Раптам у пакоі пачуўся плач. Усе разам азірнуліся. Жданка па-раней-шаму спала, але ўсхліпвала ў сне, час ад часу скаланаючыся.
- Пойдзем адсюль, няхай выспіцца твая нявеста.
Князь і Войцех адправіліся ў бібліятэку абмеркаваць план нападу на маёнтак, распрацаваны загадзя Войцехам.
Зенка, якога пакінулі пільнаваць Жданку з загадам, каб паклікаў адразу, калі яна раптам прачнецца, адчуваў сябе на раздарожжы. Патаемна, недзе глыбока ў душы ён не мог пажадаць поспеху плану Войцеха. Хаця ў яго не было ніякай прыязнасці да графа, але і нянавісці да яго таксама не меў, як не меў яе ні да каго на гэтым свеце. Ён вырашыў па-простаму: не ягоная гэта задума, а служыць трэба шчыра таму, каму зараз служыш. "На двух гаспадароў хіба што разарвацца можна", - падсумаваў юнак свае развагі.
План, прапанаваны Войцехам з некаторымі дапаўненнямі князя, меў добры шанец на тое, што гэты баль увойдзе ў памяць людскую як выклік усім ворагам, якія прыходзяць рабаваць гэтую зямлю, усім вылюдкам гэтае зямлі, якія адцураліся яе. Замнога назбіралася крыўды ў людскіх душах, і крыўда гэтая патрабавала выйсця. На мэце, уласна, стаяла адно: паказаць, хто тут сапраўдны гаспадар. Для гэтага патрэбна знішчыць маёнтак, каб граф, калі яму пашанцуе выжыць падчас нападу, з’ехаў адсюль назаўсёды. Пойдзе ўсё ладам, тады і царскае войска пазбавіцца галавы, бо ў маёнтку мае быць усё вайсковае начальства. Войцех не казаў князю, што штурхала яго на гэтае нападзенне і асабістая прага помсты за Жданку. Тое, што ў першую чаргу кіравала князем, было зразумелым без тлумачэння. Найперш трэба вызваліць Даруту. Пасля гэтага можна пачынаць наступ. Калі ж не атрымаецца вызваліць яе мірам, хто-небудзь са сваіх дабярэцца з маёнтка да бліжэйшага паста і перадасць загад князя, каб наступалі. Сам князь будзе знаходзіцца ў маёнтку і ў час бойкі з дапамогай ваяроў адаб’е Даруту ў графа. Тады адразу трэба будзе падпаліць маёнтак, каб тым, хто застанецца там жывы, быў занятак тушыць пажар, а не даганяць іх. І ў любым выпадку пастарацца не пакінуць якіх слядоў пасля сябе…
Усё, здавалася, было ўлічана, абмеркавана, узгоднена і праверана логі-кай. Адзінага, чаго ніяк не маглі ўлічыць князь і Войцех, дык гэта таго, што добра занаёмы ім абодвум чалавек сядзіць цяпер у царскім гарнізоне. Праз якую гадзіну ўсе подступы да Свіслачаў будуць перакрытыя заса-дамі. Царскія салдаты баявым строем ужо выходзілі на абарону маёнтка.
2
Пад выглядам выгану ў ноч некалькі ваяроў прыцемкам вывелі коней з замчышча на бліжні луг. Амаль што адначасна патаемным ходам пакінулі замчышча два пешыя атрады. Не паспелі яны дабрацца да маста, як прыйшла благая вестка: шэйпіцкія і чучэнскія людзі трапілі на засады. З людзей Войцеха прарваліся Ісай і Яцка. Ісай быў кепскім вершнікам, таму адстаў ад атрада. Па дарозе ён увесь час блытаў сцяжыны і шчасліва аб’ехаў засады. Яцка прабіраўся пад пузам свайго скакуна, як быццам той згубіў вершніка.
Слухаць купца і цыгана не ставала часу. Неабходна было затрымаць свае атрады і паслаць старожу на ўсе шляхі і подступы да маёнтка, бо ніхто не мог ведаць, што іх чакае там.
Старожа вярнулася панылая. Не паспелі княжыя людзі дабрацца нават да касцёла, як былі атакаваныя і ўзятыя ў палон царскімі салда-тамі. Адзіным, што давала на першы погляд надзею, што граф не будзе затрымліваць Даруту, было тое, што ён нечакана заступіўся за палонных і нават перадаў з імі прыгожы канверт з лістом да князя.
Ліст быў звычайным дасціпным запрашэннем на баль, з прыпіскай: "Прашу прабачыць, што не папярэдзіў загадзя, але абставіны змяніліся нечакана для мяне самога, - пісаў граф. - Да мяне трапіла Вашая дачка. Як дваранін і слуга каралю маю гонар вярнуць князёўну Вам, яе бацьку. Мяркую, што тыя фармальнасці, якія нам дзеля гэтага давядзецца выканаць, не зашкодзяць Вам весела бавіць час у маім маёнтку, сярод высакародных людзей, якія болей пасуюць прадстаўніку княжага роду, чым тыя, якімі ён абкружаны цяпер. Можа стацца толькі адна перашкода. Князёўне вельмі спадабалася гасцяваць у мяне. Самі ведаеце, што выганяць прыгожую жанчыну не ў маіх правілах…"
Князь уздыхнуў так глыбока, што неўспадзеў задзьмуў свечку.
- Што там? - пацікавіўся Войцех, дастаючы крэмень і крэсіва са скураной торбачкі, падвешанай на раменным пасаку.
Князь маўчаў. Ён, здавалася, не заўважаў, што патухла свечка, і па-ранейшаму трымаў ліст.
Цяпельца зноў занялося. Войцех чакаў, пакуль князь дадумае сваю думу.
І, праўда, князь рашуча падняўся з крэсла.