- Я еду! - заявіў ён Войцеху.
У бібліятэку, шумна дыхаючы, увайшоў дзядзька Затко.
- Князь, я хацеў пабудзіць Уцеху, каб пакарміць. Але яна ніяк не прачынаецца!
- Не Уцеха, а Жданка, - паправіў яго Войцех.
- Ды што мне з таго, няхай будзе Жданка, калі так вырашылі тут. Што з ёй, хто ведае?
- Нічога тут не вырашалі, - адпрэчыў Войцех, - Жданка яна ад нараджэння.
- Няхай, - пагадзіўся дзядзька Затко, - але што рабіць мне? Яна і так адныя косці, трэба неяк накарміць.
- Будзе добра ўсё, прывязем ёй доктара, а пакуль не чапай. Можа быць, яна гэтым забыццём якраз лекуецца, - умяшаўся ў нечаканую спрэчку князь і адразу ж, ледзьве не подбегам, пакінуў бібліятэку.
- Куды гэта ён? То быў сам, як у сне, марудлівы ды абыякавы да ўсяго, а тут - быццам хорт перад паляваннем!
- Не ведаю, - адказаў Войцех. - Атрымаў ад графа тутэйшага ліст і вырашыў ехаць да яго. - Войцех хітнуў галавой на ліст, што ляжаў на стале.
Затко асцярожна наблізіўся, выцягнуў галаву і далікатна зазірнуў у ліст. Твар яго спахмурнеў.
- Што там? - устрывожыўся Войцех.
- Запрашэнне ад графа на баль. Ён хоча там на нейкіх умовах аддаць князю ягоную дачку, - пераказаў Затко. Ён зноўку перачытаў пасланне. - Якую дачку? "Вашую дачку", моўлена ў допісе. Ён што, хоча ажаніць князя на сваёй дачцэ? Але чаму тады "Вашую дачку?" - дзядзька Затко недаўменна ўтаропіўся на Войцеха выцвілымі, што адцвітаючыя валошкі, падслепаватымі вачыма.
Войцех не меў часу тлумачыць. Ён толькі на хадзе крыкнуў:
- Даруту! Ягоная дачка знайшлася!
Пасярэдзіне пляца, што знаходзіўся перад брамай замчышча, злёгку калыхалася полымя невялікага вогнішча, каля якога грэліся некалькі чалавек. Амаль круглы месяц даваў дастаткова святла, каб на пляцы можна было пазнаваць адно аднаго, але цень ад сцяны замчышча і двух кутніх вежаў хаваў ад цікаўных вачэй два атрады, якія вярнуліся з ранейшай вылазкі і зараз былі гатовыя ісці на маёнтак.
- Мае мужныя ваяры! Мае паплечнікі, сябры мае! Мае дзеці! На гэты раз я не раю вам ісці с а мной, бо маю асабісты клопат у маёнтку. Я на-ват не ведаю, што буду рабіць там, але магу запэўніць вас, што гэта не параніць гонар майго роду. Наадварот, я хачу, каб імя князёў Свіслоцкіх жыло на нашай зямлі ў памяці маіх нашчадкаў, у рэху гэтых каменных муроў, у пашане нашых дзяцей і ўнукаў да ўсіх нас!
- За цябе і загінуць - гонар! - зашумелі ваяры.
- Чакайце! - уладарным рухам узнятай рукі князь імгненна перапыніў хваляванне. - Я ведаю, што кожны з вас неаднойчы выказаў сваю валечнасць15 на справе! Вы даказалі і пацвердзілі гэта ў шматлікіх нашых валках16! Але вы маеце яшчэ і бачнасць17. Хто з вас босай нагой наступіць на змяю? Так і мы сягоння. Мы ўжо не маем сумненняў на будучыню, бо ўведалі, мяркуючы па мінулых і нядаўніх падзеях, што масква не прынясе нам паратунак ад тых, хто смокча апошнія сокі нашай зямлі, б’е нашага звера, палюе на нашых жанок і нявест, лютуе над парабкамі, адбірае ўсё здабытае крывёй і потам, гадамі цяжкай працы і мужнасці не аднаго пакалення нашых продкаў. Сёння нахлебнікі тыя пацясніліся за адным сталом, але ад гэтага жадоба іхняя толькі павялічыцца. На жаль, яны яднаюць часам не толькі свае раты, але і зброю. Гетман Багдан пакінуў нас на паўдарозе ды падаўся пад руку Масквы. Трэба збіраць зараз сілу, а не траціць дарма свае жыцці. Яшчэ прыйдзе наш час! - князь перавёў дых, агледзеўся. Ваяры чакалі.
- А сёння?! - выразна прагучаў нечы слабы голас у напружанай цішыні.
- Цяпер! Цяпер што рабіць?! - загулі разам ваяры.
- Вядзі нас! Што чакаць?! - падступаліся людзі.
- Што сёння? Сёння я павінен туды ісці адзін. Гэта справа майго асабістага жыцця, крыві маіх продкаў. Але… - князь абвёў нетаропкім поглядам пляц, - калі знойдзецца дванаццаць чалавек, гатовых пакласці свае жыцці, суправаджаючы мяне, як належыць князю, мой гонар будзе падтрыманы. Са свайго боку я зраблю ўсё, каб вы жывымі вярнуліся дадому.
Ваяры заварушыліся, і хутка вакол князя ўтварылася шчыльная сцяна.
- Вас усё адно зашмат, - мовіў князь, - таму, не крыўдуйце, я выберу сам.
Войцех, які бачыў усё, што адбывалася на пляцы, адклікаў свой атрад
да бліжэйшай вежы замка.
- Слухайце, людзі, што будзе, - амаль шэптам пачаў ён. - Мужыцкую світу князя ў маёнтак не пусцяць. Так?
- Ну… - няўпэўнена пацвердзіў нехта.
- І князь будзе там адзін. - Войцех памаўчаў крыху. - Сярод ворагаў. Так?
- І што? - весела прагучала з ценю вежы.
Войцех строга зірнуў у цень. Вядома, гэта быў Зенка.
- А ты як думаеш? - запытаўся Войцех.
- Думаю, што я там павінен быць першым, каб выведаць, што там робіцца, пакуль прыедзе князь.
- Талкова, - зазначыў Войцех. Мала таго, што Зенку не ў цяжар было прабрацца ў маёнтак, ён яшчэ неяк апавядаў пра ключніцу ў маёнтку, якая паклала на яго адно вока. "Чаму адно вока? Другое было патрэбным ёй, каб неадступна сачыць за ўсім, што робіцца ў маёнтку", - казаў Зенка.