…- Пан граф Эдвард Пржэвіцкі і паненка князёўна Дарута Свіслоцкая!
Гучная абвестка вырвала князя з роздуму так, што ён ажно скалануўся, баючыся падняць вочы.
- Што марудзіце, пан князь! - пачуўся насмешлівы вокліч графа.
Князь адчуў, як ягоны лоб раптоўна ўрасеў халодным потам. У гэты момант ён не меў моцы паверыць, што зараз убачыць сваё адзінае крэўнае дзіця.
Усе вочы былі скіраваныя на князёўну, якую ганарліва трымаў пад руку граф. Твар князёўны быў шчыльна захінуты белым вэлюмам. Яны нагадвалі жаніха і нявесту.
Госці разам зашумелі.
- Вэлюм!
- Адкіньце вэлюм! - патрабавальна загулі мужчыны.
- Пакажыце князёўну!
- Чаму хаваеце?
- Не таміце, пан Эдвард! - працяў гасцёўню капрызны жаночы голас.
- Я пакідаю права прадставіць князёўну вам, яе бацьку, пану князю Баляславу Свіслоцкаму! - граф адступіў на крок ад дзяўчыны.
Князь пастараўся суцішыць сваё хваляванне, каб не зрабіцца камедыян-там для гэтай публікі, якая, несумненна, пераключыла ўжо сваю ўвагу на яго. Ён рашуча падняўся з крэсла і накіраваўся да дзяўчыны.
- Вы дазваляеце мне адхінуць вэлюм? - ціха запытаўся князь у дзяўчыны.
У знак згоды дзяўчына проста хітнула галавой.
Асцярожна, нібыта голае птушаня, князь прыпадняў вэлюм.
Два спалоханыя, але смяшлівыя, хітраватыя вочкі выбліснулі на круглым дзявочым тварыку.
Тыя, хто мог разгледзець дзяўчыну праз галовы гасцей, пераглянуліся. Нехта знарочыста пазяхнуў. Князёўна была, бясспрэчна, прыгожая, але такіх тут знойдзецца з тузін.
Князь гэтак жа асцярожна, як падымаў, апусціў вэлюм.
- Вас падманулі, граф. Я не прэтэндую на гэтую мілую дзяўчыну, -сціснутым ад перажытага хвалявання голасам паведаміў князь. - Гэта не мая дачка. Я разумею жарты, але хацеў бы хутчэй абняць маё дзіця, - ён быў удзячны камісару, які своечасова падрыхтаваў яго да падобнага здзеку. Князь сустрэўся з ім вачыма, але камісар чамусьці адвёў свае на сцяну.
Граф нервова засмяяўся.
- Я спадзяюся, пан князь не забыўся, што жарты ўпрыгожваюць нашае жыццё?
Усе зразумелі, што адбылася падмена, і дружным смехам падтрымалі графа.
- Падрыхтуй паненку князёўну! - загадаў граф Паляне, якая тут жа адкінула з твару вэлюм і кінулася выконваць даручэнне.
Шляхта, якая колькі хвілінаў таму імкнулася не прапусціць ні слова, сустракаючы дзяўчыну, цяпер хіба што не свістала ёй услед.
Граф, перш чым пакінуць гасцёўню, махнуў рукой у бок шырмы, з-за якой зноў з’явіўся Яцка з корабам розных прыладаў для свайго штукарства. Цяпер ён займаў гасцей фокусамі на картах, штукамі з вадой і яйкамі. Але цікаўнасць гледачоў абуджалася толькі тады, калі ён выкрываў свае фокусы. Яцка не стаў бы тлумачыць свае фокусы, калі б не быў упэўнены, што ўсе ягоныя тлумачэнні імгненна пакідаюць сп’янелы, рассяроджаны розум шляхцюкоў. Царскім ваенным начальнікам не часта выпадалі забавы ды балі, і яны складалі адзіную публіку, на якой трымаўся Яцка.
"Божа, я болей не вытрымаю!" - узмаліўся ў думках князь, калі слуга, адчыняючы бакавыя дзверы, абвясціў прыход князёўны.
Да дзвярнога праёма з ледзьве асветленага калідора хутка, нават вельмі хутка, набліжалася дзявочая постаць у белым лятучым адзенні. Можна было падумаць, што гэта здань, калі б не граф, які ледзьве паспяваў за ёй, стараючыся падтрымліваць пад руку, каб выказаць сябе кавалерам.
Амаль што ў дзвярах дзяўчына прыпынілася і, захінаючыся ад яркага святла, ускінула перад тварам рукі, нагадваючы цяпер дзівосную белую птушку. Гэтае ўражанне дапаўнялі трапяткія белыя пёры ў дыядэме над купай бліскучых попельных валасоў, якія вольна падалі ёй на плечы. Граф занепакоена прыабняў дзяўчыну, але яна павяла плячыма, вызваляючы сябе, і асцярожна глянула з-пад паднятага локця. У гаманлівай да гэтага часу гасцёўні цішыня нагадвала тую, якая стаіць у лесе на дасвецці, чакаючы першай ноты, якую возьме нехта смелы з птушынага царства, прабіваючы шкарлупіну цемры, каб вылупілася да жыцця сонца.
Дзяўчына, мабыць, звыклася са святлом і паволі апусціла рукі.
- Дароціца! - нечаканы крык князя, не даў прысутным перавесці дыханне.
Дарута нічога не разумела. Яна пашукала позіркам таго, хто гэтак горка ўсклікнуў, але ўсё ўтаропіліся на яе, як у царкве на цудатворны абраз.