"Божухна! Я ж - Мітка!" - раптам успомніла Дарута.
Яе падман, несумненна, быў раскрыты. Доўгая кашуля на голым целе яскрава сведчыла пра гэта. Дзяўчына расплакалася. Лясная сям’я, што прыняла яе да свайго агменю - ці не адвернецца, ці даруе гэты падман?
- Жданка! - гукнула Дарута.
Жданка лёгка падбегла да ложку, нахілілася над Дарутай, нешта журботна і ласкава прашчабятала.
- Як добра, што ты жывая! А Войцех не ведае, гаротны! - Дарута паспрабавала абняць дарагую сяброўку.
Жданка лёгка ўхілілася ад абдоймаў, але засталася на месцы. Яе погляд прабягаў па Даруце, па сценах, абцягнутых жоўтай парчой з тканымі золатам райскімі птушкамі, зноў па Даруце, па блакітнаму дывану, зноў па сценах, не спыняючыся, не затрымліваючыся ні на адзін момант і ні на чым. Здавалася, яна не чула, што ёй гавораць.
- Жданка! - скаланула дзяўчыну Дарута.
І раптам Жданка пачула. Яна імгненна адхінулася, адбегла да сцяны. Вочы яе і рот зрабіліся круглымі ад жаху. Здавалася, яна зараз закрычыць.
Даруце зрабілася не па сабе.
- Жданка, не бойся, гэта ж я, Дарута, - ціха паклікала яна.
Але Жданка прыціснулася спінай да сцяны і, не адводзячы свайго страшнага погляду, слізганула паўз сцяну да дзвярэй.
Праз хвіліну ў пакой увайшла высокая, ахайная, зграбная жанчына.
- Што тут надарылася? - строга запыталася яна, аглядаючы пакой.
- Хто гэта? - пытаннем на пытанне адказала Дарута, паказваючы кіўком галавы на дзверы, адначасна ўхіляючыся ад сонечных промняў.
- Не твая справа! Як стала на ногі азнаёмлю князя, - жанчына павярнулася выйсці з пакоя.
- Чакай! Я ведаю яе! - усклікнула Дарута.
Жанчына адразу ж вярнулася. Яна так блізка падсунула свой твар, што Дарута адчула пах вяндліны і кіслага малака. Напэўна, жанчына ела іх нядаўна.
- Ведаеш? - прашыпела жанчына. - Дык і ведай сабе адна! Лепш бы табе не прыходзіць сюды!
- Чаму? - шчыра здзівілася Дарута нечаканай варожасці зусім незнаёмага ёй чалавека.
- Таму! Не твая справа! - паўтарыла, злосна ўсміхаючыся кабета. - І што ён знайшоў у гэтай вар’ятцы? - дадала яна, як бы сама сабе. - Ён сам… - яна ўсё-ткі ўтрымалася, каб не прамовіць нядобрае, і хуткай хадой накіравалася ў дальні кут пакоя, дзе знікла за шырмай.
Дарута, нягледзячы на пагардлівасць кабеты, канчаткова зразумела, што мае справу з прыслужніцай.
Падчас вандровак з Марухнай ім выпадала зімаваць у розных сяд-зібах, якія часта належалі і высакародным гаспадарам. Дзякуючы сваім умельствам, працавітасці і выхаванню ў заможнай сям’і, Марухна хутка наладжвала добрыя адносіны з гаспадарамі. Даруце дазвалялі не толькі гуляць з іхнімі дзецьмі, але і вучыцца разам у хатніх настаўнікаў. Апроч навучання ў царкоўна-парафіяльных, ці манастырскіх школы, дзяўчынка, дзякуючы свецкай адукацыі, пераймала ў зносінах і высакародныя манеры. Яшчэ тады Дарута заўважыла, што чым болей пыхі выказвае чалавек, тым ніжэйшы ягоны статус у асяродку, дзе ён сцвярджае сябе. Неразлучнай сяброўкай пыхі была зласлівасць, адсутнасць павагі да каго б то ні было. Такія людзі часцей ад усяго падпарадкоўваліся толькі страху, які ставіў іх на месца. Праўда некаторых страх, рабіў ужо зусім невыноснымі і тады яны хутка некуды знікалі і тут жа забываліся ўсімі, калі не ўчынілі раптам чаго вельмі незвычайнага.
За думкамі Дарута не заўважыла, што жанчына зноў стаіць побач і з цікавасцю глядзіць на яе. Сонца прайшло ўжо нейкі шлях па небу і бо-лей не сляпіла Даруту. Яна таксама ўтаропілася на прыслужніцу. Нешта непрыемнае і нават варожае было ў сухаватым твары з вострым падбароддзем і настолькі нізкім ілбом, што нават налобнік чырвонага каптура на галаве прыслужніцы не хаваў пасмачкі рудых валасоў, у якія , здавалася, адразу пераходзілі бровы.
- Лепш бы табе тут не з’яўляцца! - раздражнёна прамовіла прыслужніца. - Хочаш, я выведу цябе з замчышча? - нечакана прапанавала яна. - Ты можаш ісці?
- Скажы, ты ўжо двойчы мовіла, што лепш бы я сюды не хадзіла! Што пагражае мне тут? Дзе людзі, з якімі я прыйшла?
Прыслужніца крывавата пасміхнулася. Як бы нешта згадваючы, яна з цікавасцю зірнула на апратку, якую трымала ў руках, калі вярнулася з-за шырмы. Зноў задуменнасць на яе твары змяніла ранейшая крывая ўсмешка. Хаця і не зусім так, бо ўсмешкі, уласна, і не было, проста падцягваліся да звужаных вачэй шчокі, губы, наадварот, не расплываліся, а выпіналіся пад саменькі зморшчаны нос. Вочы пры гэтым успыхвалі нейкай вострай думкай, якая падабалася жанчыне, але не абяцала Даруце нічога добрага.
- Чаму ты маўчыш! Адказвай! - абурылася Дарута.
- Апранайся! - жанчына кінула ёй шэрую шаўковую сукенку, аздобленую па ліфу срэбным шаўронам і шыза-зялёным аксамітам.