Выбрать главу

Граф з недаверам зірнуў на пана Змогу. Той некалі распавядаў яму што ў князя былі жонка і дачка, якія даўно не то прапалі, не то загінулі. Знайшліся людзі, якія сцвярджалі, што князь адправіў іх не то ў Львоў, не то ў Варшаву.

Навіна, калі гэта праўда, заслугоўвала ўвагі. Але якая карысць ад яе графу?

- Ну і што? - граф хацеў выцягнуць з пана Змогі ўсё, што мелася за ягонай блудлівай душой.

- Я падумаў, што пану графу гэта цікава будзе, - пан Змога ззяў ад задавальнення. Удача, несумненна зважала на яго.

- Цікава, канечне. Але не сёння-заўтра, я б сам даведаўся пра гэта.

Пан Змога не быў упэўнены ў тым, што сцвярджаў граф, але выказваць гэта не збіраўся.

- Я падумаў, што пану графу было б цікава пазнаёміцца з князёўнай.

- Знаёміцца з мужычкай! - абурыўся граф.

- Калісьці князя прымаў сам кароль, - асадзіў графа пан Змога. - А мужычкамі, кажуць, пан граф нібыта зрэдзь цікавіцца… - Ён пастараўся сказаць апошняе як мага абыякава.

Граф пранікліва паглядзеў на пана Змогу, які зусім не імкнуўся сустракацца з ім вачамі.

"Ад такога можна ўсяго чакаць! - зрабіў граф выснову свайму на-зіранню. - І графіні - цыдульку. І пра паперу спадчынную тое-сёе мог вынюхаць. Нюхаўка ў яго, вунь, што трэба! Так і ходзіць, так і ходзіць! Аж кропля, што ў сабакі з языка звісае! А вочкі! Вочкі, хоць і ваўчыныя, а бегаюць, бегаюць, што ў лісы шалёнай! Трэба з ім асцярожней!" - граф сумна ўсміхнуўся.

- Чаго людзі ні напрыдумваюць! Мой дзязька па маці, нябожчык ужо, сам ведаеш. Адкажуць мне вінаватыя ў пагібелі ягонай!.. - граф спыніўся, сціснуў кулакі, збіраючыся з духам.

У свой час матчын брат, якім граф апекаваўся пасля смерці сваіх бацькоў, і падбіў яго набыць тутэйшыя землі, нібыта ўпадабаныя ім пад час нейкага ваеннага паходу.

"Упадабаў пацеху на сваю галаву! Бывалы ваяка! І як такое магло надарыцца з ім? І што, наогул, там надарылася? Цівун хутчэй ад усяго брэша, каб выказаць сябе з лепшага боку. Але хто ведае? У каго запытацца? Дзеўка знікла некуды. Тамаш без языка застаўся. Жаніх той няўдалы? На тым свеце. Мабыць, дзядзьку майму там служыць. Вяскоўцы, як адзін, сцвярджаюць, што бачылі, як вершнікі і брычка праімчаліся. А потым збегліся на пажар ужо. Не, не дарма кажуць, што лёс вядзе чалавека! Бедны дзядзька! - пранеслася ў думках графа. Апошні эпітэт скіраваў ягоныя думкі ў інакшым напрамку. - Так, сапраўды, бедны! Спадчыны ад яго не засталося. Хіба што медальён той з жаночым партрэтам, што знайшлі пад абгарэлай рукой на сэрцы. Глянь ты, аднак каханку меў, а ніхто не чуў, не ведаў пра тое! А, можа, і не каханка зусім? Каханкі часу і грошай патрабуюць. У дзязькі на ягонай памяці не было ні таго, ні другога. Усё спусціў на нейкія раз’езды па свеце, росшукі-вышукі, таямніцы. Можа, у якім тайным ордэне быў? Хто яго ведае, куды знікаў? А вось дарадца быў варты. І ход з паперамі ён прыдумаў. Сам і быў на прыёме ў караля…" - граф уздыхнуў, упершыню за свае жыццё адчуваючы сябе сіратой.

- Дзядзька мой, калі гасцяваў тут, можна сказаць, цікавіўся. - прадоўжыў граф перапыненую размову. - Але дзеля пацехі адной. Мы паспрачаліся неяк, хто хутчэй упалюе - я зайца, ці ён дзеўку. Іх разам і выпусцілі на ўзмежку леса. Дзеўка тая не горш ад зайца скакала на бакі. Нарагаталіся мы, пакуль іх гналі… - развесяліўся граф, але ўспомніў пра тое, чым закончылася апошняя пацеха і зноў сціснуў кулакі. - Адкажуць за пагібель, пся крэў! Няшчасны! Казаў мне, што хацеў пасля тую дзеўку нават пакаёўкай да сябе ўзяць, нібыта прыгожай падалася яму. А як зірнуў у вочы - дык жагнуўся, нечысць нейкая, не чалавечыя вочы, нібыта не ў сабе яна. Пашкадаваў, думаў, спалохалася ўсё-ткі, загадаў прывязаць да дрэва ў лесе - раптам адыдзе, схлыне з яе нячыстае. А потым і не знайшлі яе. Куды падзелася? Нават следу не засталося. Ведзьма, няйнакш! Вось было з кім ледзь не звязаўся! Не гляджу нават у іхні бок!

Пан Змога насцярожана слухаў графа.

"Вось яно што! Ці не тая паланянка графа, якую даглядае Марфа? Князева Уцеха - казала яна! Ох, няма часу абдумаць! Дзязька графа ўжо нябожчык. Каму яна зараз можа быць патрэбная? - разважаў пан Змога, прыслухоўваючыся да ўласных думак. - Пуста. Нічога вартага не ідзе ў галаву. Ну і не трэба! Не ўсё адразу. Падумаю пазней. А цяпер - маўчок пра яе!" - загадаў ён сабе.

- Але ж я пану графу пра князёўну казаў, а не мужычку…

- Слухай, што ты да мяне прычапіўся з ёй! Нават, калі б я хацеў пабачыцца з ёй, то ў замак нам не трапіць.

- А навошта ў замак хадзіць? - нібыта прастадушна пацікавіўся пан Змога.

Граф, не разумеючы напрамку гаворкі, зноў дапытліва ўтаропіўся на пана Змогу.

- А калі б князёўна сама прыйшла?

Ад нечаканасці граф ажно адхінуўся ад пана Змогі. Але такая думка спадабалася яму.