…На раніцу, калі кухары возьмуцца за працу, лоўчага знойдуць у самай вялікай печы.
Марфа перахрысцілася, мінаючы гэтую печ. Вернага служаку ні пагрозамі, ні за ўзнагароды не здолелі яны прымусіць дапамагаць ім. Напэўна, яны і забілі б яго, каб не падняў трывогу ў замку, але стары нечакана памёр сам.
У прасмаленай торбе, якую сцягнулі з забітага дзіка, скурчаная, пераця-тая вяроўкамі, з кляпам у роце ляжала Дарута. Ад гэткага гвалту над ёй, ад аглушальных удараў крыві, што з цяжкасцю прабівалася сваімі шляхамі ў целе, ад задушша і немагчымасці паварушыцца дзяўчына ледзьве не губляла прытомнасць. І толькі намаганнем волі старалася не прапусціць нічога з таго, што рабілася навокал. Па колькіх словах, якімі перакінуліся яе гвалтаўнікі, Дарута зразумела, што гэта ўсё дзеецца без ведама князя.
Змогу на гэты час хвалявала іншае: як часта мяняецца пароль у замчышчы. Ён пачуў той, што мовіў варце лоўчы. Ад таго часу прайшло, мабыць, крыху болей за гадзіну.
"Як часта мяняюць тут пароль? Раней было ранкам ды на ноч, казала Марфа. Цяпер, у ваенны час, несумненна. часцей.." - Змога ўздыхнуў. Заставалася спадзявацца.
Падвода, на якой яны з лоўчым прывезлі маладога дзіка, стаяла на падворку. Змога скінуў з плячэй на падводу смярдзючую торбу. Марфа адразу села на задок падводы і на ўсякі выпадак навалілася целам на мех.
- Не ўзялі дзічыну? Што надарылася? Дзе лоўчы? - падзівіліся на варце, не зважаючы на правільны пароль.
- Ці не зашмат пытанняў да мяне? Задайце іх князю! І давайце хутчэй, бо адказваць будзеце перад ім! - Змога ішоў напралом.
- А жанчына?
- Я сказаў - пытанні да князя! - штомоцы гыркнуў Змога, вылупляючы вочы.
Начальнік варты вагаўся. Турбаваць князя ў такую ноч было страшнавата. Затрымаць да раніцы яшчэ страшней, калі нейкія планы князя ад таго парушацца. Ды і пароль ведае чалавек. Невядома якое рашэнне прыйшло б яму ў галаву, калі б, устаючы на дыбы, б’ючы капытамі ў браму, не ўсчыніў вэрхал нейкі чорны д’ябальскі конь.
- Прапусціць! - рашыўся начальнік варты, спадзеючыся займець вы-датнага каня, які сам просіцца ў рукі.
Браму хутка адчынілі, спусцілі мост.
Конь, які шалёна ўварваўся на падворак, раптоўна сцішыўся каля падводы, толькі пераходзіў з аднаго яе боку на другі, каб не дацца вартаўнікам.
Змога пазнаў Чарлі з графскай стайні і не мог даўмецца, што трэба тут гэтаму каню. Але было не да роздумаў. Ён у думках падзячыў каню і падвода імкліва знялася з месца. І тут ад жаху ў Змогі перахапіла дых - Чарлі наўскач паляцеў следам за імі. Варта, незадаволеная такім паваротам падзей, узняла крык.
Змога, не шкадаваў упрэжанага каня лоўчага. Падвода цудам не пера-кулілася на першым павароце брукаванкі. А з княжага двара з гіканнем ужо імчала пагоня.
"Толькі б не зламала гэтае быдла ногі! - бязлітасна паганяючы каня, маліўся Змога. - Толькі паспець бы да касцёла! - Жахаўся ён блізкай пагоні. Там, пад сценамі касцёла, яго чакала панская дворня. Напэўна, гэта ўваходзіла і ў планы пана Бога, бо хутка Змога ўгледзеў цені вершнікаў, якія аддзяліліся насустрач ім ад муроў касцёла.
- Сюды! Памажы-ы-ы-ыце! - загаласіла Марфа, ускладаючы апошняе спадзяванне на людзей графа. Конскі тупат ужо наганяў іх, калі скрыжаваліся шаблі двух атрадаў. Відавочная перавага была на баку людзей графа: дванаццаць вершнікаў супраць сямі бывалых ваякаў князя.
Княскія ваяры нічога не разумелі: людзі графа абаранялі падводу і, суправаджаючы яе, зусім не прагнулі бойкі, якая мела б усе шанцы пакінуць перамогу за праціўнікам.
Ваяры спыніліся. Ад маёнтка аддзяліўся яшчэ адзін атрад. Заставалася ў апошнім запале адзіна праводзіць позіркамі падводу, абрысы якой паступова размываліся ў імжы.
5
Граф сам сустрэў атрад уцекачоў. Яму карцела зірнуць на здабычу, але Змога запатрабаваў плату. Іншым часам можна было б і адтэрмінаваць яе, каб не дворня, якая, што ваўчыная гайня на важака, дапытліва цікавала за ім. Граф не верыў у адданасць сваіх людзей ды і ўсіх астатніх таксама, але ад шчодрасці, якую зараз ён выкажа, залежала іхняя стараннасць. Усё-ткі гэта была чужая зямля і чужыя людзі.
Граф ацаніў момант і паволі сцягнуў са свайго пальца сыгнет13.
- Пан Змога! Я прызначаю цябе маім аконамам14! Лічы, казнакрадам, сам возьмеш, што табе належыць, - жартам, але са злосцю дадаў граф. Ён прыехаў сюды выправіць свае грашовыя справы, а ўсе прагнулі грошай якраз ад яго.
Дворня дружна зарагатала. Людзі разумелі адно другога, чаго ж таіцца!
Граф хутка прайшоў у кабінет, куды следам за ім зацягнулі торбу з Дарутай.
Тое зліплае, з заткалам у роце, што выкулілася на падлогу са смярдзючай торбы, глыбока расчаравала графа, бо ніяк не стасавалася з яго ўяўленнем пра князёўну і яшчэ меней з малюнкам у медальёне. Ён нават хацеў загадаць аднесці гэтае стварэнне ў склеп. Але ў ім азваўся выхаваны каралеўскім дваром прыдворны.