Незнаёмка, як бы нехаця павярнула свой твар, перапыніла шчабятанне.
У наступнае імгненне Дарута з усяе сілы памкнулася з ложка і тут жа звалілася на падлогу, прыбраную мяккім блакітным дываном.
- Жданка, - прашаптала яна, высільваючыся стаць на ногі.
Што было далей - ява, сон, трызненне, Дарута не магла зразумець. Яна была маленькай дзяўчынкай, якая коўзалася па гэтым блакітным дывану і чыесьці клапатлівыя рукі, не даючы ёй выпаўзці за ягоныя межы на каменную падлогу, мякка і настойліва вярталі яе да сярэдзіны пакоя. Нехта браў яе, ужо дзяўчыну цяпер, на рукі і клаў на ложак.
- Жданка, - часам жаласліва клікала яна. - А чаму не прыйшла Марухна? Пабудзь са мной. Дзе ты?..
…Яна зноў поўзала па блакітным дыване, куляючыся на ім, спрабуючы абхітрыць клапатлівыя рукі. Ёй давалі нешта піць - то невыносна брыдкае, то незнаёма смачнае. Калі яна была маленькай дзяўчынкай, то біла ручкамі па шклянцы, адпіхваючы яе ад сябе на выпадак брыдкага пітва. Калі яна была той, якой апошняй памятала сябе, у яе не было ніякай моцы ні адхінуць ад сябе конаўку з незразумелым пітвом, ні нават проста падняць руку. Некалькі разоў яна зноў чула ўжо знаёмае шчабятанне, але цяпер ніяк не магла ўспомніць імя той дзяўчыны…
Колькі прайшло так часу, Дарута не ведала. Аднойчы яна прачнулася. Галава была нечакана лёгкай. Дарута адразу паспрабавала сесці на ложку. Перад вачамі паплыў, закруціўся знаёмы ёй пакой з вялікім празрыстым акном, пабітым на белыя плямкі святла, і блакітным дываном. Калі яна здолела засяродзіць свой позірк на адной кропцы, адразу паспрабавала ўважліва агледзецца. Гэта не дужа атрымлівалася і Дарута наважылася стаць на ногі, упэўненая, што болей не дазволіць сабе ўпасці. Каб здзейсніць апошняе, давялося зноў апусціцца на ложак. Але імгнення, якое яна прастаяла на нагах, хапіла, каб убачыць велічны суток Свіслачы з Бярэзінай, вярнуць памяць і ўсвядоміць сябе на гэтым свеце
"Жывая! У замку самога князя!" - Дарута апусцілася на ложак, прылег-ла, каб сцішыць празмернае біццё сэрца.
Ранішняе сонца стала ў небе насупраць акна, якое складалася з пласцінак слюды ў свінцовых пераплётах. Промні, быццам чакалі гэтага моманту ўсё сваё жыццё, уварваліся ў пакой, асляпляючы Даруту, забіраючыся праз вочы ў самыя патаемныя куткі душы. Але не было ў гэтых кутках такога, чаго б яна баялася зараз.
- Жданка! - шчасліва прашаптала яна, калі дзверы адчыніліся і ў пакой увайшла тая, якую яна гукала нават у сваім цяжкім забыцці.
Так. Цяпер Дарута не сумнявалася. Гэта была Жданка. Самае незямное стварэнне, якое бачылі калі тутэйшыя жыхары. Жданка, якую прама з возу па дарозе з царквы перахапілі служкі пана. Жданка, якую даўно аплакалі вяскоўцы. Мілая суперніца!..
…Дарута не магла дужацца з ёй за Войцеха, але вырашыла адстаяць сваё права на Ходзьку, бо той, што смала, заліпаў на Жданку вачыма, часам зася-роджваючы свой погляд і на другіх дзяўчатах. Дарута раптам падумала, што Ходзька ўвайшоў у пару, калі маладзёны звычайна прыглядаюць сабе нявесту. Яна не толькі не кахала Ходзьку, але і не думала нават пра ўсялякія пачуцці да яго. Дык што з таго? Губляць задарма адзінага вернага сябра? Яна і не збіралася кахацца з ім. Часам Даруце рабілася нават смешна, калі яна ўпотай сачыла за ім, углядалася, шукаючы хоць якой прывабнасці. Ходзька не раз лавіў яе за гэтым заняткам і заўсёды бянтэжыўся. Ён не вельмі давяраў нечаканай увазе Даруты да сваёй асобы, але неяк у лесе, куды яны выбраліся за галінкамі на Зелянцы, насмеліўся і прыабняў яе. Не на жарт агаломшаная адчуваннем, якое выклікалі ў яе нецярплівыя, гарачыя, нечакана пяшчотныя рукі і вусны сябра, дзяўчына знянацку пагадзілася каб той прасіў у пана дазволу на шлюб з ёй. Ужо наступнага дня Дарута не ведала, як сказаць Ходзьку, што гэта няпраўда, што ў яе проста закруцілася ў галаве і яна не разумела тады, што прамармытала яму, карацей - атрымалася поўнае глупства. З таго вечара Дарута не тое што абдымацца, але і дакрануцца б да сябе не дазволіла. Яна не рашалася пакрыўдзіць сябра, але Ходзька ніякіх захадаў на абдымкі не паўтараў і Дарута была ўпэўненая, што ейны сябра даўно выкінуў з галавы дурную прыгоду з пацалункам. Вядома, што Дарута і не падумала казаць маці пра той выпадак у лесе. Так мінулася лета, надышла восень…
...Далей Дарута не адважылася ўспамінаць.
"Але Жданка! Не пазнае? Няўжо я так змянілася? Не можа быць, каб не пазнала! Вунь, сама, што цень выцвілы, а я адразу пазнала яе! Ды хоць бы зірнула на мяне! Туляецца, туляецца… Чаго яна?.. Але як Жданка трапіла сюды? І што яна робіць тут, у замку?" - думала Дарута, назіраючы за дзяўчынай, якая гуляла па пакоі, нібыта ў голым полі, зусім не зважаючы на сваю былую сяброўку.