- Бясспрэчна, - пагадзіўся камісар.
- Бачу, што вас не адарваць ад партрэта, запрашаю ў бібліятэку, там нам ніхто не будзе замінаць, - пажартаваў князь.
У бібліятэцы камісар з цікавасцю агледзеўся. Пасля княжай спальні бібліятэчны пакой здаўся яму панылым, пазбаўленым цеплыні чалавечай прысутнасці, не зважаючы на паліцы з мноствам кніг, а, можа быць, якраз дзякуючы абыякавасці, з якой глядзелі іхнія цёмныя вокладкі на чалавечы свет. На адной сцяне месціліся карты, знаёмыя камісару з часоў ягонага дзяцінства. Увагу камісара прыцягнула адна, пакладзеная паверх іншых на вялікім стале.
- "Горад Смаленск, вызвалены Уладзіславам IV, Божай ласкай каралём Польшчы і Швецыі, непераможным васпанам, які аблажыў аблогу горада маскавітамі з саюзнікамі, перамог сілай зброі варожыя войскі і дараваў ім жыццё з нечуванай міласэрнасцю. Год 1634, - прачытаў камісар, ад-разу перакладаючы лацінскі надпіс уверсе ліста. - Доктарам Іяганам Плейтнерам ваенным архітэктарам Яго Каралелеўскай Вялікасці, на месцы вычарчанае, вымеранае і пазначанае ў 1634 годзе. Вілемам Хондзіусам, прывілеяваным халькографам, іканаграфам і перспектывістам на службе Яго Каралеўскай Вялікасці гравіраваныя. Гданьск, 1636…" - пераклаў з латыні камісар і надпіс унізе ліста. - Упэўнены, што вы, князь, асаджалі нас пад Смаленскам! - камісар азірнуўся на князя.
- Я казаў ужо, што вам усё наперад вядомае. Цяпер бачу, што ад вас няма таямніц і ў мінулым. Так, я быў пад Смаленскам з маёй дружынай. - князь замаўчаў. Ён не жадаў дзяліцца з камісарам успамінамі пра падзеі таго часу. На жаль, перамогі не бываюць вечнымі. - Але чаму вы перакладалі надпісы з латыні ўголас? Для мяне? - здзівіўся князь, адчуваючы нешта калі не дзіцячае, дык вучнёўскае ў перакладзе камісара.- Я добра бачу яшчэ…
- Ой, даруйце мне! Мушу прызнацца вам, што латынь з малых гадоў чамусьці не давалася мне. Я проста чытаў словы ў сказе. Нешта ўва мне супраціўлялася, не дазваляючы ўсведамляць сказ цалкам, хаця паасобку я ведаў усе словы. Мне цяжка гэта растлумачыць. Здаецца, што мяне гэта не займала, і, чытаючы сабе пад нос, я ў думках быў вельмі далёка. І тады настаўнік латыні прыдумаў, каб я чытаў уголас, адразу перакладаючы. Гэта патрабавала цалкам увагі і не дазваляла блукаць у думках. Так вось і сталася… - камісар раптам пачырванеў і разгублена развёў рукамі.
Князь адчуў, што пазірае на камісара з нечаканай для сябе цеплынёй і клапатлівай паблажлівасцю: "Можа быць, ён і хлусіць, але тое, што пачырванеў, апраўдвае яго ў любым выпадку".
- Калі вы не супраць, я адразу выкладу вам сутнасць справы, дзеля якой шукаў сустрэчы з вамі.
- Запэўніваю, князь, што слухаю вас уважліва.
- Пачну з моманту, калі ў той цяжкі вечар, я пачуваў сябе самым шчаслівым чалавекам на гэтай зямлі…
- Я так разумею, што вы пра сустрэчу з дачкой у пана Эдварда? - паспешліва пацікавіўся камісар.
- Так, у графа Пржэвіцкага, - сумна пацвердзіў князь.
- Мне нічога не вядома пра вяльможны род Пржэвіцкіх, хаця думаю, што пан Эдвард насамрэч вяльможа.
- Як так? - разгубіўся князь.
- Не ведаю. Магчыма, у яго ёсць падставы хавацца за гэтым прозвіш-чам. А, можа, нешта змянілася ў Рэчы з таго часу, як я вывучаў радаводы Еўропы. Я не бачыў ягоных папер, - абыякава канстантаваў камісар. - А чаму гэта ўсхвалявала Вас?
- Дарута!
- Нарэшце ўспомнілі! Дарэчы, дазвольце мне выказаць маю пашану і захапленне князёўне! Прадстаўце мяне, калі ласка, вашай дачцэ! - голас маладога мужчыны міжволі выкрыў хваляванне.
- Яе няма. - князь замаўчаў і, не маючы моцы прадоўжыць сказ, па-простаму развёў рукамі.
Камісар уважліва, з прытоеным здзіўленнем угледзеўся ў расшыраныя зрэнкі князя.
- Не разумею. Няўжо вас абурыла мая просьба? У любым выпадку прашу прабачыць мяне, калі яна здалася вам нетактоўнай.
- Як вашае імя, камісар? Мне хацелася б звяртацца да вас не так афіцыйна…
- Раман, - камісар падняўся з крэсла на ўвесь рост і пакланіўся князю.
- Дзякую… - князь павагаўся, не ведаючы, ці мае камісар які тытул, варты, каб паставіць перад ягоным імем.
- Я вас слухаю, князь Баляслаў! - камісар не хацеў тлумачыць князю гісторыю свайго роду, каб часам не выклікаць недаверу, або нечаканага суперніцтва. - Здаецца, так вашае імя гучыць у гэтых мясцінах? - весела дадаў ён, вяртаючыся ў крэсла.
- А! Я прыгадаў! Вы памятаеце маё імя з графскага балю! Адкуль граф, прышлы ў гэтых мясцінах, даведаўся, не разумею. Думаю, тут мала хто яшчэ памятае маё імя. Нават у дружыне амаль усе чальцы - дзеці маіх былых паплечнікаў-ваяроў. Для іх я проста князь… Былы…
- Чаму так сумна? У вас паважаны ўзрост, але ж не ўсе і дажываюць да яго, тым болей з такімі прыгодамі лёсу ды з вайны ў вайну…