- Я? - здзіўлена перапытаў Раман. У ягоных вачах бліснула кароткая смяшынка. - У такіх абставінах?
- Зразумейце мяне правільна!
- Звярнуўся б да сябе. Калі можна так сказаць.
- А на маім месцы?
- Да мяне. І вы ўжо звярнуліся, князь.
- Дапусцім. А што будзеце рабіць вы?
- Паспрабую сам высветліць вашае пытанне ў графа.
- А калі ён адмовіць і вам?
- Гэта будзе неразумна з ягонага боку.
- І ўсё-ткі?
- Далучу прыстава.
- Лічыце, што гэтае спрацуе ў часе ваеннага становішча? - недаверліва пацікавіўся князь.
- Улада на тое і дадзеная, каб парадак дазволіў нам знайсці праўду ў любых абставінах. І калі вы не можаце супрацьстаяць уладзе, дык мусіце хаця б фармальна падпарадкоўвацца ёй і тым болей выкарыстоўваць у сваіх мэтах.
- Што можна проціпаставіць, калі вашае войска прыйшло не з мір-най прапановай ці словам мудрасці, не з таварам ці вынаходніцтвам, а са зброяй? Толькі зброю! Я не ведаю прыкладу, каб зброя несла дабро на чужую зямлю. Чалавечая кроў ліпучая! Не адмыць… Да якога калена помсцяць на вашай зямлі?
- Магу ў такім пытанні адказваць толькі за сябе. Я хрысціянін, князь.
- І гэтаму навучае, ці хаця б сабе апраўдвае вашае маскавіцкае хрысціян-ства - ісці забіваць суседа, нішчыць ягоныя пасевы, рабаваць ягоную гаспадарку, руйнаваць не толькі сялібы, але і цэлыя селішчы…
- Пра гэта павінны былі думаць вашыя продкі, калі хадзілі на маскву, - гарачліва парыраваў Раман. - Дарэчы, Уладзіслаў мог сесці на маскоўскі трон мірам! Што паробіш, чалавек пачынае нешта разумець, калі сам трапляе ў абставіны, якія ствараў іншым, - прымірэнча дадаў ён.
Усталявалася няёмкая цішыня. Абодвум не хацелася сварыцца, рабіць балюча адзін другому. Першым рашыўся парушыць маўчанне Раман.
- Ведаеце, князь, мы тут адны. Калі дазволіце і калі гэта вас цікавіць, я магу падзяліцца з вамі некаторымі сваімі думкамі?
- Грэх не выслухаць разумнага чалавека. Нават і тады, калі ён вораг.
- Вы па-ранейшаму бачыце ўва мне ворага?
- Цяжкае пытанне, але тыя, ад каго вы сёння прыйшлі, хто стаіць за вамі, несумненна.
- Князь Баляслаў… Я сам напрасіўся ў парламентарыі да вас. Хацеў пабачыць князёўну, упэўніцца, што з ёй усе добра. Падумаць, што можна зрабіць у тых абставінах, якія зараз стварыла для вас вайна, зразумець, чым магу дапамагчы вам і вашай дачцэ.
- Дзякую, Раман. Разумею, адчуваю, што вы гаворыце праўду. Магчыма, я проста не магу прыйсці да згоды з самім сабой. Але вы збіраліся падзяліцца са мной думкамі?
- Так. Выкладу сцісла. Магчыма, гэта нейкім чынам падыме ваш дух. Складаецца ўсё так, што, напэўна, па хуткім часе нашае войска спатрэбіцца для вайны са шведамі. Магчыма, гэта дасць шанец паспольству адваяваць страчаныя пазіцыі. Тутэйшым беларусцам, літве, на жаль, за гэты час не падняцца, але яго будзе дастаткова, каб зразумець, што ні карона, ні мас-ква не вырашыць вашыя пытанні. Народ, які прагне быць самастойным, павінен не столькі валодаць зброяй, колькі мець мудрых палітыкаў. А ў астатнім… - Раман падумаў, што і так сказаў лішняе. - У астанім… Быў бы Сігізмунд ІІІ Ваза мудрым палітыкам, а не паслугачом езуітаў у іхніх намаганнях уплыву на ўсю Еўропу, маскоўскі трон належаў бы вам, ды і шведскую карону ён таксама страціў бязладна. Уяўляеце, якое магутнае гаспадарства мы ўтварылі б разам! Вынікам ягонай няпэўнасці і няўпэўненасці і маем зараз усе гэтыя войны…
- Зусім нядаўна ў мяне ўзнікалі падобныя думкі. Але ці ёсць сэнс у тым, каб абвінавачваць гісторыю, тым болей тых, хто робіць яе? Яны рабілі, як умелі. А мы. мы ведаем не ўсю іхнюю праўду. Я жадаў бы, каб адзінай палітыкай для ўсіх былі праўда і сумленне, - сумна зазначыў князь.