Выбрать главу

- Божа! - міжволі сарвалася з яе вуснаў.

Дарута ніколі не бачыла сябе голай у люстры. Хіба што адзін раз ноччу, калі пасля купання выходзіла на бераг з ціхай затокі, парослай з трох бакоў вербалозамі, дзе можна было неўпрыкмет распрануцца. Яе здзівіў дакладны, выразны ў святле поўні адбітак постаці ў нерухомай, што люстра, вадзе. Ва ўсім астатнім гэты адбітак не выклікаў тады ў яе ніякай цікавасці.

- Божа, - паўтарыла яна больш мякка.

Несумненна, яна моцна схуднела за час, праведзены ў замку, але маладая скура вытрымала гэтае выпрабаванне і гожа трымалася, абмалёўваючы маленькія грудзі, якія выступалі цвёрдымі купінкамі, увенчанымі вішнёвымі кружкамі з маленькімі пупырынкамі па краях і набрынялымі, як спелая вішня сокам, саскамі. Дзяўчына ў здзіўленні дакранулася да аднаго - і салодкі боль працяў яе, ударыў у ніз улоння. Закружылася галава. Да-рута ўхапілася аберуч за аправу люстра, не жадаючы падпарадкоўвацца нечаканай соннай млявасці. Яна прагла даследаваць свае цела, на якое дагэтуль мала звяртала ўвагі.

Мяккая лінія жывата прыгожа закруглялася над блакітнай крэсай, што аддзяляла жывот ад ледзь прыкметнага цёмнага пушка, што прабіваўся ўнізе. Дарута не вытрымала, абвяла далонню гэтае сваё нечаканае багацце. І зноў ударыў салодкі боль, раздзіраючы нешта, напаўняючы цяжарам улонне. Дарута не хацела болей гэтых выпрабаванняў сябе. Яна памкнулася адысці ад люстра, як убачыла тоненькі чырвоны струменьчык, што сцякаў па ўнутраным баку яе нагі. Дарута дакранулася да яго пальцам.

"Яно! - раптам бліснула радасная згадка. - Тое, што гэтак хвалявала Марухну!"

Цяпер Марухна магла б супакоіцца. Дарута сталася сапраўднай дзяўчынай.

- Яно, яно, яно, яно! - закруцілася Дарута на месцы…

…Марухна часам распытвала Даруту аб рэгулах, асабліва, калі яны мыліся ў лазні. І кожны раз з недаверам аглядала дзяўчыну. Дарута злавалася тады. І аднойчы, калі Марухна зноў прычапілася са сваім, пацікавілася:

- А ў мальчукоў такое бывае?

- Чаго? - сумелася Марухна.

- Ну, крыві, рэгулаў, як ты кажаш у дзяўчат бывае?

- Не. - Марухна падціснула вусны, не ведаючы, куды хіліць небяспечную размову Дарута.

- Тады буду лепей мальчуком! - адпрэчыла Дарута , чым выклікала божы страх у Марухны. Яна пырскала на Даруту святой вадой, хрысціла, клала на сябе крыж, але дзяўчынка ўпарта сцвярджала:

- Буду! Мальчуком!

З тае пары Марухна адчапілася і нават у лазні старалася не глядзець на яе…

...Дарута падхапіла сукенку.

- Бедны Мітка! - пашкадавала яна са смехам.

Сукенка дужа пасавала да яе зялёных вачэй і русых з попельным адценнем валасоў. Даруце трапілася на вочы белая стужка на маленькім століку і дзяўчына перахапіла ёю свае кароткія непаслухмяныя валасы. Прадчуванне жыцця закончылася.

- Пачынаецца сапраўднае жыццё! - усклікнула яна ў захапленні. - І што ёй чакаць запрашэння? Дарута сама рушыць настрач свайму жыццю!

Цяжкія дубовы дзверы аказаліся замкнёнымі. Дарута біла ў іх кулакамі, але безвынікова. Тады яна кінулася да акна. Яшчэ ніхто, ніколі не адбіраў у яе свабоду! Што-што, а куды ісці - яна заўсёды мела.

Без штучнага, падчас пыхлівага і пустога шляхетнага выхавання, як і без рабскай прыніжанасці зацуглянага паншчынай ды барствам прыгоннага -Дарута расла, магчыма, самым свабодным чалавекам у гэтым гаспадарстве. Свабода вызначала яе думкі, жаданні і моц, якія, здавалася, былі разліты ў здаровай, блізкай і зразумелай ёй прыродзе - толькі даверся ім, чэрпай іх, не адрынай, убірай у сябе. У прыроды ўсё было надзвычай проста і разумна - толькі глядзі, вучыся, не прыдумляй нічога, бо розум, там, дзе не здольны спасцігнуць, будуе свае пачварныя стварэнні, разбураючы сугалоснасць і прыгажосць…

За акном, далёка ўнізе, паважна і лянотна цякла Бярэзіна, гатовая ўвабраць у сваё ўлонне ўсе воды, якія сабраў ёй на сваім шляху настром-лены прыток, каб прынесці ёй гэты шчодры дар.

Дарута расчыніла акно, перагнулася праз яго.

Не! Абрывісты схіл замчышча быў не настолькі зручным, каб Дарута, мінуючы вострае бярвенне, натырканае ў яго, магла скочыць з акна ўніз. Адвесная сцяна замка, хаця і складзеная з асобных цаглін уперамешку з камянямі, выклікала ў Даруты прыступ слабасці. Пасля кароткага адпачынку дзяўчына яшчэ шмат разоў спрабавала знайсці спосаб адчыніць дзверы пакоя.

Ужо цямнела, калі Дарута зразумела, што гэты замак па сіле не саступае ёй. Яна супакоілася, бо ведала - перамагае той, хто ўмее чакаць памылкі супраціўніка.

Стомленая, знясіленая дзяўчына моцна спала, калі дзверы ў пакой адчыніліся і каржакаваты мужчына разам з той, каго ў думках Дарута ахрысціла чапялой, паднеслі да яе твару палахлівае полымя свечкі. А, можа быць, дрыжала жаночая рука, якая трымала свечку? Хто ведае?