Выбрать главу

Лучнік асвяціў белыя каменныя сцены. Падзямелле, дзякуючы вышыні кургана, на якім знаходзілася замчышча, было сухім, але ад настылых камянёў цягнула магільным холадам. Князь нервова павярнуўся да дзядзькі Затко. Ужо другі раз ён сёння паверыў трызненням!

Нечакана паміж князем і лучнікам узнікла чорная жаночая постаць. Канечне, гэта была Уцеха. Яны пакінулі яе наверсе адну і, мабыць, дзяўчына цішком увязалася за князем. Гэта было за ёй, і князь не пярэчыў. Уцеха нейкім чынам заўсёды чуйная да яго настрою бывала то непрыкметнай побач з ім, то вясёлай і ласкавай, але як раз такой, як у гэты момант было яму прыемна.

Дзяўчына хуценька прайшла ў дальні цёмны закутак і застыла як бы да нечага прыслухоўваючыся.

Затко зноў жагнуўся. Менавіта там, дзе стаяла Уцеха, ён бачыў прывіда.

Князь, па-шчырасці, не верыў у прывідаў, бо ніколі не сустракаў іх за сваё жыццё. Ён узяў лучнік з рукі Златко і рушыў у цёмны закутак. Ануча, паднятая ім з рыззя наваленага ў кут не была пыльнай. Князь падчапіў наском бота астатняе рыззё. Чырвоны яблык, што выкаціўся з-пад ануч быў надкусаны з аднаго боку. Нехта ласаваўся гэтым яблыкам не так даўно, можна сказаць нават, што зусім нядаўна, бо месца адкусу было абсалютна свежым.

- Твой? - запытаўся князь, працягваючы дзяўчыне яблык.

Уцеха не разумела пытанне. Яна не магла засяродзіцца на словах, але яблык не забрала з рук князя.

"Хто ж апроч яе мог толькі што кінуць гэты недакусак? Хіба хто чуў, каб здані грызлі яблыкі? Хопіць займацца пагоняй за ветрам!" - князь на расстанне яшчэ раз паддаў нагой рыззё. Уцеха тут жа нахілілася і, быццам які штукар, выцягнула да святла кавалак хлеба. Князь панюхаў хлеб. Такі хлеб з водарам кмену, мёду, зёлак пяклі толькі ў ягоным замку. Рэцэпт гэтага хлеба даўным-даўно стаўся рэліквіяй княжага роду, і князь сам клаў у замес тое, што надавала хлебу адметны водар. Да таго ж выпечаны тут хлеб ніколі не пакрываўся цвіллю і захоўваў свежасць напрацягу месяца пасля таго, як пакідаў печ. Бясспрэчна, гэта быў ягоны хлеб.

"Ну што ж, ужо лягчэй", - падумаў князь, працягваючы скарынку дзядзьку.

Затко ўмомант зразумеў князя.

- Але ж тут быў і ейны прывід! - упарта сцвердзіў дзядзька.

Князю было невыносна ад уласных перажыванняў, ад бязглуздых пошу—

каў немаведама чаго, ад усёй гэтай блытаніны разам з яе таямніцамі. Яму здалося, што ўсе яны тут звар’яцелыя, настолькі неверагодныя карціны малявала ўяўленне. Ён моўчкі павярнуўся і пайшоў прэч.

Калі б князь вырашыў прайсці ўсяго некалькі крокаў убок, дзе праход пад прамым вуглом мяняў свой напрамак, магчыма, што не адной таямніцай зрабілася б меней у ягоным жыцці…

4

Там, куды ледзьве далятала рэха крокаў князя і дзядзькі Затко, прыціскаючы сваім целам да каменнага долу звязаную Даруту, ляжаў пан Змога.

Пот, сцякаючы з-пад рэдкай чупрыны, еў вочы. Яму карцела выцерці пот рукавом, але было страшна, што дзеўка скарыстае гэты момант, каб вызваліцца. Яна была незвычайна дужая і калі б Марфа не прыдушвала яе за шыю, пан Змога наўрад ці справіўся б з гэтай дзеўкай. Хаця…

Чуў пан Змога ад людзей - ды хто ў Свіслачах і не чуў таго? - што і стары князь, дзед цяперашняга, быў самым магутным асілкам у тутэйшых мясцінах. Аднойчы, калі ён вяртаўся з Кракава са сваёй світай, пад Бабруйскам на іх напалі бандыты. Князь і з месца не зрушыўся, каб не пэцкаць свой меч крывёй нявартых мяча людзей. Світа памалу радзела ў бойцы і, калі да князя ўтварыўся праход у яе радах, ён вырашыў, што гэта знак і рушыў у наступ. Некалькі мяхоў чалавечых галоў прывёз тады валадар у сваё замчышча. У ветранае надвор’е, уздзетыя на калы вакол умацаванняў замка, яны яшчэ доўга страшылі наваколле посвістам голых чарапоў, у якія пераўтварыліся з цягам часу.

…"Можа, і праўда, князёўна, - падумалася раптам пану Змогу, на якога час ад часу нападалі сумненні. Ад гэтага зрабілася непрыемна, страшнавата. - Князь яшчэ мае такую-сякую сілу і ўладу. А калі даведаецца, што я ўчыніў з ягонай дачкой… - пан Змога не стаў паглыбляцца ў гэтую думку, паколькі яна не абяцала яму нічога добрага. - Ды ці мала бывае падобных людзей? Вунь, з бандытамі ляснымі прыйшла дзеўка, хіба ж так прыходзяць князёўны?" - вырашыў ён.

- Пранесла… - прашаптала Марфа. - Гэта іх прывяла тая Уцеха-Жданка, каб ёй…

- Чаму не падсыпала ёй зелля якога, каб спала? Князь з дзядзькам, кажуць людзі, добра валодаюць зброяй. Пазабівалі б нас тут і на дно без следу.