Мужчына зняў з шыі залаты медальён і націснуў спружынку. Ён узяў у жанчыны свечку і ўважліва разгледзеў мініяцюрны жаночы партрэт, укладзены ў медальён, хаця за тыя гады, што разглядаў дагэтуль, мог бы, здаецца, ужо сам намаляваць яго. Каб не страціць свежы вобраз, які толькі што аднавіўся ў яго памяці, мужчына хуценька нахіліўся да лож-ка. Рэдкае, абвіслае валоссе неўспадзеў дакранулася да вуснаў дзяўчыны. Дарута расплюшчыла вочы.
- Копія княгіні! - з жахам усклікнуў мужчына, хаваючы медальён.
Свечка патухла і ў той жа міг на Даруту абрынуўся цяжкі мот9. На яе наваліліся, нечым заткнулі рот, скруцілі, пацягнулі па каменных падлогах і прыступках доўгіх цёмных пераходаў…
2
- Пан Змога просіцца! - у дзвярах кабінета стаяў стары слуга, прыве-зены графам Пржэвіцкім з Варшавы.
Твар графа паморшчыўся.
"Грошы, грошы, грошы - усё, што ім патрэбнае ад мяне. Адно ў іх слова - "дай". Я сам набыў гэтую зямлю, каб выцягнуць з яе ўсё, што можна. Хто з гэтых новаспечаных смярдзючых паноў, гэтых мужыцкіх выскачак служыць мне праўдай, як хаця б сабе, гэты стары? - падумаў граф, узмахам рукі адпускаючы слугу. Упершыню ў жыцці ён усвядоміў, што нават не ведае імя старога, якога памятае каля сябе змалку. Гэтая нечаканая, пустая згадка выклікала толькі новы прыступ раздражнення. - А навошта халопу імя? Дастаткова пляснуць у ладкі, хлоп-хлоп - і на парозе табе халоп! Напэўна, халопам самім гэта падабаецца, калі сыноў сваіх хлопчыкамі клічуць! " - падсумаваў ён нечаканыя думкі.
Пайшоў пяты год, як граф пакінуў караля, Варшаву, сям’ю. Ён думаў, што едзе сюды на адзін-другі месяц, каб завесці тут свой парадак, які б адчыніў заслону грашовай плыні ў ягонае жыццё.
"Так бы і сталася, калі б не гэты кляты князь! І што ён чапляецца за сваё нікчэмнае жыццё? Які можа быць сэнс жыцця разумнага чалавека, замураванага ў сцены? І што мне цяпер той каморны суд? - прыгадаў граф няўдалую спробу падкупіць судзейства. - Нічога не атрымаецца ў князя! Цяпер мае паперы падпісаны самім каралём, а з іх вынікае, што гэтыя землі былі набытыя маімі продкамі яшчэ ў мінулым стагоддзі. Добра, што каралю не абавязкова самому чытаць тое, што ён падпісвае, пасміхнуўся сам сабе граф. - А, можа, кароль не захацеў чытаць менавіта мае паперы. Мужыцкі ваявода са сваім логовам - што фальшывы камень у аправе каталіцкай кароны. І гэты халоп! Стаіць, што слуп верставы!"
- Кліч! - раздражнёна крыкнуў граф.
Слуга падняў галаву, і, як навучаў яшчэ ягоны бацька ў Варшаве, з годнасцю павярнуўся і выйшаў. Навука гэтая была простай: чым болей пыхі ў слугі, тым болей павінны баяцца і паважаць ягонага пана.
Дзверы цяпер хуценька адчыніліся і амаль подбегам да графа кінуўся пан Змога.
- Пан граф! - твар Змогі імкнуўся выказаць як раз тыя пачуцці, якіх ён ніколі не меў у дачыненні да графа.
Графу здалося, што гэты прайдзісвет зараз кінецца яму на шыю. Ён ажно сцяўся ад злосці.
Пан Змога, прэтэндуючы на звышдалікатнасць, паддыгваў па паркеце, пакідаючы брудныя сляды ад сваіх ботаў.
- Прэч! - гыркнуў граф, хапаючы са стала званочак.
- Князь… пан Змога знарок прыпыніўся на гэтым магічным для графа слове.
- Прэч! - цяпер ужо граф крычаў на слугу, які спаважна зайшоў у кабінет.
- Гавары! - граф пастараўся гэта сказаць ласкава і нават прыпадняў-ся з-за стала насустрач пану Змогу, хаця апошні рух вынікаў хутчэй ад нецярплівасці.
- Я ўжо казаў пану графу пра лясную банду. - пачаў пан Змога.
- Якая мне зараз справа да банды! Пляваў я на банду! Ты, здаецца, мовіў "князь"? - нагадаў граф.
Пан Змога адчуваў, што граф ужо трапіў у расстаўленыя ім моты і не спяшаў. Ён нетаропка рассеўся ў вольным крэсле, дастаў люльку. Вопыт падказваў, што чым болей маланак будзе ў вачах графа, тым болей веры ён дасць навіне, якую прынёс пан Змога і якой сам ён, па-шчырасці, не зусім даваў веры. А хто б даў той веры на гэтакія рэчы небывалыя? Але як і не паверыць, калі Марфа на свае вочы бачыла партрэт гэтай дзеўкі ў княжай спальні.
- Ты, здаецца, мовіў "князь"? - у голасе графа прагучала пагроза.
- Я пра князя, - на ўсякі выпадак запэўніў пан Змога. - Дык вось, я ўжо казаў пану графу пра лясную банду…
Граф ашалела абрынуўся ў крэсла.
- Дык вось… - пан Змога па-гаспадарску набіваў сваю люльку графскім тытунём, - бандыты на гэтым тыдні былі ў князя.
- Напалі? - ажывіўся граф.
- Не, у госці хадзілі.
- Тады і казаць было трэба! - графа не займалі разбойнікі.
- Яны прывялі з сабой… - спакойна прадоўжыў пан Змога і зацягнуўся дымам, - …дачку князя!