Выбрать главу

Князь не зважаў на іх. Кароткім паклонам галавы ён адказаў на квя-цістае прывітанне графа і запытаўся:

- Граф, дзе маю гонар перамовіцца з вамі сам-насам?

Граф Пржэвіцкі ўпершыню чуў журботны і цвёрды голас князя. Ён быў прыемна ўражаны свецкімі манерамі свайго ворага, ад якога, начуты пра адзінотнае жыццё былога магната тутэйшых земляў, не чакаў нават звычайнай далікатнасці. Ён адчуў павагу да князя і нават гонар, што апошні прадстаўнік старажытнага роду не выказвае сябе больш высакародным, чым ён. "Хаця, канечне, князь ведае і этыкет каралеўскага двара!" - падумаў ён.

Граф па-прыяцельску ўзяў князя пад руку, падвёў да гасцей.

- Знаёмцеся, панове, князь Баляслаў Свіслоцкі! Гэта і ёсць наш зна-каміты пустэльнік з каменнага замку!

Прысутныя, начутыя пра князя, уважліва, але непрыкметна разглядалі яго. У адным з іх князь адразу пазнаў "чорнага камісара", як ахрысцілі яго свіслачане за нязменна чорную апратку. Іхнія позіркі на момант скрыжаваліся.

- Дабраверны князь, гэта праўда, што вы ўпершыню сягоння дзеля нас пакінулі свой замак? - пацікавіўся камісар. Хаця моўлена тое было з павагай і нават лёгкім паклонам, князю пачулася ў маладым голасе некаторая задзірыстасць і нават правакацыя. Магчыма, гэта было і не зусім так, бо князь проста адвык ад маладых мужчынскіх галасоў, але ён затрымаўся з адказам.

Граф, баючыся сапсаваць настрой гасцям, гулліва прамовіў:

- О! Чаго мне каштавала прывабіць князя на баль!

- Прывабіць? - з’едліва перапытаў князь.

- Князь, не варта непакоіцца. Абяцаны сюрпрыз хутка будзе прадстаўлены вам.

- Князя чакае сюрпрыз? - падзівіўся камісар. - Дарагі князь, калі б я ведаў, што, дзякуючы сюрпрызу, можна заслужыць ваш давер, не прымусіў бы вас чакаць ні адной хвілі! - не чакаючы адказу, ён павярнуўся да гра-фа. - Вы маеце жорсткае сэрца, граф!

Камісар ведаў, які сюрпрыз падрыхтаваў граф, але, як і зазвычай, без патрэбы не выказваў сваю дасведчанасць.

- Мой сюрпрыз патрабуе адпаведных дэкарацый, няхай князь Баляслаў не крыўдуе.

Граф бачыў нецярплівасць князя і разумеў, што ўжо атрымаў перамогу ў дуэлі на словах. "Галоўнае - дарэшты вывесці яго з раўнавагі, і тады можна спакойна адмовіцца аддаваць яму Даруту. Да таго ж, хто засведчыць, што гэта ягоная дачка? Не па-рыцарску аддаваць паненку неўраўнаважанаму чалавеку, які не мае належнага доказу, што з‘яўляецца ёй бацькам!"- граф нават пасміхнуўся такой выгоднай думцы.

"Падобна, граф не спяшаецца выконваць сваё абяцанне. Які сюрпрыз, калі я прыйшоў забраць маю дачку? - князь правільна зразумеў усмеш-ку графа. Ён болей давяраў сваёй зброі, чым гульні ў словы. Што ж, у такім выпадку яму давядзецца скрыжаваць са мной мячы! Але спачатку - Дарута!.." - ад гэтага імя шалёна забілася сэрца. І ўсё ж такі граф не выклікаў у яго агіды, нягледзячы на тое, што князь ведаў пра яго нямала прыкрага. Гэты капрызны, але нечым абаяльны чалавек увабраў у сябе як усё лепшае, так і брыдкае свайго асяродку. Ён прыйшоў на чужую зямлю забраць яе плён. Што ж, яго можна яшчэ зразумець. Але як зразумець тутэйшых хуткаспелых шляхціцаў, якія дапамагаюць яму ў гэтым? Як зразумець, што яны адразу паладзілі з тымі, хто наогул прыйшоў пры-свойтваць самую зямлю гэтую?.." - за думкамі князь не заўважыў, што за ім пільна сачылі дзве пары вачэй - графа і камісара.

Раптоўна граф нецярпліва пляснуў у ладкі:

- Але сюрпрыз сягоння чакае не толькі князя, а і ўсіх нас, панове!

- граф напышліва абвёў позіркам прысутных і двойчы пляснуў у ладкі.

З-за шырмы імгненна выскачыў Яцка. Ён так нізка схіліўся перад публікай, што скрыпка і смык утварылі падабенства крылаў за ягонай спіной, і адразу перакуліўся праз галаву, каб тут жа стаць на ногі і прай-сціся смыкам па струнах.

Што рабіла скрыпка ў ягоных руках! Як пярэвярцень, плакала немаўлём, раўла мядзведзем, каўкала, стагнала, скавытала, ціўкала, пішчала - ўсё гэта пад такія выкрунтасы ног і цела скрыпача, што гледачы, якім Яцка прапанаваў падрабляцца пад гукі скрыпкі, хапаліся за бакі ад смеху. Калі ўсе стаміліся ад гэтага прадстаўлення, граф махнуў рукой і Яцка знік за шырмай.

- Не шкадуйце, панове, ён яшчэ пацешыць вас фокусамі! - граф ганарыўся, што дагадзіў гасцям. "Трэба дараваць Зенку за гэтакі падарунак!" - прыгадаў ён свайго былога служку.

"Няўжо так здрабнеў чалавек!" - падумаў князь, якому гэтая пацеха здалася болей да месца на вядзьмарскім шабашы.