Выбрать главу

Узмылены конь хістаўся,, калі пан Змога саскочыў з яго на падворку маёнтка.

Граф, якому былі даспадобы вострыя перажыванні, прымусіў пана Змогу некалькі разоў паўтарыць свой расповед. Урэшце з няўцямнага, блытанага на пачатку пераказу лясной падзеі атрымалася красамоўная гісторыя бойкі пана Змогі з бандытамі і гераічнай гібелі цівуна.

Імя лоўчага не было моўлена.

Зазіраючы наперад, можна ўбачыць няшчаснага старога, які шчыра служыў на сваім вяку ўжо другому князю, але пасля гэтага здарэння заплаціў спакоем сумлення на ўсю кароткую рэшту свайго жыцця. Пан Змога не гвалціў яго ніякімі даручэннямі, нават не прыгадваў таго, што адбылося на лясной прагаліне. Ён проста, нібыта па-сяброўску, заходзіў наведаць лоўчага, хаціна якога месцілася на пад’ездзе да замчышча, хоць і бачыў, што той ненавідзеў гэтыя візіты, падчас якіх за гаворкай выкрывалася тое-сёе з жыцця княжага двара.

Па настойлівай просьбе пана Змогі лоўчаму давялося параіць для догляду за Уцехай цыбатую Марфу, сваячку пана Змогі, якая з юначых гадоў служыла ў плябана. Там яна паводле вострых языкоў свіслачанаў выконвала ўсе жаночыя абавязкі, што тычылася як гаспадаркі, так і самога плябана, ад чаго каталіцкі святар зусім не зрабіўся бліжэйшым да святасці. Калі плябан сканаў, Марфа каменем павісла на шыі пана Змогі. Але ж цяпер, пільнуючы неспакойную Уцеху, жанчына ўжо няблага арыентаваўся ў хітраскладзеных мурах замка. Падаць сігнал у горад было вельмі проста, дастаткова Марфе апоўначы запаліць якое цяпельца ў яе каморы, што выходзіла акном да брамы, каб Змога ведаў: у ім пільная патрэба…

…Пасля размовы з графам Пржэвіцкім пан Змога ледзьве дачакаўся цёмнай пары, каб накіравацца да лоўчага. На ўсякі выпадак, каб прыстра-шыць старога, ён нават прыхапіў з сабой нож лоўчага, выцягнуты з шьті папярэдняга цівуна. Пан Змога трымаў каня збоч ад брукаванкі, каб той у цемнаце не паслізнуўся раптам на слізкай ад дажджу і апалай лістоты брукаванцы. Нечакана загрымелі абкладзеныя металам колы падводы, якая ўз’ехала на дарогу. Змога стаіўся. Калі падвода параўнялася з ім, радасна пацёр рукі. Змога пазнаў лоўчага і скіраваў свайго каня да падводы.

- Пан Змога! - жахнуўся стары.

- Не чакаў мяне, бачна!

- Ды спяць ужо ўсе, каго тут чакаць?

- Мы вось з табой не спім і ў замку, мяркуючы па агнях, што запалілі там, не спяць. Цябе чакаюць?

Стары стамлёна ўздыхнуў. Ён не мог уцяміць, што поначы патрэбна тут гэтаму чалавеку, які наровіць заступіць яму дарогу.

- Дзіка вязу. Праз некалькі гадзін прыйдуць кухары, адразу і разбяруць яго.

- Выбачай, бачу натаміўся за дзень. Мне ў замчышча трэба. Марфу забраць, каб паспела заўтра апоўдні ў Бабруйск на пахаванне родзіча свайго, можа, якая спадчына перападзе ёй, сіраце, на жыццё. - Змогу не палохала ягоная хлусня, бо не ведаў ён ніякіх родзічаў Марфы, а, калі, дзякуючы графу, з’явяцца ў яго з Марфай якія грошы, дык лоўчы можа прыгадаць цікаўным свіслачанам, адкуль тое ўзялося.

- Уночы? - здзівіўся лоўчы. - Князь ведае?

- Адкуль ён можа ведаць, калі я сам толькі што ўведаў? Ды і Марфе тое навіна.

- Добра, я праз кухара перадам Марфе, няхай просіць дазволу, князь позна кладзецца.

- А раптам спалохаецца? Ды і хто князю засведчыць, калі пытанні буду-ць? Правядзі мяне на кухню, там і яе пачакаю, і князю, як што, адказ дам.

Лоўчы адчуў, што трапіў у пастку. Ён не давяраў пану Змогу. Але па-чалавечы, як тут не дапамагчы? Сам пасівеў ужо, ці знойдзецца хто, каб праводзіць яго ў апошні шлях? Жонка апярэдзіла, сыны служаць менскаму ваяводу… На кухню? Чаму б і не?..

Па дарозе Змога прадбачліва, каб не прыцягваць да сябе ўвагі напрасіўся навязаць свайго каня каля былога гумна наводшыбе сядзібы лоўчага, мяркуючы, што прымусіць старога дапамагчы яму вывезці дзеўку з замчышча. Хаваючы позірк, ён нацягнуў на лоб лямцавую магерку, ды, нібыта з нагоды халаднечы, прыхапіў з-пад стрэшкі гумна шэрую ваўняную світку. Ён некалькі разоў бываў у замчышчы, але тады сваёй звычайнай апраткай болей адпавядаў шляхціцу. Наўрад ці яго там памятаюць. Ды, папраўдзе, свіслачанаў ён не цікавіў. Ціхі, утойлівы бабыль, які зрабіўся шляхціцам і атрымаў чын харунжага, дзякуючы таму, што некалі падаўся ў войска. Амаль адразу пасля кантузіі быў вызвалены ад службовых абавязкаў. Пра кантузію ён тут нікому не апавядаў. Ды і што апавядаць? Проста бачыў кантужанага і хапіла розуму падрабіцца.

- Беражонага Бог беражэ, - прашаптаў сабе Змога, нацягваючы паверх свайго куцага жупана сялянскую світку.