"Хуста!" - нечакана ўзгадаўся наказ Марухны…
…Дарута ведала пра якую хусту казала маці. Марухна хавала яе на саменькім донцы куфра, не дазваляючы нават дакранацца да гэтай каштоўнасці - зеленавата-блакітнай танюсенькай ваўнянай тканінцы, аздобленай срэбнымі ніткамі ды расшытай у кветкі, пялёсткі якіх складаў жомчуг, а сярэдзіну залатыя пацеркі, мела форму расцягнутага кола, нагадваючы рамонкавую паляну, дзе кветкі разам павярнулі свае галоўкі да ранішняга мяккага сонца. Даруце часам здавалася, што яна памятае гэтую хусту ўсё сваё жыццё.
- Пасаг твой! - мовіла Марухна аднойчы. І заўсёды маўчала на пытанні малой аб паходжанні гэтай незвычайнай рэчы ў іхняй сям’і. Часам дзяўчынка чаплялася дужа моцна і маці жартавала, што дзяўчаты пра ўсё даведваюцца на сваім вяселллі. І, калі раней Дарута адразу пачынала распытваць Марухну пра вяселле, дык аднойчы адступілася назаўсёды. Вяселле пачало здавацца ёй страшнай падзеяй у жыцці і набліжаць яго сваёй цікаўнасцю яна не хацела. Дарута нікому, нават Войцеху не распавядала пра тое, што неўспадзеў давялося ёй ўбачыць у лесе.
Яна пабегла тады ў лес на саменькім золку. Шлях быў не блізкі. Нягледзячы на познюю восеньскую пару, Дарута спадзявалася знайсці познацвет - незвычайна прыгожую вялізную кветку, што вырастае з цёмнай, халоднай, сырой зямлі тады, калі ўжо нават дрэвы амаль страцілі сваю лістоту і цвіце, не зважаючы на першыя прымаразкі, падымаючы штодня новую пяшчотнаружовую галоўку.
Дарута бачыла іх залетась каля паштовага шляху, вяртаючыся з Брыцалавіцкіх балотаў з поўным кошыкам журавінаў. На гэты раз яна вярталася, трымаючы ў руцэ букецік ружовых кветак, перавязаных маленечкай ліянай цёмназялёнага плюшчу. Дарута хацела ахвяраваць гэтыя дзівосныя кветкі самай прыгожай, самай чароўнай дзяўчыне, на якую не маглі надзівіцца вочы кожнага, хто спы-няў на ёй погляд. Жданка і Войцех павінны былі ў той дзень пабрацца. Праз нейкую пошасць, што выкасіла ў свой час палову Шэйпічаў, Жданка засталася сіратой, і ў маленстве жыла па суседзях. Цяпер усёй вёскай сабралі ёй пасаг, каб праводзіць у хату Войцеха.
Дзень пачаўся добра, сонца, хаця і нізкае гэтай парой, стварала ўражанне святочнага настрою і нават цеплыні. Дарута радасна бегла якраз насустрач сонцу, калі да яе даляцелі гукі не тое палявання, не тое пагоні. Яна ўжо чула як невядомы звер ломіцца праз нізкарослы гушчар на ўзгорку і саступіла з ледзь прыкметнай сцежкі да сасны, каб на ўсякі выпадак схавацца за ёй. Зямля правалілася пад Дарутай роўна ў той момант, калі яна ўбачыла Жданку, якая выбегла з гушчара. Скрываўлены белы твар са страшэнна вырачанымі вачыма - над букецікам дзівосных кветак у ашчадна ўзнятай пад час падзення руцэ Даруты. Спрабуючы нажом, з якім яшчэ малечай ніколі не расставалася, зачапіцца за край ямы, Дарута чула жудасныя крыкі Жданкі, лаянку невядомых ёй паляўнічых. Толькі ўвечары па прыступках, выдзеўбаных нажом у рыхлай лясной глебе, што абвальвалася пры кожнай спробе выбрацца, дзяўчына пакінула звярыную пастку.
Ад бездапаможнасці і жалю да Жданкі Дарута праплакала на лаве ўсю ноч. Маці моўчкі атуляла яе, давала піць нейкія ўзвары.
…Нават цяпер, у гэты дзень, поўны смерці, крыві і агню, Дарута скла-нулася ад жахлівага ўспаміну. Яна спыніла коней і хуценька вярнулася ў хату. Ад дыму і гарачыні было цяжка дыхаць. Стараючыся не думаць пра яшчэ жывога цівуна і двух другіх, цераз якіх ёй давялося пераступіць, Да-рута імгненна вывернула долу змесціва куфра. Берасцянка з хустай цяпер апынулася на самым версе. Дзяўчына засунула яе за пазуху і прыхапіла яшчэ два скруткі палатна на пахаванне Марухны.
Ад’язджаючы, Дарута не азірнулася на палаючае знявечанае жытло.
2
Адразу ад хліпкага мастка праз Рэгулянку пачынаўся густы лес. Колы брычкі падскоквалі на тоўстых, вылезлых з зямлі каранях магутных сос-наў, што раслі абапал вузкай лясной дарогі, якой карысталіся тут падчас нарыхтоўкі драўніны - на будоўлю, або на дровы. Дарута праязджала бліз таго месца, дзе два гады таму прама на яе выбегла скрываўленая Жданка. "Калі б не нож, падараваны Азай, ці выбралася б са звярынай пасткі? -Дарута намацала на шыі матузок і дастала навязаны на ім свой нож. - Дзіўна, але пад час бойкі ў хаце нават не ўзгадала пра яго…"
…Аднойчы напачатку лета да іх з Марухнай неўспадзеў далучылася цыганка Зара. За некалькі гадоў сумеснай вандроўкі Зара навучыла маленькую Даруту разбірацца ў зёлках, мовячы, што гэта будзе яе ключом ад замкоў мінулага і будучыні. Дзеля таго, маўляў, Зара і пайшла з імі. Цыганка вучыла Даруту слухаць зямлю, ваду, паветра, а таксама размаўляць з птушкамі, звярамі. Яна казала, што, каб разумелі цябе, трэба выразна ўяўляць самому тое, што гаворыш. А каб самому зразумець іншага, неабходна забыць пра сябе і асабліва тое, што ты не ведаеш мову, бо ў адрозненне ад зёлак, усе мовы маюць адно карэнне. Толькі ў дрэваў яно ў зямлі, а ў моваў у небе. Разумець чалавеку замінае не чужая мова, а тое, што ён жадае слухаць толькі сябе самога. Вось жа цыганы і дзеці разумеюць!