"Напэўна, той, белагаловы!" - здагадалася яна, загіпнатызаваная запа-ленымі прыцягальным агнём вачыма, і міжволі зрабіла крок да чалавека, які месціўся ў крэсле каля сцяны гасцёўні.
І князь апамятаўся. Ён хацеў падняццца з крэсла насустрач дзяўчыне, але ногі раптоўна не паслухаліся.
- Дарута! Ідзі да мяне! Дачка мая! - у роспачы паклікаў ён.
Дарута ад нечаканасці спынілася. "Божухна! Хто гэты чалавек? Чаму назваў дачкой? Мяне, якая ніколі не мела бацькі? Мяне, якая страціла нават тую, каго ведала за маці!" - яна ў разгубленасці азірнулася на графа.
Граф зразумеў гэта па-свойму.
- Пан князь! Вашая дачка выбірае мяне!
"Князь! - перад вачыма Даруты паплылі, закруціліся ўзбуджаныя, чырвоныя твары прысутных, утвараючы шчыльнае кола, дзе ўжо нельга бачыць некага асобна. У цэнтры гэтага кола, адрэзаныя ім ад свету, засталіся адзіна Дарута і князь. - Князь!.." - Даруце здалося, што яна зноў падае ў недагледжаны некалі дзіўны, глыбокі, сапраўдны сон.
…Маленькую дзяўчынку, якая ганарыцца сваёй блакітнай карункавай сукенач-кай, нясе на руках белавусы мужчына. Яны вельмі спяшаюцца - на карабель. Дзяўчынка ведае, што такое карабель. Ёй падабаюцца караблі. Яна бачыла іх неаднойчы скрозь гэтыя вузкія аканіцы, што мільгаюць падчас хуткай хады. Але дзяўчынка не жадае плыць на спакуслівым караблі без маці, якая ледзь паспявае за імі.
- Ма-а-амааа! - крычыць дзяўчынка і цягнецца да яе.
- Асцярожна! - кідаецца да іх захутаная ў рамонкі казачная жанчына з попель-нымі валасамі. - Дарута выкуліцца! - жанчына паспявае падхапіць дзяўчынку. - Вы ледзьве не страцілі дачку, князь!..
- Вы ледзьве не страцілі дачку, князь. - паўтарыла Дарута, падаючы некуды яшчэ глыбей ад гэтага сну…
У поўным зняменні, якое ахапіла сведак гэтай сустрэчы, апошнія словы князёўны чулі ўсе. Але толькі граф паспеў падхапіць дзяўчыну на рукі. Ён упершыню і, можа стацца, у апошні раз трымаў яе так блізка да сэрца, што ні за якія выгоды свету не выпусціў бы цяпер са сваіх рук. Граф нёс яе скрозь пакоі палаца і шчыра жадаў, каб гэты шлях быў даўжынёй у ягонае жыццё.
Князь, якога страта прытомнасці Даруты імгненна паставіла на ногі, не паспеў падхапіць дзяўчыну і цяпер моўчкі ішоў за графам, не ведаючы, як падступіцца да сваёй дачкі, як растлумачыць ёй цяпер, што не ягоная віна ў такім доўгім расстанні. "А чыя ж тады віна?" - задаваў ён сабе жорсткае пытанне і не знаходзіў адказу.
Госці спачатку занепакоена рушылі следам за князем, але пакрысе адсталі і вярнуліся ў залу. Хмель пакінуў іх. Яны і цвярозымі не вельмі выразна ўяўлялі сабе, што адбылося на іхніх вачах. Але нечакана ў душы, нібыта з імглы, паднялося нешта мяккае, шчымлівае, не абцяжаранае пралітай крывёй і прагай золата, лютасцю ад цяжкасцяў жыцця і зай-здрасцю. Магчыма, бацькоўская любоў і мужчынскае каханне зачапілі іх сваімі крыламі. Калі праз нейкі час вярнуўся граф, яны па-ранейшаму перашэптваліся між сабой.
- Прашу прабачыць! Князёўна з дзяцінства не бачыла свайго бацьку і атрымала моцны ўдар ад нервовага напружання пры сустрэчы, якую вы бачылі, - паведаміў граф гасцям. - Мае слугі зараз скачуць да ўсіх вядомых тутэйшых лекараў. Патрабуецца кансіліум. А пакуль што мой лекар прыкладае ўсе намаганні, каб прывесці князёўну ў прытомнасць. Калі хто ведае, прывядзіце святара, яна. праваслаўнай веры. - граф ледзьве не сказаў "мужыцкай", чым, несумненна, пакрыўдзіў бы маскавітаў. - Прывядзіце. Яе жыццё ў небяспецы. Князь выказаў жаданне застацца ў мяне, пакуль тут князёўна.
Граф саманадзейна спадзяваўся на тое, што страта прытомнасці не-сапраўдная, што гэта ўсяго хітрыкі князёўны, якая не жадае пакідаць яго і вяртацца ў каменнае логава, свой мужыцкі замак на кургане. Калі разыдуцца госці, ён выдаліць князя з маёнтка і, можа быць, гэтага будзе дастаткова, каб князёўна ачуняла.
Госці пачалі разыходзіцца, раз’язджацца, каб потым кожны ў сваім за-кутку дома і душы перажыць усё нанова, апавядаючы тым, хто не бачыў гэтага на свае вочы.
5
Князь не знаходзіў сабе прытулку ў замчышчы. Ён аддаваў нейкія за-гады, адказваў на пытанні, нават не ўсведамляючы іх сутнасці. Калі нешта потым усё ж такі ўсплывала ў свядомасці, шчыра здзіўляўся таму, што даваў разумныя адказы і загады, нібыта рабіў гэта хто іншы, а не сам ён.
Вярнуўся атрад з млына. На падворку разгружалі мяхі з вазоў. У паветры адчуваўся шчыльны, адначасна прэсны і крыху саладкаваты пах здаровай свежазмолатай мукі. Князь дакрануўся да меха з мукой. "Нават цеплаваты на дотык! Сухая мука!" - абрадваўся ён. - Можна адразу складаваць, каб спела."