Выбрать главу

- Развязаць! Віна ёй!

Слугі імгненна выканалі загад. Змога адступіўся да дзвярэй. Ён з жахам чакаў, што дзеўка зараз кінецца на іх, а яе недзявочая сіла была яму ўжо вядомая. "Але не мая справа ўмешвацца зараз. Што абяцаўся выканаў, сваё атрымаў. Нават лепей, каб яна цяпер вырвалася адсюль! - падумалася рап-там. - Ніякага клопату даказваць, што князёўна, - пазіраючы на Даруту, якая кулём ляжала пад нагамі слуг, на ейную, калісьці гожую, а цяпер падраную, заплямленую скарэлай крывёю сукенку, пан Змога ўжо не верыў у "князёўну". - І дзе толькі паранілася, гэтая падла? Стараліся ж з Марфай не пашкодзіць, а тут… Рэгулы! Марфа ж казала, што рэгулы ў яе!" - згадаў ён.

Дарута радавалася вольнаму дыханню, глытку віна, якое нехта ўліў ёй у рот. Яна расплюшчыла свае вялізныя, крыху раскосыя зялёныя вочы і першае, што сустрэла, насмешлівы, зацікаўлены погляд высокага, худар-лявага чалавека, на лоб якога падалі саламяныя кудзеркі, напэўна, рэдкіх валасоў. Штосьці ў постаці і насмешлівасці чалавека здалося ёй знаёмым, але яна не дадумала тое.

- Прашу, паненка! - граф падаў ёй руку, дапамагаючы падняцца. Другой рукой ён заціснуў свой нос карункавай хусцінкай.

Ад хусцінкі, якая апынулася побач з яе тварам, сыходзіў незнаёмы Даруце, але прыемны пах.

Граф клапатліва пасунуў да дзяўчыны крэсла, якая з цяжкасцю паднялася на ногі, спакойна і ўважліва аглядаючы пакой па-над галовамі прысутных. У яе ўпэўненасці графу пачулася прыроджаная веліч. Можа быць, ён сустракаў яе ў Варшаве? Вавелі? Ці Львове? Празе?.. Перабіраючы ў памяці жанчын, якія трапляліся яму ў яго прыдворным жыцці, ён не знаходзіў там падобных да гэтай зялёнавокай дзяўчыны, якую паспеў разгледзець у атачэнні яе раскудлачанага шызага валосся, і, разумеючы жаночае хараство, быў цяпер прыемна ўражаны. Ён нават не падумаў, што на пару ягонага прыдворнага жыцця яна была яшчэ маленькай дзяўчынкай. Але, Матка Боска, які смурод ішоў ад яе!

- Вы што, пан Змога, трымалі князёўну сярод падлы? - з’едліва і раздражнёна запытаўся граф, якому смурод замінаў наблізіцца да дзяўчыны.

- Пан граф!.. - пакрыўджана выгукнуў Змога, не рашаючыся пярэчыць, але ж і не адчуваючы сваёй віны.

Дарута не магла паверыць у тое, што пачула. "Князёўна? Ды вось чаму яе выкралі ў князя! Палічылі за князёўну!" - яна гучна засмяялася, бо вельмі недарэчна і нават бязмозгла было ўсё гэта ў дачыненні да яе.

Граф ажно скалануўся ад нечаканага смеху Даруты. Жахлівы крык і раптоўны смех прыгоннай, на якую яны з дзядзькам зладзілі вясельнае паляванне, часам урываўся ў ягоныя сны і нават мроіўся, звінеў увушшу сярод белага дня. Граф пільна ўгледзеўся ў вочы князёўны. Яны свяціліся розумам, гумарам, адчуваннем перавагі над ім, усімі прысутнымі і нават спачуваннем да іх. Граф з палёгкай уздыхнуў.

"Чыста князёўна!" - падумаў Змога, ніякавеючы ад погляду сваёй нядаўняй паланянкі.

У графа іншага і ў думках не было.

- Прабачце, што вымушаны быў выкарыстаць сілу, каб убачыць вас, каб зазірнуць у вашыя вочы і ў сваё сэрца. Прабачце, князёўна. Але вы хутка ўпэўніцеся, што гаспадыня тут вы, а я ўсяго толькі ваш слуга. Вы не пашкадуеце, паверце мне, - граф прыпыніў дыханне, асцярожна цалуючы руку Даруты, якая ледзьве стрымала сябе, каб не азірнуцца на гэтае "вы"…

...Дарута ўжо амаль забылася на тую пару, калі яшчэ дзяўчынкай, зімуючы з Марухнай у высакародных гаспадароў прызвычаілася было да "выкання". Але гэта было даўно. Апошнія гады яна не памятала, каб хто з чужых людзей гэтак звяртаўся да яе. Хіба што Марухна. І тое, калі яны заставаліся адны. Маці так важна ўмела часам дапякаць яе за якую правіну: "Вы ўжо не маленькая, Дарута, але яшчэ не навучыліся стрымліваць сябе. Вашыя ўчынкі не адпавядаюць вашаму гонару…" Гэтыя вымовы не столькі палохалі, ко-лькі насцярожвалі Даруту. Ёй здавалася, што маці тоіцца, нешта не дагаворвае. Марухна часам, жартуючы, называла яе "вы мая маленькая князёўна", ці падхвальвала - "мая вы каралеўна", але тое было як бы жартам, гульнёй, ды і "каралеўны" тыя гучалі больш у калыханках і, вядома, ад матчынай любові…

…"Матчынай… Не маці…" - скаланулася яна ад відовішча сваёй памяці.

Дарута не слухала графа. Вось ужо што-што, але яшчэ ніхто ніколі не цалаваў ёй рукі.

Граф, які адразу выклікаў у яе гідлівасць сваёй нервовай гаворкай з пырсканнем сліны, сваім прыкметна аблыселым чэрапам і тонкімі, няў-стойлівымі нагамі ў жаночых панчохах, хаця і ўпаў гэтым цалаваннем яшчэ ніжэй у ейных вачах, але выклікаў нечаканы прыліў цеплыні. Магчыма, віной таму былі ягоныя па-дзіцячы мяккія, рэдкія, духмяныя кудзеркі, якія ласкава крануліся яе твару, калі ён схіліўся над рукой Даруты.