Выбрать главу

- І я пайду! - падаў голас Яцка.

- А ты што? - падзівіўся Войцех.

- А тое, што калі ў пана знойдзецца скрыпачка, то буду ў самай гушчы падзей, куды Зенку не прабрацца.

- Тады не губляйце часу, прабірайцеся ў маёнтак разам! Як раптам хто з тамтэйшых перастрэне, няхай Зенка тлумачыць, што праводзіў Яцку, бо ходзяць чуткі пра баль, а цыган - першы музыка на розных святах.

- Так, мы спыніліся на тым, што князь у маёнтку адзін сярод ворагаў. Цяпер нашая задача. Нам належыць непрыкметна рассяродзіцца вакол маёнтка на адлегласці стрэлу, схавацца, каб не ўгледзелі, - тлумачыў атраду Войцех. - Па маім сігнале разам урываемся з усіх бакоў, каб спаліць, сцерці, знішчыць гэтае логава назаўжды… - Войцеха ажно калаціла ад нянавісці. Гэтую нянавісць зусім нядаўна распаліла тая, знявечаная, амаль без прыкметаў жыцця, бязважкая, што былінка, дзяўчына, якую ён сёння трымаў на сваіх руках, якую ведаў Жданкай. Ён прагнуў помсты. Ён прагнуў бы нават загінуць там, каб пераследаваць свайго ворага і на тым свеце. Але… Жданка! Раптам яна памятае яго, у трызненні свайго розуму і ў пакутах сваёй душы, шукае, чакае яго… Гэта было невыносна - заставацца жывым са сваёй нянавісцю! А гэтыя людзі, якія даверыліся яму! Няўжо і іх ён гатовы ахвяраваць сваёй нянавісці?! Войцех жахнуўся цямрэчы, якая паўстала перад ягоным поглядам, жахнуўся і раптоўна супакоіўся. Ён бачыў твар свайго сапраўднага ворага, ён вытрымаў варожы погляд!

Войцех аддаваў апошнія распараджэнні сваім людзям, калі Затко ў сваю чаргу сабраў ваяроў князя з тых, хто застаўся ў замчышчы. Ён падзяліў іх на два невялікія атрады. Першы з іх павінен быў пры зброі і конях пад сёдламі чакаць вяртання князя ці, крый Божа, благой весткі. Пры неабходнасці атраду належала ісці насустрач князю, калі будзе бачна, што патрабуецца падмога. Другі атрад атрымаў найменне фарпосту, які павінен быў сачыць за падзеямі на сярэдзіне шляху ад маёнтка да замчышча. На ролю размяшчэння фарпосту вельмі падыходзіў тутэйшы млын на павароце Свіслачы, схаваны паміж пахілымі вербамі, якія звешваліся над плынню з крутога, падмытага схілу. Млынару скажуць, што ў замчышчы зламаўся вятрак. Няхай бы той вятрак нават гуў на ўсё наваколле, млынар поначы не адмовіць узброеным людзям змалоць некалькі мяхоў зерня. Мяхі з зернем давядзецца цягнуць з сабой на выпадак, калі раптам натрапяць на патруль. Начную вылазку можна апраўдаць адзіна тым, што апроч па-ламанага ветрака яшчэ і скончыўся хлеб, які замак абавязалі пастаўляць ранкам у царскую слабаду3. Фарпост разам з атрадам Войцеха павінен будзе ісці ў наступ на маёнтак. На чале фарпосту быў пастаўлены Сіла, начальнік варты замчышча. Дарадцам і пры неабходнасці каардынатарам усіх атрадаў у адсутнасць князя заставаўся дзядзька Затко.

Князь пад сцягам, на якім быў вышыты золатам ягоны родавы герб, выехаў на чале сваёй світы праз адзіную браму замчышча.

3

Князя і ягоную світу панскі двор сустрэў варожа, але не ваяўніча. Гэта была тая глухая варожасць, якая ўсталёўвалася на сойме, калі нехта з упартых шляхціцаў накладаў сваё вета, парой перакрэсліваючы ўсю працу сойма. Князь у іх вачах быў жывым і неразумным увасабленнем таго вета, накладзенага на астатак тутэйшай зямлі, дзе яшчэ не перавёўся звер ды радзіла самае буйнае збожжа, бачанае імі на зямлі.

"І каму належыць тая рэшта зямлі? - пыталіся адзін у аднаго падпанкі. - Чалавеку, якому яна зусім і непатрэбная!"

Яны б зразумелі князя, лічыліся з ім, а то і спагадалі, калі б той сціснуў гэтую зямлю ў сваім кулаку так, каб залаты дождж абрынуўся ў ягоныя кішэні. А там, глядзіш, і ім бы перапала - неба над галавой адно. А гэты дзікун браў ад зямлі роўна столькі, колькі яму было патрэбна, каб падтрымліваць сваё нікчэмнае, пустое на іхнюю думку жыццё ў каменным логаве. Каму ён сам тут патрэбны? Жменьцы былых ваяроў, каб напамі-налі пра былую славу! А сам? Каго ён тут робіць багатым або славутым? І хіба можна параўнаць гэтага занядбанага, няйнакш, яшчэ і паганскага, князя з графам? На графа зірнуць, дык усцешышся - што цацка замеж-ная. Вытанчаны што ў слове, што ў апратцы, што ў забаве. Ах! Якія балі дае граф! А якіх хортаў трымае на псярні! А чыстапародныя коні на стайні! А паляванні, якія збіраюць гасцей нават з іншых ваяводстваў! А гэты? Так і не выбіўся ў паны! Тутэйшая дробная шляхта распальвала сябе падобнымі думкамі, каб узвысіцца ва ўласных вачах. Але нікому б не прыйшло ў галаву выказаць гэтыя думкі ўголас. І не таму, што яшчэ пабойваліся князя. Ён быў тут безабароннейшы ад апошняга. кацяняці. Але ж чаму? Ніхто са шляхцічаў не разважаў над гэтым. Проста кожны адчуваў, што ў прысутнасці князя выдаць свае думкі - тое ж самае, што зрабіць непрыстойны гук у гасцях. Іх распірала ад злосці на гэтага чалавека, тым болей, што яны не знаходзілі таму якое разумнае апраўданне.