Выбрать главу

Ад ганца болей нічога не дазналіся, бо той неўспадзеў нязручна ўпаў на калені перад князем і адкінуўся на спіну. Князь нахіліўся, каб упэўніцца, што жыццё яшчэ не пакінула ганца, але ў таго, як і ў загнанага каня, з рота біла пена. Белы твар з вылупленымі, як бывае ў чалавека ад здзіўлення, вачамі разам абмяк.

Было зразумела, што справа надзвычай сур’ёзная, калі ёю апякуецца сам кароль. Раздумваць не было часу, бо напад мог адбыцца ў любую хвіліну. Тым болей, што ўвесну нейкія рабаўнікі ўжо спрабавалі ўзяць замак сілай, але ў апош-ні момант адступілі. Магчыма, гэта была разведка. Князь ад хвалявання не мог толкам абдумаць ні паведамленне караля, ні заняцца абаронай.

Гаспадар аднаго з гандлёвых караблёў каравана, які павінен быў ісці да Дняпра і далей, быў раней у княскай дружыне. Князь цалкам давяраў яму, таму скарыстаўся нагодай, каб выправіць княгіню з дачкой у дарогу…

"Даруй нам, Божа," - перахрысціўся князь, як і тады. За столькі гадоў ён не атрымаў не толькі медальёна Дароціцы, які б сведчыў, што яна з з дачкой дабраліся да Варшавы, але і ніводнай весткі ні ад іх, ні ад слуг і вояў, якіх выправіў суправаджаць сваю сям’ю. Вядома, ён ужо не спадзяваўся, што ўбачыць каго-небудзь з іх жывымі…

… Замак атакавалі ў тую ж ноч. Але ўсё адбылося, як і ў мінулы раз. Князь нічога не разумеў. Нападнікі нешта ваяўніча пакрычалі, пастралялі і адступілі ў лес. Тое, што папера ад караля была фальшывай і, калі б не прыцемак ды на-стойлівая парада караля дзейнічаць неадкладна, князь заўважыў бы гэта. Праз чатыры тыдні, чакаючы пасыльнага ад княгіні, як было з ёю дамоўлена, князь зноў узяў у рукі ліст ад караля. Ліст быў сапраўдным, пячатка і подпіс караля -таксама. Але… князь усё зразумеў, калі ўбачыў сляды ад неахайна выведзенага папярэдняга паслання, паверх якога быў зроблены злачынны допіс. Спяшаліся…

…Гарачыя тонкія рукі абхапілі шыю князя.

Князь скалануўся.

Уцеха заўсёды нячутна, быццам скрозь сцены праходзіла па замку.

Князь шкадаваў дзяўчыну. Тады яшчэ, калі яе прывялі з лесу ягоныя людзі, князь адчуў, што душа яе збегла ад ліха гэтае зямлі, але не пакінула яе назусім, павісла паміж небам і зямлёй, чакае, мабыць, верыць, спадзяецца на лепшае ў долі. Князь чамусьці таксама верыў, што нешта шчаснае прыпасла доля і для яго. Не можа ж быць, каб чалавек жыў на свеце тады, калі ўжо нічога добрага свет прапанаваць яму не можа. Бог літасцівы. А ён з Уцехай, што брат і сястра перад Богам, перад верай у дабрыню гэтага света.

"Сястра…" Злавіў сябе на думцы князь. Але не, па-шчырасці, дзяўчына была яму болей чым сястра. Ён не хацеў прызнавацца сабе ў гэтым.

Князь асцярожна зняў з шыі гарачыя далоні Уцехі і міжволі перавёў погляд туды, дзе над шырокім ложкам вісеў, займаючы палову сцяны, партрэт русавалосай, спакусавуснай прыгажуні, зялёныя вочы якой нагадвалі гэткія ж цёмныя смарагды, як і ў каралях на ейнай шыі. Яна, здавалася, вабіла яго сваёй непрыступнасцю і разам з тым выразным поклічам кахання. Нават з гэтага - мёртвага палатна! Як ён мог адпусціць яе?!

"Лепш бы забіў сам!" - нечакана падумаў князь, хаця дакладна ведаў, што ніколі не здолеў бы не тое што забіць, а нават параніць Дароціцу нядобрым словам.

Белыя галава і вусы, глыбокія зморшчыны ілба над затуманенымі выцвілымі вачамі, нягледзячы на прамую, дзякуючы ваеннай выпраўцы, постаць - усё гэта наводзіла на думку, што князь дажывае свой век у глыбокай старасці. На самой справе ён не так даўно разам з сямнаццатым летапісным векам ад нараджэння Хрыстова пераваліў на другую палову свайго стагоддзя.

Уцеха абышла крэсла князя і таксама запыніла погляд на жаночым партрэце. Князю на момант здалося, што ў яе поглядзе прамільгнула думка. Але дзяўчына раптам весела залапатала, як малое дзіця, якое яшчэ не навучылася прамаўляць словы. Князь адвярнуўся.

Уцеха, не перапыняючы сваёй неразумнай гамонкі, пачала кружыцца вакол яго, тузаючы за рукаў, крысо скураной камізэлькі, потым слізганула да дзвярэй, зноў вярнулася, прабягаючы няўцямнымі вачамі то па партрэту, то па князю. Бачна было, што нешта хвалюе яе.

Калі князь падняўся з крэсла, каб супакоіць гэтае жаласнае стварэнне, дзяўчына зноў памкнулася да дзвярэй. У яе ўчынках была нейкая паслядоўнасць - князь яшчэ не мог вырашыць якая, але рушыў за дзяўчынай.

Уцеха, трымаючыся ўздоўж сцяны калідора, на замацаваных круках якой вісела старадаўняя зброя і даспехі прашчураў князя, нібы празрысты цень слізгала, калыхаючы полымя рэдкіх свечак, зацепленых увечары самім князем у памяць сваіх продкаў. Былі асяніны.

Дзяўчына ўпэўнена бегла, мінаючы пераходы і лесвічкі. Князь ледзьве паспяваў за ёй. Ён ужо хацеў пакінуць гэтую бессэнсоўную пагоню за прывідным ценем, як Уцеха спынілася каля нізкіх дубовых дзвярэй, што вялі ў адзін з дальніх гасцявых пакояў замку. Яна застыла каля іх, насцярожана ўслухоўваючыся, пастаяла некаторы час і адступіла са звычайным для яе абыякавым выразам твару.