- Камісар! Даруйце мне, што перапыніў вас. Чаму вы, як мовілі, не зусім паверылі графу?
- Гэта хутчэй псіхалагічнае ўспрыняцце.
- Прашу вас, падзяліцеся са мной сваім меркаваннем.
- Нічога асаблівага. Проста пасля папярэдняга красамоўства канец успамінаў прагучаў неяк скамечана, нават абыякава.
- Магчыма, калі граф сапраўды быў настолькі закаханы, ён такім чынам не дазваляў сабе канчаткова абрынуцца ў пакуту?
- Магчыма, - пацвердзіў камісар, не жадаючы спрачацца на тэму, якая загадзя ўяўлялася бясплённай.
- Вы потым яшчэ сустракаліся з ім?
- Не. А вас сустрэў. Мне цікава было, чаму жанчына, якая выклікала магутнае, нязбыўнае пачуццё ў неардынарнага чалавека, аддала перавагу вам.
- Спыніцеся.
- Разумею. Прабачце за прамое пытанне, князь, але… вы ўпэўнены, што тут вашая дачка? Я на самой справе хачу памагчы вам, бо не думаю, што граф вырашыў аддаць яе. Хутчэй за ўсё тут нейкі падман. Кажуць, што ён стварыў сваёй паланянцы каралеўскія ўмовы і выказвае ёй каралеўскую пашану.
Князь скалануўся на слове"падман".
- Вымушаны прызнацца, што я не бачыў яе цяпер, хаця яна была ў маім замку. Я не ведаў, хто гэтая дзяўчына, ды і не цікавіўся. Яна хварэла, ёй быў забяспечаны добры догляд. Несумненна, што я ў хуткім часе ўбачыў бы яе. Але. ворагі апярэдзілі. - князь спахмурнеў, стараючыся справіцца
3 хваляваннем і гневам, якія пабілі ягоны твар на белыя і чырвоныя плямы. Неўзабаве ён супакоіўся. - Я памятаю Даруту трохгадовай дзяўчынкай. Але пазнаю адразу, не сумнявайцеся!
- Гм… - камісар быў упэўнены, што размаўляе з разумным чалавекам, і ўсё ж такі прастадушша князя не толькі пачынала раздражняць яго, але і насцярожыла. Ён не палічыў патрэбным разгортваць перад гэтым чалавекам звівы сваіх думак, якім было дадзена спасцігаць крывадушнасць чалавечага свету. Камісар прамаўчаў.
У суседняй зале абвясцілі пачатак балю.
4
Князь нудзіўся ўжо другую гадзіну. Наўслед нецярплівасці прыйшла невыносная напруга чакання. Камісар даўно перабраўся да гасцей і, зда-вался, бесклапотна бавіў сярод іх час за няспыннымі гаворкамі. У гасцёўні стаяў шчыльны гоман, перакрываючы нават музыку падчас танцаў у бальнай зале.
Госці, якія апроч Змогі ведалі толькі тое, што граф нейкім чынам знайшоў згубленую дачку князя, прагнулі меладрамы. Начутыя пра хараство князёўны, яны прыдзірліва аглядалі тутэйшых шляхцянак. Танцы пакрысе заглухлі. Музыкі яшчэ нешта вяла ігралі, калі граф зразумеў, што прыйшла пара прадставіць князёўну публіцы.
Князь памятаў гэтыя танцы. Нічога фактычна не змянілася з яго юнацтва. Баль, як і заўсёды, пачаўся з "Танца Вялікага", які хутчэй нагадваў урачыстае шэсце, чым танец. Модны менуэт, барабанная сарабанда, сялянская мазурка, амаль забыты карагод гавотаў… "І як ён зацягнуў усё гэта ў нашую глушэ-чу? - падумаў князь, здзіўляючыся неўтаймоўнай свецкасці графа. Пасля знікнення Дароціцы з дачкой ён не тое што не танчыў, але не бачыў і нават не ўспамінаў пра танцы. - Як я мог забыцца на той, першы танец з Даро-ціцай на балі ў гонар абрання на польскі трон Уладзіслава ІV!"
Князь памятаў, як абвясцілі прыход караля.
…- Уладзіслаў IV, ласкай Божай Кароль польскі, Вялікі Князь літоўскі, рускі, прускі, мазавецкі, жамойцкі, лівонскі, а таксама спадчынны Кароль шведаў, готаў, вэндаў, абраны Вялікі Князь маскоўскі…
…"Як усё хліпка ў нашым жыцці! Я мог не трапіць на той баль, і Дароціца магла б закахацца ў каго-небудзь іншага. Хаця б сабе ў караля! Горды каталік з уважлівым разумным поглядам пэўна ж ацаніў незвычайную прыгажосць Дароціцы. Нездарма ж апекаваўся мастакамі і музыкамі! Дароціца магла б закахацца ў яго! - князь раптоўна адчуў, як закалацілася ад нязгоды сэрца. - Няўжо рэўнасць, як і каханне, не зважае на час і нават на самую смерць?" - падумаў ён, упершыню прызнаючыся сабе, што жыве з гэтым пачуццём ад перахопленага ім позірку караля на юнае зялёнавокае стварэнне ў рамонкавых карунках, якое князь вёў у танцы.
…Князь і ганарыўся каралём, і шкадаваў яго, і ўявіць сабе не мог, як бы ўсё склалася, калі б той, у свае 15 год з дапамогай войска ягонага бацькі Жыгімонта абраны маскоўскімі баярамі рускім царом, не адмовіўся змяніць каталіцтва на праваслаўе. Гэта было жорсткай умовай каранавання, на якую Жыгімонт не даў згоды сыну. На рускі трон быў пасаджаны Міхаіл Раманавіч. Уладзіслаў з Хадкевічам ледзь што не ўзялі потым Маскву сілай. На жаль, Сейм адмаўляўся далей фінансаваць кампанію і давялося павярнуць назад ад Арбатскай брамы. Не было, мабыць, інакшага выйсця, як пагадзіцца на мір. Праўда, гэты шведскі паляк умудрыўся прадаць свае правы на рускі трон за 20 000 рублёў і, як ні дзіўна, пры гэтым менаваўся тытулам Вялікага Князя маскоўскага, пакуль не атрымаў у спадчыну трон пасля смерці свайго бацькі. Кароль быў не толькі няўдачлівым рускім царом ды гэткім жа непрызнаным каралём шведаў. Яму не шанцавала і з абранымі жанчынамі. З першай не атрымалася ажаніцца. Ад другой дзеці паміралі малымі. Ад трэцяй зусім не меў дзяцей, а пасля смерці дык і жонка разам з тронам перайшлі да стрыечнага брата…