"Князёўна ў маіх руках! З такім козырам любую партыю ў князя вый-граю! Ды з такім козырам… у нагах маіх валяцца будзе! Матка Боска! Тады і гэтай паперы не трэба будзе даваць ходу! - разважаў граф, захоплены празорам, які нечакана адкрыўся яму. - Кароль, як гнеў на міласць, так і наадварот - мяняе хутка! Князь цяпер сам усё падпіша!"
- А… - апамятаўся граф. - А як зрабіць гэта?
- З панам Змогам - можна зрабіць усё! - запэўніў госць.
Граф трасянуў званочкам.
Неўзабаве на стале разам з вінамі, якія графу пастаўляліся з Францыі, з’явіліся самыя лепшыя тутэйшыя прысмакі для госця.
Граф так завіхаўся вакол пана Змогі, што той вырашыў не адкрываць свае карты ў гэтай гульні ў дурня.
Князёўна, ці проста дзеўка, як дзве кроплі вады падобная да княгіні, якой яе памятаў пан Змога, звязаная, валялася ў сутарэннях замчышча. Князь нават не бачыў яе і шукаць не будзе. Марфа, стрыечная сястра пана Змогі, якая падлеткам разам са сваёй маці служыла княгіні, а зараз даглядала Уцеху, скажа князю, што забраў новую дзеўку адзін з тых, хто прывёў яе ў замак.
"Няхай паспрабуе знайсці тых бандытаў! - падсумаваў свае думкі пан Змога. - А навіну пра Уцеху я прадам графу асобна. Болей будзе! Ды і не ўсе радасці яму разам!"
Граф тым часам не зводзіў натхнёных вачэй з пана Змогі. Яны адзін за другім шукалі празору, як заманіць, або выкрасці князёўну. І кожны раз, калі ўсё, здавалася, было ўзважана, прадумана, пан Змога незадаволена моршчыўся і знаходзіў памылкі ў гэтых празорах, ушчэнт разбураючы ўласныя пабудовы. Перашкоды, якія ён паслужліва прапаноўваў уяўленню графа, да таго распалілі апошняга, што ён хацеў мець князёўну ўжо сёння, зараз, бо неўзабаве даваў баль у гонар новай улады..
"О, як бы мне балявалася, маючы такую палонніцу!" - думаў граф, паціраючы вільготныя ад узрушання рукі.
- Папярэджваю пана графа, каб не закахаўся! - пан Змога вырашыў падкінуць паліва ў раскладзенае ім вогнішча ўяўлення графа.
- А што? Прыгожая? Не верыцца, што ў тым звярыным логаве магло нарадзіцца нейкае хараство!
- Якое ж яно звярынае логава? Яшчэ гадоў пятнаццаць таму мінскі ваявода лічыў за гонар гасцяваць у князя! А прыгажосць княгіні, магчыма, і паслужыла яе гібелі. Князь вымушаны быў выправіць яе з дачкой перад нападам на замак.
- А што за напад? На маёй памяці тут нічога такога не было, - заціка-віўся граф. Ён не аднойчы прыкідваў, як можна захапіць замак. Дзядзька, цяпер ужо нябожчык, чамусьці страшыўся яго намераў. І раіў не чапаць замак, бо сам нібыта спрабаваў захапіць яго з дапамогай наймітаў. Граф, вядома, распытваў дзядзьку, але зразумеў адзіна - быццам замак зачара-ваны і жорстка помсціць ворагу, забіраючы калі не жыццё, дык шчасце ўсяго жыцця. Логіка графа слаба арыентавалася ў такіх катэгорыях, як чараванне і шчасце, таму размова з родзічам заўсёды заходзіла ў тупік. Праўда тут толькі тое, што дзядзька ніколі не выдаваў на шчаслівага. Ды, калі азірнуцца зараз на яго жыццё, дык што там? Вучоба ў Францыі. Дыпламатыя. Пяць гадоў Кітая. Войска. А вынік? Бязлюдным жыў, ні гнязда свайго, ні маетнасці, ні славы. Калі б усе так жылі, дык што б на зямлі засталося? - Ні-чо-га, - падсумаваў граф плынь сваіх думак.
- Ну, на памяці пана графа і не было нічога такога, мабыць, а, наогул, было, - пан Змога перавёў дых, дзівячыся прамоўленаму ім набору сло-ваў, з якіх вынікаў усё-ткі нейкі сэнс. - Даўно, праўда. Ды вось, гадоў пад пятнаццаць таму і будзе, - пан Змога ўжо двойчы згадваў у размове гэтае "пятнаццаць", яму захацелася дзеля большай праўдзівасці назваць які інакшы лік, але граф не даў часу выправіць гэтую прыкрую памылку.
- На тваей памяці?
- На маёй!
- І што ты памятаеш? - дамагаўся граф, усведамляючы, што зараз можа выкрыцца таямніца жыцця ягонага дзядзькі.
- А нічога!
- Вось дык памяць!
- Памяць тут ні да чаго. Гэта князь ведаў, што нехта рыхтуе напад. Мы ж даведаліся толькі, калі стрэлы ды выбухі грымнулі. На ранак з бярвёнаў, што шчэрацца з боку ракі, паздымалі княскія людзі пабітых ды параненых. Сваіх сярод іх, здаецца, не было. Чужых - яшчэ жывых і мёртвых, кажуць, пабралі ў мяхі з каменнем, ды на дно. Я тады маладым зусім быў, хадзіў на лугавіну перад Свіслаччу, дзе зараз слабада, войска стаіць, шмат чаго ад бойкі там засталося. Але самае дзіўнае - падабраў там медальён з партрэтам княгіні - можа, яна сама насіла на сабе і згубіла пад час бегства, а, можа быць… нехта з нападаючых згубіў. Толькі адкуль у іх той партрэт узяцца мог? Напэўна не здарма хадзіў почут, што бойка праз княгіню была. Хто на гэта зараз адкажа? Але і адказ той цяпер ужо нікому не патрэбны.
- А медальён сабе пакінуў, так?