Раман з цікаўнасцю, добразычліва, але крыху насмешліва глядзеў на чалавека, здольнага ў сталых гадах і ў жорсткіх абставінах выказваць падобнае. Такія думкі можна падзяляць, але ніяк не кіравацца імі цалкам.
- Мы павінны рабіць высновы. Гэта задача, сапраўды, не паслугачоў, а разумных, шчырых даследчыкаў і палітыкаў. Іначай памылкі будуць паўтарацца. А што да праўды… - Раман апусціў вочы долу. Ён мог бы і не гаварыць зараз тое, што згадалася яму, але гэта зняло б ганьбу з чалавека, які яе зусім не заслугоўваў, бо кіраваўся якраз праўдай, сумленнем і да таго ж міласэрнасцю. - А што да праўды… - паўтарыў ён. - Так, праўда харошая і пачэсная палітыка пры ўмове, што трэба ведаць час, месца і таго, каму яе выказваеш. - Раман крыху памаўчаў, але вырашыў усё-ткі паведаміць, што ведаў. - Вы памятаеце гісторыю з нядаўнім нападзеннем лясных разбойнікаў? Здаецца, у вас называюць разбойныя групоўкі бандамі, так?
- Звычайна ляхі так называюць. Але народы сваім разбойнікам столькі найменняў даюць, не пералічыць. У нас мянуюць яшчэ і аргамакамі…
- Як коней? - здзівіўся камісар.
- Так, нашая ўлюбёная парода коней.
- А чаму раптам аргамакамі?
- Напэўна таму, што нагадваюць рысакоў. І коні, і разбойнікі. А, можа быць, што коні маюць знешняе падабенства з хортамі, і ў разбойнікаў нешта ёсць ад хортаў у характары. Дарэчы, роўны бег рыссю. - князь спыніўся на паўслове. - Ледзь не забыўся… дык што там у тутэйшых разбойнікаў надарылася? - князь пастараўся не выказаць зацікаўленасць.
- Проста за безаглядную праўду аднаго святара, які прыбіўся да лясных разбойнікаў, некалькі ягоных таварышаў расплаціліся сваімі жыццямі. Зразумейце мяне правільна, я зусім не шкадую іх, нават задаволены, што так атрымалася і мы здолелі захаваць тут парадак. Аднак мяне ўразіў сам факт, здольны паслужыць яскравым і сумным прыкладам таго, пра што мы з вамі гаварылі. Мяркуйце самі. А было так. У вёсцы Шэйпічы прыстаў затрымаў нетутэйшага чалавека, які выдаваў сябе за святара. Месца свайго прыходу і жытла ён не назваў, таму яго забралі на допыт. Гэты, бясспрэчна, сумленны і абавязковы чалавек, мяркуючы, што ягонаму жыццю прыйшоў канец, папрасіўся спавядацца якому хрысціянскаму святару, каб потым прыняць прычасце перад смерцю. Паклікалі вайсковага святара. Тое, у чым каяўся і што казаў гэты чалавек, пацвярджала хаця і не злачынства, але ўсё-ткі прыналежнасць яго да лясных разбойнікаў. Ён быў насамрэч святар. Напрыканцы споведзі гэты добры чалавек папрасіў свайго спавядальніка адслужыць памінальную службу па ягоных пры-хаджанах, калі раптам каторыя неўзабаве загінуць у бойцы, бо ў самога ўжо не будзе такой магчымасці. Вайсковы святар адпусціў яму грахі, але, шкадуючы і сваіх прыхаджанаў, паведаміў тое начальству. Зразумела, што баль, які даваў пан Пржэвіцкі, быў вельмі зручным момантам для нападу. Так атрады разбойнікаў трапілі ў засаду і былі часткова знішчаныя. Як высветлілася, сярод іх былі і вашыя людзі. Высновы рабіце самі, князь. А я шчыра спачуваю вашай прыгожай зямлі, вашаму замку, вам і вашай дачцэ. Можаце смела разлічваць на маю дапамогу ў вызваленні князёўны. Сёння ж я наведаю маёнтак, каб зразумець, што адбываецца там.
- Тады не буду вас затрымліваць, Раман! - абрадваўся князь. - Чакайце хвілінку! А што сталася з тым святаром?
- Ды нічога. Ён нікога не забіваў. Служыў набажэнствы там, куды яго прывялі абставіны. Адпусцілі з Богам.
Моцны поціск адкрытых далоняў завяршыў усяго другую сустрэчу ў жыцці нядаўніх ворагаў.
Князь выклікаў Войцеха, каб паведаміць яму сумную навіну пра спо-ведзь айца Стахора.
"Ды колькі ж мы будзем дзецьмі-сіротамі на сваёй зямлі! - у роспачы разважаў князь, прыгадваючы навіны Рамана, шукаючы хоць якое выйсце з варожых абставінаў. - Пара мужнець. Час мужнець…"
Князь не думаў пра юнацтва свайго народа, але і ўявіць не мог, што выблісне яно на які дзясятак гадоў амаль праз тры стагоддзі, каб зноў задыхнуцца ў цісках чарговай імперыі. Да сталасці было яшчэ далей…
3
Граф Пржэвіцкі быў злы. На самога сябе.
"Прыехаць у гэтую глухмень, каб павялічыць даход, падвысіць статус у Кароне, і раптам я - прыдворны караля! - выклікаю на дуэль нейкага тутэйшага дзікуна! І калі! У той час, калі ўсё маё багацце, славу і жыццё гатовы аддаць за каханне ўласнай паланянкі. Глупства нейкае атрымліваецца. Нават не распавесці нікому, каб хто зразумеў. Хіба што дзядзька б зразумеў. Той наогул у пагоні за каханай жыццё пражыў, так і не дакрануўся да яе. Дзядзька зразумеў бы. Ды няма ўжо дзядзькі майго, - граф як спатыкнуўся на думцы. Кожны раз, калі ён згадваў страту свайго дзядзькі, гэта агаломшвала яго, нібыта ўпершыню. - Знай-ду забойцу - лютай смерцю памрэ! Халей не бачыў, непрытомны быў, Тамаш ужо не скажа. І куды дзеўка тая, мярзотніца, падзелася? Трэба ж было, каб праз нейкую брыдкую мужычку роднага дзядзьку страціць! Пся крэў! Як у ваду з канцамі. І добра, калі ў ваду. Меней граху на мне будзе. Усё адно са свету зжыў бы!.. Але ж справа гонару вышэйшая ад усяго! - граф няблага валодаў шпагай і, паколькі не ўяўляў з ёю князя, менавіта на шпагах спыніў свой выбар. - Хаця не! Лепш пакінуць выбар за князем. Не хапала яшчэ, каб у Варшаве казалі, што я забіў старога князя! - графу заставалася запрасіць секундантаў, прызначыць дзень і час. - Але да гэтага дня і часу князёўна павінна стаць маёй жанчынай!" - нагадаў сабе ён.