Выбрать главу

"А Уладзіслаў шырокіх поглядаў быў! Не зацяты. Сеў бы на маскоўскі сталец, а там, глядзіш, маючы ўладу, можна было б і пазбегнуць войнаў між сабою. Ці здолее трэці на ягоным жыцці кароль Ян ІІ Казімір Ваза ваяваць з Аляксеем Міхайлавічам за гарады Літвы? Няўжо людзі не разумеюць, што сеючы ліха, ліха і пажнуць? Вось і Даруту, непрытомную, вымушаны быў пакінуць на міласэрнасць ворагаў…" - папраўдзе, князь меў вялікі сумнеў у іхняй міласэрнасці, але надзея не пакідала яго. Што ён мог зрабіць са жменькай старой дружыны ды колькіх лясных ваяроў?

Толькі чакаць і спадзявацца, што моц, дадзеная князёўне роднай зямлёй, не пакіне яе ў гэтым выпрабаванні. І тады… - князь ведаў, што здолее паслужыць ёй верай, праўдай і сваім жыццём. - Трэба толькі навучыцца разгадваць клюкі19 ворагаў. Не так тых, каго сустракаеш са зброяй тварам у твар, як тых, хто за спінай пляце свае шматаблічныя моты, торгае за нябачныя нітачкі цэлыя народы, як камедыянт лялькі ў батлейцы…"

Князь раптам заўважыў, што, не зважаючы на цяжкія думкі, за той час, на які яго пакінулі жаль ды крыўда на самога сябе, ягоныя розум і дух не толькі адпачылі, але і напоўніліся новай свежай сілай.

- Бог дапамагае тым, на каго ўскладае спадзяванні, роўна як і выпра-боўвае! - нечакана ўголас усклікнуў князь, быццам бы вырашыў нейкую спрэчку з самім сабой. Падсумоўваючы тым свой роздум, князь вырашыў, што павінен дзейнічаць, ён мае ўсе правы бацькі і тутэйшага патомнага князя патрабаваць сваю дачку ў графа.

Князь пакланіўся партрэту Дароціцы і пакінуў спальню. Але хутка вярнуўся. У таемнай схованцы за партрэтам ляжалі спадчынныя жаночыя ўпрыгожванні ягонага роду, падараваныя ім маладой жонцы ў дзень прыезду ў замак, які на той час змяніў ужо не аднаго ўладальніка, але быў удала выкуплены князем. 3 той пары замак належаў яму, апошняму і адзінаму дзедзічу.

- Нічога, - зноў уголас прамовіў князь, звяртаючыся да мураваных сценаў, - цяпер у вас ёсць і дзедзічна!

- Гаспадар, за ірвом нейкі малы кідае каменьчыкамі ў браму і крычыць, што яго чакае князь, - нерашуча даклаў слуга.

Князь хутка засунуў каштоўнасці зноў у скураны кашэль і накіраваўся на падворак.

Па кладцы, перакінутай над ірвом, імгненна перабег рухавы, радасны мальчук. Ён назваўся пляменнікам ключніцы, 3енкавай сяброўкі.

Зенка паведамляў, што Дарута на раніцу ачуняла і пыталася пра князя. Граф узяў яе пад замок і нават прыставіў да пакоя варту. Падлетак ведаў, што аднаго з вартаўнікоў клічуць Тамашам.

Князь насцярожыўся. Вартуюць таго, каго абараняюць ад ворагаў, або таго, хто збіраецца ўцячы. У абодвух выпадках чакаць дабра не даводзілася, тым болей, што граф не выканаў свайго абяцання паведаміць яму, калі да князёўны вернецца прытомнасць.

Мальчук, якому было загадана перадаць Зенку, што князь выпраўляецца ў маёнтак, хутка знік за абрывам над Свіслаччу.

Князь ужо начуўся пра сквапнасць графа, разлічаная шчодрасць якога дорага абыходзілася таму, на каго была скіраваная. Можна было спадзявацца, што граф не адмовіць мяккаму, уедліваму бляску скіфскага золата і пранізліваму, сляпучаму ззянню вялікамагольскіх адамантаў і карундаў. Раней князю і не ўяўлялася нават, што ён здольны сам аддаць гэтыя скарбы ў рукі ворага. Але цяпер, не вагаючыся, ахвяраваў бы ўсім, чым валодаў, каб вызваліць сваю дачку. Вядома, ён паднясе гэта графу, як падарунак за клопат аб князёўне. Хто ж адмовіцца ад такога падарунка? Хіба што Радзівілы. Прыкра, але што яшчэ заставалася ў яго апроч замчышча і зямлі, што карміла князя і ягоных людзей, якія зараз сядлалі коней.

Нізкае, пабранае алавяным бляскам вока сонца журботна глядзела ў спіны княжай світы, што імчала наўскач па напоенай дажджамі, пабранай ледзяной коркай, бліскучай дарозе, прабіваючы тонкі лёд, рассыпаючы ў гразь адаманты пырскаў, што высякалі падкаваныя капыты буланых коней.

ЧАСТКА IV

НА АДЛЕГЛАСЦІ БЯСПЕКІ

1

Дарута не магла адразу ўцяміць, дзе яна знаходзіцца і як апынулася тут. Яна паспрабавала сесці на ложку, але гэта ў яе не атрымалася. Усё цела смылела, як пабітае, не даючы нават паварушыцца.

- А-а-а! - закрычала яна ад нясцерпнага болю.