Выбрать главу

"Пабітае… пабітае…" - насцярожылася Дарута, высільваючыся прыгадаць нешта вельмі важнае для яе, але ў гэты момант у пакой убегла ўсхваляваная Паляна.

- Ачомалася! Бач ты! Жывучая! Ужо ніхто і не спадзяваўся! Пан граф нават скуру пагражаў з мяне спусціць, калі не выцягну цябе з таго свету. Нейкая ж гадаўка шапнула яму пра мяне такую лухту, быццам я шапту-ха якая. Хіба ж я здольная вяртаць людзей з таго свету? Гэта бабка мая ведала ўсё пра гэты свет і пра той, а я што? Калі б мне такое ўмельства, табе б тут і не бываць… - Паляна зразумела, што сказала лішняе. - Пайду пану скажу! Толькі не ўставай з пасцелі, тры дні праляжала, - дадала яна ўжо выходзячы.

Пакуль Паляна зачыняла за сабой дзверы, у праём зазірнуў Тамаш. Дарута адразу пазнала яго, але не было моцы нават жахнуцца, ды, здавалася, апроч цікаўнасці нічога і не адбілася ў ягоным позірку.

Тамаш… Паляна… Дарута прыгадала, як яе ў смярдзючай торбе цягнулі па каменных прыступках княскага замка. Людзей, якія грэбліва пазіралі, калі выкулілі яе перад графам з паганай торбы.

- Князь!.. Божухна! Ён назваў мяне дачкой!.. - Дарута, высільваючыся асэнсаваць гэта, ледзьве зноў не ўпала ў забыццё. Бліжэй да вечара яна ўжо ўсведамляла ўсё, што адбылося з ёю апошнім часам.

Паляна запальвала свечкі, калі ў дзверы пакоя нехта грукнуў. Яна разгублена зірнула на Даруту.

- Гэта, мабыць, граф… - прашаптала служанка, падыходзячы да дзвярэй. Яна даставала прыхаваны ў кішэні ключ, калі ў адамкнёныя дзверы імкліва ўвайшоў граф.

- Маю гонар, - ён пакланіўся з парога сваёй паланянцы.

Паляна выслізнула за дзверы.

- Дзе князь? - запыталася Дарута ў адказ на прывітанне.

Граф змушана ўсміхнуўся.

- Не ведаю, мая прынцэса. Магчыма, князь проста забыўся на вас, - ён нібыта разгублена паціснуў плячыма.

- Дапусцім. Але чаму тады вы трымаеце мяне ў палоне? Гэтая варта, замкнёныя дзверы - навошта яны?

- Мілая князёўна, я не ведаю, адкуль вы ўзніклі на гэтай зямлі, але ве-даю, што вам ужо хапіла пакутаў на ёй. Пакуль жывы, я не магу дазволіць, каб вы, якая, нібы цудатворная ікона, так нечакана з’явіліся ў маім маёнтку, зноў пацярпелі трывогі, боль і здзек, як сталася з вамі зусім нядаўна.

- Вось і выпусціце мяне адсюль! - усклікнула Дарута.

- Няўжо вам так блага тут? - непадробна здзівіўся граф.

- У палоне? - таксама шчыра здзівілася Дарута.

- У палоне майго кахання, князёўна! Я не магу болей таіцца ад вас, стрымліваць сябе. Я даведаўся, што вы апрытомнелі. Гэтымі днямі я спрабаваў забыцца на вас, спадзеючыся, што вернецца спакой, які пакінуў мяне з першага імгнення, як вы з’явіліся ў маім маёнтку. Але я ўсё адно думаў пра вас, марыў аб вас, уяўляў вас штохвілі перад маімі вачыма! Вы не пакінеце мяне! Абяцайце, што не пакінеце, і я выпушчу гэтую чароўную птушку з яе залатой клеткі! Я прыйшоў сюды, бо не мог болей трываць, не мог іначай! Дзівіцца на вашае хараство, каралеўскі спакой і рашучасць, ды і проста быць побач з вамі - адзінае, чаго прагне мая душа і вочы! - граф прыкметна хваляваўся. Ягоныя рукі то ўзнімаліся ўгору, нібыта шукаючы там падтрымкі, то бязвольна апускаліся падчас таго, як ён спавядаўся ў сваіх пачуццях. - Я не магу, не маю права страціць вас, якую так шчасліва сам лёс прывёў сюды! І вы будзеце шчаслівай, Дарута! Я абяцаю вам! Толькі не адмаўляйце мне! Вы не ведаеце, што я перажыў за гэты час… - граф памаўчаў. - Я разумею, што ўсё гэта надзвычай сур’ёзна для вас, але, паверце, вы першая зямная жанчына, каго малю я сысці да мяне з вышыні, якую падаравалі вам вашыя род, таленты, прыгажосць. Прашу з заміраннем сэрца, якое не ажыве, калі вы адвернецеся ад мяне! Прашу са слязамі на вачах маіх! Прашу на каленях! - граф насамрэч прыпаў на калені перад Дарутай, якая, лежачы на канапе, цікавала шырока расплюшчанымі вачыма на гэты нястрымны націск, паток, які вабіў яе, зносіў яе ў невядомасць, кружыў галаву, перахопліваў дыханне. Яна не ўяўляла нават, што можна так гаварыць пра каханне. У графа, сапраўды, на вачах былі слёзы. Ён ужо палка цалаваў рукі Даруты.

"І калі толькі падабраўся! Ах, гэтыя мяккія пухнатыя кудзеркі! Як пяшчотна рассыпаліся яны па руках!" Дарута раптам падумала, што граф не бачыць яе, што калі б зараз падмяніла яе любая жанчына, хаця б сабе тая самая Паляна, граф не заўважыў бы падмены. Чаму ж пасля палкіх прызнанняў граф ніводнага разу не паглядзеў ёй у вочы і нават у твар? У гэтым было нешта прыкрае, нават несапраўднае. Дарута не ведала яшчэ, ніколі не назірала праяваў жарсці. Яе прыродная чысціня і шчырасць падказвалі, што граф у гэты час быў горай ад сляпога. Увесь ягоны выгляд, запаленыя вочы, апякаючыя вусны, запалыя шчокі, нястрымнае трызненне казалі пра тое, што чалавек гэты хворы.