- Досыць, - прашаптала яна, шкадуючы графа і памалу вызваляючы свае рукі з ягоных далоняў, - досыць.
- Не! - усклікнуў граф. - Абяцайце, што будзеце маёй. Дайце мне гэтае вялікае шчасце! Я выпакутаваў яго! Вы павінны даць мне тое, дзеля чаго я толькі што адмовіўся ад багацця, пашаны, абакраў маю сям’ю! Я злачынца, князёўна! - графа ажно калаціла ад перажывання. Ранкам, дзякуючы каштоўнасцям, прапанаваным яму князем у якасці падарунка за клопат аб князёўне, ён мог разам зрабіцца адным з самых багатых і ўплывовых асобаў Кароны, апраўдаць гады і сродкі ўкладзены ў тутэйшую зямлю, вырашыць усе свае грашовыя пытанні і спадзяванні. - І ў гэтым вінная вы!
- Я не разумею вас! - шчыра прызналася Дарута. Граф казаў, нібы трызніў, яна не магла прасачыць за ягонымі думкамі. - Калі вы маеце на ўвазе, што, мабыць, з вашай ласкі мяне скралі ў князя, то я зусім забудуся на гэта і нават буду ўдзячная вам за ўсё, калі вы адпусціце мяне. - Дарута не хлусіла. - Зразумейце, я зараз ні аб чым не магу думаць, апроч князя. Маё сэрца, як і думкі, належаць яму. І я не магу пазбавіцца гэтага, пакуль не ўбачу яго, пакуль ён сам не верне мне спакой.
- Вы яшчэ не ведаеце яго! - ускінуўся граф. - Гэта чалавек з магілы! Ён даўно завяршыў свой зямны шлях! Куды вы рвяцеся?! Да каменнай магілы з мерцвяком? Дарута! Вы гарачая, жывая! Вы пахаваеце сябе жыўцом замест таго, каб пражыць прыгожае жыццё разам са мной, упрыгожыць маё жыццё, мой палац! Дарута, гэты маёнтак, дзе я размаўляю зараз з вамі - хлеў у параўнанні з тым, што красуецца на маёй радзіме. Не, я не маю права адпусціць вас! Вашай маладосці не знаёмыя яшчэ чалавечыя падступствы і здрады. Я павязу вас у Варшаву! Вы будзеце самым бліскучым смарагдам каралеўскага двара! Там умеюць цаніць і шанаваць жаночую прыгажосць! Сам кароль будзе цалаваць вашыя дзіўныя рукі! А я… я буду вашым ценем, халопам, вартай, адно, каб вы не прагналі свайго маленькага графа ў вялікасці сваёй будучыні, якую я дам вам, князёўна! Я дам вам тое, на што ваш трухлявы князь не здольны. Я адчуваю вашую чароўную цнатлівасць, вашую жаночую моц, і я зраблю вас непераможнай! Я навучу вас кахаць! І дорага будзе каштаваць вашае каханне таму, хто насмеліцца прасіць яго ў вас! Я буду вашым добрым анёлам і паслухмяным д’яблам - як пажадаеце, князёўна! Я пакладу да вашых ног усё мае багацце, і, паверце, мала хто ў Еўропе не зайздросціць мне! У мяне моцныя сувязі. Са мной вы будзеце жыць, як Бог у Францыі. Гэты свет будзе скакаць вакол нас, я шмат зрабіў дзеля гэтага! Але мне патрэбная вашая падрымка, вашая моц, князёўна, і яна ў вашым каханні! Падарыце мне яго! - граф упаў тварам у далоні Даруты.
Палымяныя словы графа аднеслі Даруту кудысьці далёка-далёка, можа быць у тую казачную Варшаву, якую прыгадаў граф…
- Божа! - нечакана апамяталася дзяўчына. Гарачыя дрыжыкі разам з марозам пабеглі па ейным целе. Яна рэзка адштурхнула графа, які скрозь тонкую, амаль празрыстую карункавую сукенку ўжо лашчыў яе маленькія, але да болю адчувальныя грудзі. Ёй нават хацелася сарваць з сябе сукенку, якая, здавалася, гарэла на ёй. Напэўна, яна так бы і зрабіла, калі б ведала, што ўлетку граф набыў гэтую сукенку ў паўднёвых купцоў для сваёй жонкі…
Граф пакрыўдзіўся на Даруту. Ён не разумеў - калі жанчына дазваляе кавалеру так наблізіцца, навошта затым абараняцца? Граф з-пад ілба назіраў за дзяўчынай. Што гэта? Грубае какецтва? Але яно ўласцівае вопытным паненкам, а князёўна, якая толькі што гэтак натуральна азвалася ўсім сваім целам на ягоныя пяшчоты, ужо глядзела на яго ласкава, спакойна і нават са спачуваннем.
- Цяпер я не разумею вас, князёўна! - гняўліва прамовіў граф.
- Дайце мне магчымасць сустрэцца з бацькам! - Дарута ўпершыню назвала бацькам князя, і гэта ў яе прагучала выклікам.
- Ну што ж… Пакуль я пакідаю за вамі адну магчымасць: добра абдумаць маю. - граф не знаходзіў патрэбнага слова і таму проста закончыў сказ, - абдумаць тое, што я казаў вам тут! - ён імкліва пакінуў пакой Даруты.
3 гэтага дня ў Паляны адабралі ключ ад пакоя Даруты і цяпер служанку ўпускалі і выпускалі вартаўнікі.
2
Князь штодня назіраў за нечаканай новабудоўляй з акна сваёй бібліятэкі. Ён яшчэ не ведаў, што новая ўлада вырашыла ўзвесці побач з замчышчам будынак Разбойнай управы, каб заадно да пары трымаць пад кантролем уязную браму. "Надоўга збіраюцца тут застацца, - падумалася яму. У вершніку, які прыпыніўся каля будоўлі, князь пазнаў свайго новага знаёмага. - Бач ты, камісар прыехаў! Напэўна, цікавіцца справамі, у якія ўмешваецца паўсюдна".
У нейкі момант князю падалося, што іхнія погляды сустрэліся і ён нібыта зноў пачуў: "Тым болей у мяне падставаў заслужыць вашую ўдзячнасць…"