Выбрать главу

- Калі ты паспеў, Даніла?

Даніла толькі рукамі развядзе:

- Дык хіба ж гэта я?

Рашылі ўсціжане падпільнаваць Данілу. А ён, як ішоў да току, угледзеў гэта і крычыць:

- Ну, глядзіце, чэрці, каб не так як учора - адзін пралёт змалацілі! Тады вам будзе латушка мёду! А ў гумно я сам перанясу!

І пайшоў дахаты. Павячэраў. Як месяц устаў, малаціў усю ноч. А раніцай крычыць на падворку:

- Баба! Нясі чарцям латушку мёду! Змалацілі ўжо!

Супакоіліся тады ўсціжане:

- Чаму б не жыць Данілу, калі ў яго чэрці ў памагатых!..

Войцех слухаў гэта ў паўвуха. Самым жаданым для яго было б пачуць тупат коней. Мужчыны бачылі, што Войцех трывожыцца і, каб падняць яму настрой, прыгадвалі адну смешную згадку за другой.

…Жыла на Ўсціжы дзеўка-векавуха. Даўно б ёй час дзяцей нарадзіць, ды і час той мінуўся, а ніхто вока не кладзе. Непрыгожая была - нос дужа доўгі. А праз гэтае - злая, як той сабака на ланцугу. Перасварылася з усімі бабамі. Так яе і клікалі ўжо - Гора Бабіна. Вырашылі неяк за медавухай мужчыны ўратаваць сваіх баб. Пусцілі па кругу шапку - ёй на пасаг. Знайшоўся на яго жаніх з Таценкі. Селі. П’юць. І раптам жаніх пытаецца:

- Зірнуць бы на нявехну!

Спалохаліся мужыкі. Параіліся, ну, і грошы - на абрус:

- Глядзі!

Так і запілі маладую…

- А ты ведаеш, як у Вязычыне бровар будавалі? - паспрабаваў уцяг-нуць Войцеха ў размову Даніла?

Войцех толькі галавой крутнуў. Паміж ударамі перуна яму здалося… Не, гэта, сапраўды, коні! Войцех нырнуў у лаз, праз які адразу апынуўся на вяршыні кургана.

У мокрым старым, што вёў натарочаных коней, Войцех пазнаў дзеда Мікулу - свайго вернага чалавека з Шэйпічаў. Ён адмахнуўся ад нядо-брага прадчування.

Пакуль Ісай і Даніла з сынамі цягалі мяхі, дзед Мікула паведаміў, што ўдзень вёску абрабавалі маскавіты - разабралі бурт з хлебам. Гэта быў агульны запас зерня на ўсе выпадкі жыцця. З тым запасам яны не трашыліся ні засухі, ні мокрадзі, ні агню. Так рабілі тут спрадвеку. Зерня хапіла б вяскоўцам не толькі есці, але і засяваць палі на некалькі гадоў. Да таго ж у гумне Мікулы стаяла паштовая карэта, захопленая людзьмі Войцеха, і ён, баючыся, што яе раптам знойдуць, падпаліў увечары ўласнае гумно разам з зімовым запасам зерня і крупаў. Мяхі, якія Мікула прывёз у лагер - уласна, усё, што маглі павезці коні.

- Калі ты не супраць, у наступную ноч нашы звязуць сюды сваё дабро, - мовіў Мікула.

- Абмяркуем, дзед Мікула, - адказаў Войцех, уяўляючы ўва што можа пераўтварыцца іхні схоў. - Ноччу буду ў вёсцы.

На дасвецці, калі навальніца даўно адышла на захад, вярнуліся ганцы. Сярод іх не ставала Даруты.

Хворы князь даваў зброю, але на чале паўстання стаць не мог.

А Мітка?..

Чаго тут толькі не верзлі Зенка і святар!

- Ваўкалака! - запэўніваў Зенка. - Немаведама чаго як закрычыць страшэзным голасам "А-ама-а-а-ма!" А пасля як бразнецца вобзем - і ў дзеўку пераўтварыўся. Айцец Стахор - паслухаць - ці сэрца б’ецца, а яно - дзеўка! Далібог, дзеўка!

- Ведзьма? - з сумненнем у голасе і страхам у вачах пытаўся ва ўсіх айцец Стахор, згадваючы яшчэ і нагоду з канем і светлавым змеем. -Дарэчы, конь той вырваўся ад іх, калі яны вярталіся ў лагер і наўскач - без конніка! - паімчаў назад у Свіслачы. Мабыць да яе! Прываражыла! - цяпер амаль упэўнена зазначыў святар і перахрысціўся.

Мітку - ці як цяпер клікаць ведзьму? - яны пакінулі ў замку на догляд дзвюх жанчын, адна з якіх падалася ім…

- Не ў сабе, - паспяшыў вызначыць святар, пакуль Зенка вылупліваў вочы і круціў пальцам каля скроні.

Войцех у душы пасмейваўся над іх расповедам і страхам. Ну, што ж, калі адкрылася, што Мітка дзяўчына, дык і лепей ёй цяпер пабыць воддаль, а там - будзе бачна! Яго чамусьці зацікавіла згадка пра другую.

- А што гэтая … не ў сабе? Што яна робіць у князя. Я не чуў, каб там жыла такая.

- А… нічога! Уцеха Князева - кажуць пра яе дворныя. Яшчэ кажуць, што знайшлі яе ў лесе, прывязанай да асіны. Хацелі да войта весці. А пасля пабаяліся, бо як растлумачыць, што княскія людзі ў панскім лесе рабілі? Ды хто слухаць будзе? Кінуць у астрог і ўсё тут. Вось і прыцягнулі яе ў замчышча. А тут сам князь! Дзеўка без памяці была і раптам вочы расплюшчыла, нешта лапоча весела…

- Дык яна маладая?

- Ну, кажу ж, дзеўка!

- А што далей? - Войцех пашкадаваў, што перапыніў Зенку.

- Далей?.. Нічога, - Зенка страціў свой запал. Гэтая дзеўка не цікавіла яго. - Прыхамаць князя! Пакінуў у замку. Наняў жанчыну, каб даглядала яе. І гэта князь! Цень ад былога, а не князь! З тае пары, як знікла кудысьці, кажуць, яго жонка - ніводнай жанчыне не было месца ў яго пакоях А тут ласкавы нейкі да гэтай блажэннай… Цьфу! - не вытрымаў Зенка.