Дарута, нібыта баючыся апёку, схавала рукі за спіну. Сукенка мякка легла ёй на калені.
- Я хачу гаварыць з князем! - заявіла Дарута.
- Так, у нацельнай кашулі пойдзеш да князя? - з’едліва пацікавілася кабета.
- Дай маю апратку!
- Мужчынскую? Спалілі даўно бруд той смярдзючы! Нават святар твой жахнуўся падману! А што, страшна зрабілася бандыту Мітку ад шоўку з аксамітам? - жанчына сіпла хіхікнула.
- Ты ведаеш…
- Ведаю-ведаю, не сумнявайся! Хто жадае ведаць - ведае! Чула, як і памешаную называла Жданкай і сябе Дарутай…
- Што ты хочаш…
- Апранайся, кажу! Сама княгіня гэтае насіла некалі. І пакой яе. Жданка твая не захацела тут жыць! А ўжо як князь стараўся дзеля яе! Уга-га! - рагатнула жанчына. - Хіба ж ён мог ведаць, што я шчацінне свіное нарэзала ёй пад просціну!
- Чаму ты мне гэта кажаш? - Дарута зразумела, што жанчына выскаляецца, каб зачапіць яе і, магчыма, нешта даведацца. - Ты не баішся, што я распавяду пра гэта князю?
- А чаму б табе не запытацца па якому такому праву сама знаходзішся ў адным з лепшых пакояў замка?
Гэтае пытанне збіла Даруту з панталыку. Ёй уяўлялася, што ў замку ўсе пакоі не меней прыгожыя, чым гэты. Яна вырашыла прамаўчаць, каб прыслужніца сама як мага болей выказала ў запале.
- Я магу дапамагчы табе, калі ты адкажаш, дзе ўзяла нож князя, - жанчына наблізіла свой чырвоны ўзбуджаны твар настолькі, што Дарута зноў згадала яе сняданак.
- Гэта мой нож!
- Твой, кажаш? Уга-га! - Яна знарок доўга смяялася, каб раззлаваць Даруту. - А князь кажа, што ягоны!
- Вядзі мяне да князя! - Дарута ўсхапілася з ложку.
Галава зноў закружылася, але дзяўчына хутка справілася з раптоўнай млявасцю.
- У кашульцы сваёй да князя пойдзеш? - запыталася прыслужніца. -Не хочаш гэтую сукенку, выберы сабе іншую за шырмай. Князь загадаў, што пакуль ты тут, табе належыць усё самае лепшае, што толькі знойдзецца ў замку. Карыстайся дурасцю тых, хто выжыў з розуму!
Дарута нічога не магла зразумець і толькі з недаверам глядзела на цяжкі шызы шоўк з зялёным аксамітам на яе ложку.
- Бач ты, лепшае, што ёсць у замку! - з абурэннем прадоўжыла свой сказ жанчына. - Адкуль толькі бяруцца такія, як ты! Так бы я і паслухалася! Маёй дачцэ належалі б гэтыя шаты, каб не ты і не твая Жданка! Князь ужо старога веку і апошні са свайго роду. Пакуль якія родзічы знойдуцца, можна няблага разжыцца тут!.. - раптам жанчына схамянулася, апамяталася. Яна дапытліва зірнула на Даруту, якая заварожана разглядала сукенку на ложку. Жанчына з палёгкай уздыхнула. - Ты мяне чуеш? Апранайся, а там - пажадае цябе выслухаць князь, дык выслухае, захоча выгнаць адсюль, дык выганіць, надумае ў яму пасадзіць, дык пасадзіць…
- Паслухай! - абарвала гэтыя злавесныя прадказанні Дарута. - А ты б не магла мне даць якую сваю апратку!
- Вывалішся з майго! - са шкадаваннем адмовіла прыслужніца, нібыта ўжо мела такі намер сама. - Ды і моўлена - лепшае, што знойдзецца! Але горшага і няма тут. - Яна павярнулася ісці да дзвярэй, на парозе прыпынілася, з нейкай вясёлай думкай азірнулася на Даруту. - Будзеш гатовая да сустрэчы з князем, пагрукай у дзверы, а пакуль я зачыню цябе, каб зноў не спалохала гэтую, як ты кажаш, Жданку, за яе князь галаву тут ссячэ любому. - Жанчына хутка зачыніла за сабой дзверы. Скрыгатнуў нейкі механізм у дзвярным замку.
Дарута скаланулася ад непрыемнага адчування, што пазбаўлена свабоды.
"Не прыдумвай! - загадала яна сама сабе, як часам рабіла раней Марухна. - Валялася тут непрытомная колькі - і нічога! А гэта горш ад палону! Але што яна сказала? Нібыта вывалюся з яе адзежыны?"
Дарута ўважліва паглядзела на свае рукі, загаліла ногі з-пад доўгай кашулі. Несумненна, яна моцна схуднела, але ж колькі тады часу мінула з таго, як яна трапіла ў замак? Дарута не магла гэтага нават уявіць.
Касы прамень сонца бліскуча адбіваўся ад адной са сцен на другую, ствараючы ўражанне яшчэ аднаго акна ў пакоі.
Гэта было вялікае люстра ў цёмнай, даўно не чышчанай латуннай апра-ве, аздобленай рысоўнай палівай. Праўда, з люстра на Даруту глядзела не яна. Тая шызагаловая зялёнавокая дзяўчына з запалымі шчокамі, ярка ружовымі пульхнымі вуснамі, крыху раздвоеным падбароддзем не магла быць Дарутай не таму, што ўжо так дужа выглядала непадобнай да яе. Проста яна была занадта прыгожай, каб быць ёю. Яна была амаль такой жа прыгожай, як і Жданка! Дарута саромелася гэтай прыгажосці, нават сваіх думак аб гэтай прыгажосці, але не магла адвесці вачэй ад чароўнай дзяўчыны, распушаныя попельныя валасы якой зіхацелі ў сонечным святле срэбна-залатым німбам. Дарута скінула долу кашулю.