Дарута перахапіла ягоную руку і штомоцы пацягнула на сябе, адначасна саступаючы ўбок. Гэта была яе ўлюбёная хітрасць, якой Дарута яшчэ ў дзяцінстве карысталася ў шматлікіх бойках з мальчукамі. Хаця яна ўжо вырасла з тых боек і часам адно дзеля смеху паказвала Ходзьку сваю сілу, пісклявы таўстун праляцеў паўз ейны бок і тварам бразнуўся на гліняную падлогу, паказваючы неадпаведныя сваім таўшчэзным нагам маленькія чырвоныя чаравікі.
- Сам нямы! - кінула наўздагон Дарута і азірнулася.
Высокі, незвычайнай худзізны мужчына з прыкметнай сівізной на скронях і абыякавым поглядам халодных, што рыбіных, вачэй, крывіў рот у грэблівай усмешцы. Здавалася, тое, што ён бачыць, не адпавядае ягонаму разуменню, але ўсё ж такі забаўляе.
- Ідзі сюды! - раптам загадаў мужчына. - Ты! - ён тыцнуў у напрамку дзяўчыны пальцам, лянуючыся нават разагнуць яго.
Дарута было памкнулася да гэтага чалавека, але адразу апамяталася і схапіла кульгавы ўслон, пагрозліва ўзнімаючы яго на паскуднага крыўляку. У той жа момант цвёрдыя, моцныя пальцы перахапілі яе прыцэўкі2. Выпушчаны з рук услон ляснуўся на падлогу. Немалады, лянотны на выгляд чалавек перамяшчаўся як маланка! Вострае, нібы жалезнае, калена ўдарам пад пахвіну ледзь не зваліла Даруту з ног. Ейная галава тузанулася так, што валасы адкінуліся на патыліцу, адкрываючы гарачы погляд цёмных, шызых з водбліскамі зялёнага полымя вачэй. Медны абруч бразнуўся аб нешта на падлозе і меладычна зазвінеў. Імгненная разгубленасць, нават, хутчэй, здзіўленне, ажывіла вочы мужчыны і дала Даруце магчымасць сабрацца з сілай. Яна штомоцы тузанула даўгалыгага на сябе за ўчэпістыя рукі, якія ўсё яшчэ трымалі ейныя прыцэўкі, і, калі ягонае цела прытулілася да яе, рэзка адштурхнула, адначасна, як вучыў Ходзька, выкруціла свае захопленыя рукі ў бок вялікіх пальцаў нападніка.
Незнаёмец, выгінаючыся, марудна валіўся на спіну, утароплена гледзячы на Даруту, нібыта высільваўся нешта ўбачыць, разгадаць, у той, каго палічыў было за юнака. У апошні момант ён апамятаўся, павярнуў галаву, каб упасці на бок, як трапіў скронню на вастрыё завязанай у вузел ножкі ўслону. Ягоныя шырока расплюшчаныя вочы заторгаліся, нібыта чалавек яшчэ высільваўся дагледзець штосьці неверагоднае ў сваім жыцці.
- Дароціца… - прашаптаў мужчына і раптам усміхнуўся, выскаляючы доўгія моцныя зубы.
Даруце здалося, што яна бачыць вялізную змяю, якая разявіла сваю пашчу перад укусам. Яна скаланулася ад агіды і жаху.
- Княгіня… - мужчына паспрабаваў падняць галаву, але яна, быццам падсечаная, глуха грукнулася на падлогу…
Дарута аглядзелася вакол. Яна не магла зразумець - што далей рабіць ёй тут, у нечакана ціхай і страшнай хаце? Яна зусім не шкадавала зня-вечанага жытла, пра якое Ходзька распавядаў і не такія жахі з мінулага. Наадварот, хацелася хутчэй пакінуць гэтае месца. Дарута прыслухалася да сябе, да сваіх адчуванняў. Дык вось якая яна атрымалася - невядомасць! Сцюдзёна і велічна, нібыта ў заснежаную бездань, абрывалася ў будучыню яе ўражаная душа. Але нешта яшчэ трымала яе тут, самае апошняе, самае лёгкае, самае неверагоднае з яе зусім маладога жыцця.
- Дарута… - пачулася ў дзяўчыны за спінай.
- Марухна! - Дарута забылася на ўсе свае думкі. - Жывая! Я тут, матулька!
Але адразу зразумела, што маці паклікала яе амаль з таго свету.
Вейкі Марухны здрыгануліся і неяк дзіўна прахлюпала ў ейных грудзях:
- Дарута… - Марухна торгнулася і шырока вытарашчыла вочы. - Не маці я… табе… хуста… князь… - прасіпела жанчына і аціхла.
Дарута паклала свае далоні ёй на вочы і апусціла матчыны павекі. Назаўсёды.
Цівун застагнаў і гэта выбавіла Даруту ад здранцвення.
У хаце пахла крывёй, якая сцякаючы па няроўнай падлозе, назбіралася ў лужыну крыху воддаль галавы Тамаша. Над гэтай лужынай віліся мухі. Яны падалі ў яе і тут жа ўзляталі, з цяжкасцю адрываючы лапкі з ліпкай чалавечай крыві.
Дарута накіравалася да печы, разгрэбла вуголле пад яшчэ тлеючай, смярдзючай анучай. Некалькі сухіх лучынак, прыхаваных на растопку, хутка заняліся, калі яна падзьмула на вуголле. Прасмоленае пакулле, наматанае на чапялу, успыхнула чырвоным д’ябальскім святлом, выпускаючы рогі чорнага смуроднага дыму. Цяпер убогая хата падалася Даруце нават злавеснай.
Дарута, як заварожаная, глядзела на агонь, што ахвотна слаўся па старых, пачарнелых бярвёнах, праканапачаных паміж сабой высахлым мохам.
3 лужка на беразе Рэгулянкі данеслася трывожнае мыканне.
"Куды з ёй схавацца? Збяруцца людзі на пажар, забяруць карову, не прападзе, - вырашыла яна. - Трэба хутчэй адсюль!"
Дарута ўзняла на рукі Марухну і аднесла ў брычку. Яна прывязала за брычкай двух коней і асцярожна кранула лейцы.