення ўзляцела ўгору, шчыльна перакрываючы адзіную крыніцу святла. Даруце зрабілася страшнавата ў каменным палоне, асабліва калі з-пад рукі яе, якой яна абаперлася на сцяну, папоўз камень.
Зенка вёў іх некуды ўверх па прыступках, якія Дарута і святар намац-валі нагамі. Неўзабаве яны апынуліся на роўнай каменнай пляцоўцы. Зноў Зенка паштукаваў з камянямі і перад ім адкрыўся доўгі, вузкі праход, асветлены знадворку за кошт маленькіх байніц, раскіданых па левы бок.
У калідоры гуляў знаёмы рачны вецер, які прыносіў з берагоў Бярэзіны і Свіслачы пах рыбы, хвоі, туману. Можа таму на нейкі момант Даруце здалося, што яна ўжо была тут. Яна міжволі затрымалася на апошняй прыступцы. "Глупства! - адмахнулася Дарута ад свайго адчування. - Ніколі не ступала на каменны дол гэтых муроў! Нават у сне! Хаця… Не, якраз адзін такі сон быў! - раптам згадала яна. - Так. Але тады святло падала па правы бок і байніцы мільгалі вельмі хутка, нават хутчэй, чым цяпер!"
…Маленькія пухлыя рукі дзяўчынкі моцна трымаліся за шыю мужчыны з тонкімі чорнымі вусамі. Галава мужчыны і частка твару хаваліся пад высокім шаломам. А скрозь мяккую срэбраную кальчугу дзяўчынка чула моцныя, роўныя ўдары сэрца. Побач, каля сцяны асветленай байніцамі, подбегам ішла свет-лавалосая, станістая жанчына, на плячах якой срэбрам і золатам успыхвала ў сонечных промнях зеленавата-блакітная накідка, абсыпаная жамчужнымі рамонкамі. Гэтая накідка з закругленымі канцамі нагадвала рамонкавую паля-ну, дзе кветкі разам павярнулі свае галоўкі да ранішняга сонца. Празрыстыя ў бакавым святле байніц зялёныя вочы прыгажуні амаль не адрываліся ад мужчыны з дзяўчынкай. Рачны вецер, час ад часу забіраўся пад рамонкавую накідку і раздзімаў яе, што крылы за плячамі жанчыны. У нейкі момант яна ўскінула руку, каб прытрымаць сваю накідку і сонечны бляск каменьчыка ў пярсцёнку на сярэднім пальцы асляпіў дзяўчынку. Жанчына заўважыла гэта і наблізілася. Яе вочы выпраменьвалі такую пяшчоту, трывогу, любоў і покліч, што дзяўчынка не вытрымала, ірванулася да яе…
- Ма-а-ма! - нечакана ўголас закрычала Дарута. Ад свайго няўцямнага крыку яна спатыкнулася і, нязграбна куляючыся, паляцела ў цёмную каменную яміну са сцертымі ад часу краямі прыступак.
5
Ноч была навальнічная. У лагеры ніхто не клаўся. Чакалі ганцоў. Бавілі час за байкамі, успамінамі.
…У Данілы было чатыры сыны. Калі два ажаніліся, Даніла аддзяліў іх на ўласную гасподу. Жыў ён раней заможна. І сыноў змалку прывучаў да сялянскай працы. Бо як інакш? Калі мужчына нічога не ўмее рабіць - ні страху паправіць, ні малаціць, ні кош сплесці, ні каня дагледзець - якая ў яго можа быць гаспадарка? Зайздросцілі Данілу вяскоўцы. Ну, ад замож-нага жыцця каму не весела на душы? І пачаў Даніла жарты рабіць. Днём з сынамі добра высплюцца, а светлая ноч - ідуць малаціць. Наступны дзень - носяць. Вяскоўцы дзівяцца: