Марухна ў роспачы агледзелася. На вочы трапілася мужчынская апратка, якая знайшлася некалі на гарышчы і з таго часу без патрэбы вісела каля дзвярэй.
- Апранайся! - загадала яна Даруце, зрываючы з цвіка апратку. Хуценька зашчапіла дзверы, схапіла нажніцы з падваконня. Надрэзала ручнік, каб адарваць палоску.
За дзвярыма пачулася лаянка.
Дарута перавязвала калена, як дзве тоўстыя касы засталіся ў руках Марухны. Медны абруч перахапіў валоссе на галаве дзяўчыны, якая цяпер у зрэбнай кашулі і штанах, нагадвала поўнага моцы юнака.
- Князь-дзеўка… - прашаптала ўражаная Марухна, абачліва кідаючы адрэзаныя косы на тлеючае вуголле пячнога ўлоння. Валоссе пачало курчыцца, дымець, і жанчына, каб перабіць пах паленых валасоў, кінула ў печ нейкае рыззё, што трапілася пад руку. Пацягнула смуродам.
Дзверы ажно выгіналіся, трашчалі пад моцнымі ўдарамі раз’юшаных людзей і нарэшце не вытрымалі, выстралілі, ашчэрыліся вострым ашчэп’ем абапал пралому, у якім злавесна выбліснула лязо сякеры.
- Злітуйцеся, паночкі, - залямантавала Марухна, пераступаючы цівуна. Яна знарок доўга корпалася з засаўкай, каб дакрычаць, давесці тое, што было вельмі важна, што магло ўратаваць Даруту. - Пашкадуйце, мяне, старую! Падслепаватая! Дурная матка трапілася хлопцу! Сіратой пакіну яго на гэтым свеце! Здалося, разбойнік нейкі! Не пазнала я, паночкі, ціву-на, а сынок і ўцяміць не паспеў нічога. Цёмна ў хатачцы нашай, паночкі любыл, як і на душы! Злітуйцеся над старой!
У наступны момант Марухна разам з дзвярыма вылецела ў сенцы. Падаючы, яна паспела яшчэ ўхапіцца за нечы пыльны бот.
Дранцвеючы ад жаху, Дарута ўсім сваім целам адчула, як мякка хруснуў пад сякерай матчын хрыбетнік.
- Пся-крэў! Цівун мёртвы! - вылаяўся пісклявым голасам адзін з нападнікаў.
- Сабаку і смерць сабачая, - абыякава азваўся другі, падчапляючы ботам руку цівуна. Рука торгнулася. Глядзі, і жывучы, як сабака! - дадаў ён гідліва, павяртаючыся ў бок Даруты. - Дзеўка дзе? Тамаш, папытайся ў яго! Толькі блізка не падыходзь, мабыць, у штаны наклаў, не варушыцца нават. Ну і смярдзіць тут! Што за прыхамаць у Эдварда!
Дарута няўцямна глядзела на матчыны парэпаныя ступні, нязграбна раскінутыя ногі, на ейныя вылузаныя з рукавоў рукі, абсыпаныя вяснян-камі, і старанна абмінала поглядам тое месца, дзе глыбока, па самае дзяр-жанне, сядзела сякера - варожая, чужая ў цёплым, жывым целе Марухны. У гэтым было нешта ненатуральнае, прыкрае, непраўдлівае…
- Не скажаш, дзе схавалася дзеўка, ляжаш разам з маткай! - прагучаў зноў пісклявы голас. Насупраць Даруты ўжо стаяў таўстун з вывернутымі пад нос вуснамі на бліскучым ад тлушчу твары.
I раптам Дарута адчула, як гарачая кроў разліваецца па ейных жылах, напаўняе гудкай зямной сілай, як тады, на бабруйскім тандзеце, калі нечакана для сябе яна ўсур’ёз адгукнулася на выклік мясцовага асілка…
…Ад смеху людзі хіба што не качаліся па траве. Марухна, саромеючыся за сваё прастадушнае дзяўчо, схавала твар у поняўку. І толькі асілак уважліва зірнуў у прагныя вочы Даруты і салодка працадзіў скрозь зубы:
- Не тут, мая харошая…
- Чаму не тут? - шчыра здзівілася Дарута, чым выклікала перуновы запал весялосці ў разявакаў. - Не верыш? - яна ўмомант апынулася побач з асілкам. Горда загаліла рукаў, напружыла руку. - Памацай!
Асілак карцінна паставіў вочы ў неба, затым адтапырыў мезенец і асцярожна крануў ім плячо дзяўчыны. Хуценька, нібы апёкся, сунуў мезенец у свой рот.
- Ды я колькі Ходзьку валіла! - Дарута пачынала ўжо злавацца.
- А! - асілак зрабіў выгляд, што напалохаўся, чым таксама пацешыў людзей.
І Дарута не вытрымала, наскочыла на блазнюка, з усяе моцы ўчапілася за ягоную шыю з надзьмутымі жыламі. Нібы жывы ківач, боўтаючыся на бакі, яна вагой свайго цела імкнулася выбіць сусціжніка з раўнавагі. Асілак спрабаваў выкруціцца, адарваць яе ад сябе, і ў той момант, калі Дарута разгублена зразумела, што бываюць людзі больш дужыя, чым ейныя сябрукі, нечакана абрынуўся на калені.
Віскат, улюлюканне, якія да гэтага чуліся ў натоўпе, адразу сціхлі. Не разумеючы, што здарылася, Дарута адпусціла шыю асілка, які абмякла ссунуўся на дол. Горла асілка выдавала нейкія жудасныя хрыпы. Людзі ўжо не весела, а нядобра глядзелі на яе, як хрыпы сціхлі і моцны храп скалануў варожую цішыню натоўпа. Дарута незнарок націснула на яго шыі кропку Зары…
- Ты што, нямы? - пісклявы таўстун прыўзняў падбародак дзяўчыны.