Выбрать главу

- Пан камісар, - спаважна даклаў слуга.

- Пайшоў прэч! Запрашай, - імгненна апамятаўся граф. Здзіўлены і крыху напалоханы нечаканым візітам, ён сам рушыў насустрач госцю.

- Маю гонар бачыць вас, пан камісар!

- Вы добра выглядаеце, граф! - усклікнуў камісар. Ён не хлусіў. Узру-шаны стан пасаваў графу. Ягоныя шэрыя вочы ажно зіхацелі, падсвечаныя разлітым па шчоках румянцам.

- Не падумаў бы! Прашу, сядайце, майце ласку!

- Дзякую. Я не займу шмат вашага часу. Быў у ад’ездзе і, памятаючы трывожнае расстанне ў вашым гасцінным маёнтку, па вяртанні вырашыў даведацца, чым тады ўсё скончылася. Ці маеце якую патрэбу? Мой абавязак тут сачыць за парадкам, дапамагаць паважаным людзям у складаных абставінах ваеннага часу.

- О! Не! Удзячны вам за клопат. Усё добра! - Граф не ведаў, як пазбегнуць гэтай тэмы.

- Спадзяюся, што князёўна паправіла ўжо сваё здароўе?

- Так! Не! Не зусім! - Граф імкліва шукаў шчаслівай думкі.

- Яна тут?! - перапыніў камісар, не даючы апамятацца.

- Гэта допыт! Я не павінен вам адказваць!

- Ну што вы, граф, я не жадаў пакрыўдзіць вас. Прашу прабачыць. Але ж князёўна - не прыгонная і нават не мяшчанка! Шмат вачэй сачыла за тым, што адбывалася тут, і шмат з іх чакаюць працягу. Я ж у сваю чаргу адказваю перад царом за тое, каб ягоныя падданыя жылі ў згодзе і ў згодзе служылі яму.

- А я не раблю нічога такога, што магло б выклікаць няміласць цара.

- Гэта добра, але я жадаю засцерагчы вас ад неразумных дзеянняў…

- Дазвольце мне самому вызначаць, што лічыць разумным, а што не! -граф ужо, здавалася, гатовы быў лезці на ражон.

- Бясспрэчна! Але існуе парадак і закон божы…

- Вы думаеце? - імгненна падтрымаў граф новую тэму гаворкі.

У камісара быў годны праціўнік, вымуштраваны езуіцкім выхаваннем захаду, таму ён вырашыў не працягваць спрэчку.

- Выбачаюся, граф, мяне ўжо чакаюць справы. Ды я непакоюся, што, хутчэй ад усяго парушыў вашыя планы.

- Ні ў якім разе! Я адпушчу вас толькі пасля таго, як паабедаеце са мной! - граф разумеў, што, калі ёсць магчымасць не нажываць ворага, тым болей уплывовага, дык лепей пазбегнуць гэтага. - Дазвольце адысці на адну-другую хвілінку, каб даць пэўныя распараджэнні, - граф імкліва пакінуў кабінет.

Раман ведаў цяпер усё, дзеля чаго прыйшоў сюды. Заставацца не мела сэнсу. Гісторыя з князёўнай. якая так рамантычна пачалася на яго вачах, пагражала пераўтварыцца ў трагедыю. Граф адназначна не збіраецца адпускаць яе. Раман мог уявіць сабе, як будуць разгортвацца далейшыя падзеі, і яму не хацелася дзяліць хлеб з гэтым чалавекам. І ўсё ж такі адмовіцца ад запрашэння пасля вострай размовы было неразумна. Гэта адразу выкрывала асабістую зацікаўленасць, што з вялікай верагоднасцю магло пашкодзіць князёўне. Граф мог, сапраўды, паспяшыць з любымі намерамі ў адносінах да яе. Раман, здавалася, сам трапіў у моты, якія меркаваў накінуць на графа: ён стварыў сітуацыю, якой не валодаў і не ведаў, як з яе выбрацца. Але яшчэ болей яго трывожыла і цікавіла тое, што ён не мог вызначыць, якая памылка завяла яго ў гэтыя моты. І што сталася прычынай памылкі?..

Яшчэ юнаком, жорстка абсмеяны сябрамі за гарачнасць і прагу не столькі даказаць сваю праўду, колькі выказаць сябе, Раман вырашыў зрабіцца староннім назіральнікам чалавечых слабінаў. Гэта дазваляла не перажываць за іншых і нават не смяяцца з людскіх хібаў. За любой справай ён вучыўся заставацца як бы адасобленым. З цягам часу халодны разумовы разлік і спакойнае сэрца верна служылі Раману ў рашэннях і ўчынках. Пасля смерці маці ён ужо нікога не дапускаў да сваёй душы. Гэты непрабівальны для эмоцый панцыр рабіў яго недасягальным для праціўніка.

Раман павінен быў знайсці памылку, каб ніколі не паўтараць яе і тым болей не нарабіць новых. Розум? Логіка не здраджвала яму. Душа? Ягоная душа належала адзіна Богу. Заставалася сэрца. І Раман не знаходзіў яго спакойным! Яно пачало жыць нязвыкла незалежна ад душы і логікі і сягоння выкрыла ў ім зацікаўленую асобу. І прычынай таго магла стацца сімпатыя, якую адчуваў Раман да старога князя, а, можа быць, і…