- Яшчэ і дачкой да таго ж кліча! Князёўна на галаву нашу знайшлася!
- Сын мой, князь робіць добрую справу, што ўзяў на сябе клопат пра божага чалавека, - умяшаўся ў размову айцец Стахор.
- А я - хто па-твойму?
Войцех не вытрымаў, засмяяўся, бо гэты хлопец, відавочна, раўнаваў убогую да сваёй былой прыдворнай жыткі.
Зенка зразумеў, што гамонка пайшла не ў зручны яму бок і перавёў усё на жарт.
- З галавой парадак - раз! - Зенка загнуў адзін палец. - Нікому не слуга - два! Сам сабе князь - тры! І чхаў на ўсё з гары!
- Ну, пра "чхаў", дык дарма ты гэта, - перапыніў агульны смех Вой-цех. - Хоць мы і лясныя князі, ды без людзей лясным зверам зробімся.
- Лясныя князі, кажаш? Вось гэта па мне? - усклікнуў ганарліва Зенка. - Але што за князі без дворні? Дзе ж нашыя падданыя? - занепакоіўся ўсур’ёз хлопец.
- Паны! - азваўся Даніла.
- І падпанкі розныя! - падтрымалі яго сыны.
- І мытнікі, - няўпэўнена прашаптаў Ісай.
Дзед Мікула, пераводзячы позірк з аднаго прамоўцы на другога, недаверліва ківаў галавой. Бач ты іх! Ускладалі спадзяванні на Багдана з Галотай! Дзе яны зараз? Галоту зямля паглынула. Багдан маскве служыць
- Вось ужо хто ваўкалака! Душыць цяпер сваіх, п’е кроў родную…
Увечары ў лагеры заставаліся толькі Стахор і Зенка. Атрад на чале з Войцехам прабіраўся глухімі ляснымі сцежкамі ў Шэйпічы. Задача была не натыкнуцца на які чужынскі патруль і выйсці ў тыл вёскі да спаленага бурта.
Ваколіцы Шэйпічаў пахлі спаленым хлебам. Гэта быў пах голаду.
Капой, скліканай у Мікулавай хаце, вырашылі хаваць сваё дабро -лепшую адзежыну, посуд, хлеб - у зямлю, як рабілі даўней тут дзяды іхнія, на выпадак татарскіх набегаў. Ніхто яшчэ не мог узяць у толк, як новая ўлада паладзіць са старой, і чым гэта адгукнецца на іхнім жыцці. Мяркуючы па тым, як завіхаўся каля маскавітаў цівун, ды войт наклаў цяпер царскую стацыю8 на агнішчан - чакаць добрага не выпадала. Яшчэ добра, што дзякуючы навальніцы, пажар, які знішчыў дабро Мікулы разам з клятай карэтай, прыпісалі навальніцы. Жалеззе ад карэты расцягнулі па сваіх падворках вяскоўцы.
Казалі тут і пра тое, што ў Свіслачах апроч станавога і прыстава ды іншых новых уладаў з’явіўся нейкі царскі камісар, якога народ тут жа ахрысціў чорным камісарам - не толькі за ягоную чорную апратку, але і за тое, што ён умешваўся ў кожную тамтэйшую справу. Слова чорнага камісара было апошнім. Усе свае слухаліся яго, а панства непакоілася і дужа баялася. Дайшла да Шэйпічаў і чутка, што напрыканцы месяца мясцовая шляхта ладзіць баль у гонар новых уладаў.
Яшчэ не світала, калі атрад падыходзіў да свайго лагера.
ЧАСТКА ІІ
У ПАЛОНЕ СУТАРЭННЯЎ
1
Дарута прачнулася ад дзіўнага шчабятання. Здавалася, што гэтае шчабятанне ўтвараў чалавечы голас, але яна не змагла разабраць ніводнага слова. У галаве нешта стагнала, скавытала, падсвіствала, нібыта вецер гуў у падстрэшшы. Дарута хацела прыпадняцца, але нават не паспела, як нешта варам разлілося ў галаве, і дзяўчына абмякла. Праз нейкі час яна зноў апрытомнела і паспрабавала хаця б расплюшчыць вочы. Гэта было балюча, але тое, што ўбачыла Дарута, прымусіла яе нават крыху прыўзняцца на ложку.
Каля акна скляпеністага пакоя стаяла напаўпаварота амаль празрыстая дзявочая постаць у строі колеру вясновай кіпені бэзу з язмінам, доўгія белыя валасы вольна клаліся на плечы, спадаючы з іх над згінастым станам.
Дарута заплюшчыла вочы. Яна ўспомніла сваё падзенне ў пашчу каменнай яміны з прыступкамі і зразумела, што апынулася ўжо на другім свеце. "Няўжо анёлы бываюць такімі? - здзівілася Дарута. Яна не дужа задумвалася, якімі бываюць анёлы, але ўсё ж такі ўяўляла іх крыху інакшымі. - Але тады і Марухна павінна быць тут!" - Апошняя думка так ускалыхнула дзяўчыну, што яна зноў прыўзнялася на ложку, каб агледзецца.
Марухны не было бачна. Дарута не зводзіла вачэй з анёльскай постаці, якая раптам напаўпаварота нахілілася, каб нешта падняць за падлогі. Белыя валасы яе ўпалі, закрываючы твар, а глыбокі выраз сукенкі неўспадзеў выкрыў слабыя маленькія грудзі.
"Не. Дзяўчына ўсё-ткі!" - з палёгкай вырашыла Дарута. Яна зусім не ведала, як трэба паводзіць сябе з анёламі.
Дзяўчына ў вясновым строі выпрасталася, трымаючы ў танюткай руцэ белую стужку і раптоўна зашчабятала нешта стужцы.
Дарута страсянула галавой, баючыся, што гэта ўсё-ткі жарты Мары, за якія жорстка расплочваюцца людзі. Востры боль апёк скронь. Дзяўчына, сціскаючы штомоцы зубы, трывала яго, каб толькі зноў не страціць прытомнасць. Цела пакрылася лёгкім потам, але боль адступіўся.
- Эй, - ціха паклікала Дарута дзяўчыну.