Выбрать главу

- Чарлі ўзбунтаваўся! Зноў ломіць стайню! Усе коні ірвуцца на волю! - у кабінет з бізуном у руках уварваўся раз’юшаны стайнік, каб тут жа выскачыць за дзверы.

Раман у думках падзякаваў сваёй удачы, на якую ніколі не спадзяваўся, але і не пакідаў без увагі. На гэты раз удача мела аблічча каня. Ён накіраваўся да выхаду следам за стайнікам, як у пакой увайшоў узбуджаны граф.

- Прашу прабачэння! Я затрымаюся яшчэ на некаторы час. У маёй стайні конскі бунт! - паведаміў граф з парога і, не чакаючы адказу, адразу выйшаў.

- Я з вамі, граф! - кінуўся наўздагон камісар, радуючыся, што, магчыма, такім чынам яму ўдасца пазбегнуць прыкрай гасціннасці графа.

У стайні, сапраўды, стаяў вэрхал. Людзі бездапаможна мітусіліся. Коні тупацелі, іржалі, храплі, становячыся на дыбы ў сваіх стойлах.

- Я чуў, што ў вас добрыя коні, граф! Але, прызнаюся, не чакаў убачыць столькі чыстапародных рысакоў адразу! - уразіўся Раман на відовішча, што расхінулася перад ім.

- Збіраюся закласці конны завод! - з гонарам азваўся граф, які любіў хвалу столькі ж, колькі і людзей, якія ведалі коней. - Тут выдатныя ўмовы!

- Тут насамрэч прыдатнае асяроддзе, такія разлогі! - Раман шчыра любіў коней.

- Я пакажу вам потым маіх хартоў і выжлаў! - Граф ужо адчуваў сімпатыю да камісара. Коні і харты было адзіным, што ён трымаў для душы, а не для зыску.

- А дзе Чарлі? - пагрозліва ўсклікнуў граф, што дытычылася ўжо стайніка, які разгублена азіраўся наўкола.

- Не ведаю! Праз яго ўсё і пачалося! Раптоўна ў свечку стаў, парваў повязь і давай гойсаць пад вокнамі! Хітры, не злавіць! Зараз, мабыць, стаіўся недзе. Не конь, а кат на маю галаву! - прастагнаў стайнік.

- Няхай прывядуць варажэя! - загадаў граф. - А каня знайсці, не чапаць, не палохаць, тэрмінова будаваць загон, дзе ён зараз гуляе. Я сам выганю з яго бадзяжны дух!

Граф і камісар пакінулі стайню.

Раман цікавіўся паляўнічымі сабакамі, але ў сабакарні графа раптам упэўніўся, што недалюблівае іх. Можа быць таму, што яны працавалі на чалавека не ад пачуцця любові, а за кавалак ад сваёй здабычы. Чалавек для іх быў важаком зграі, галоўным сабакам. Раману не хацелася губляць статус чалавека нават у сабачых вачах. Ён усміхнуўся гэтай думцы, назіраючы за графам, які ў захапленні лашчыў сваіх улюбёнцаў.

- Бачу, вы павесялелі! Так, і ў мяне харты заўсёды выклікаюць добры настрой!

- Вы праніклівы чалавек, граф! Небяспечна праніклівы! Ад вас нічога не ўтоіцца. - Раман не кпіў, а проста скарыстаўся памылкай графа. - Напэўна вы таксама здагадаліся, што мяне ўжо клічуць службовыя абавязкі. Загадайце, калі ласка, падаць майго каня.

Калі б, ад’язджаючы, Раман азірнуўся, ён змог бы ўбачыць страшэзную адзіноту ў расчараваным позірку графа, які паныла глядзеў яму ўслед.

4

Дарога ад маёнтка разгаліноўвалася на павароце. Калі павярнуць у левы бок, можна было хутка выехаць на галоўную вуліцу Свіслачаў, а дарога ў правы бок, збягаючы са стромы над ракой, вяла да падножжа кургана з замчышчам. Менавіта па апошняй Раман пусціў трушком свайго рысака. Ён ведаў, што ў горадзе яго мянуюць чорным камісарам, і без патрэбы не хацеў мазоліць вочы мяшчанам. Няхай чорны, няхай няўлоўны, так нават лепей. Ён меў магчымасць пераканацца, што дабракоў ды тых, хто шукае ўвагі, людзі любяць скарыстоўваць ва ўласных інтарэсах. Раман жадаў каб яго баяліся, так было лягчэй і жыць, і служыць.

Каб быў час абдумаць далейшыя дзеянні, Раман сцішыў каня. ён вырашыў паведаміць князю пра тое, што адбылося ў маёнтку пераканаць яго скласці скаргу на графа, якой ён дасць афіцыйны ход. Няхай кожны выконвае свае абавязкі. Памылка, якую Раман дазволіў сабе ў маёнтку, насцярожыла яго. Хаця не так памылка, як прычына яе.

Бясспрэчна, Раману хацелася абараніць князя, прастадушнага, далікат-нага, разумнага чалавека, які шмат нацярпеўся са стратай дачкі і жонкі. Князь, несумненна, палюбіўся яму. Раман, як і абяцаўся, узяў бы яго пад сваё заступніцтва, каб не гэтая прычына. Выйсці з-пад уласнага кантролю было куды горш, чым страіць кантроль над абставінамі. Абставіны можна выправіць, змяніць, нарэшце, у той час. як выпраўляць, змяняць сябе -самая цяжкая здача на гэтым свеце.

Раману гэта нагадала той прыкры, няпэўны стан, калі губляеш прытомнасць, перад вачыма ўсё пачынае круціцца, сэрца абмірае, горла сціскаецца і млявыя, няўстойлівыя ногі падгінаюцца, дазвалючы целу завяршыць пакуту ў падзенні. Так было, калі ён нарэшце зразумеў, што маці ніколі не вернецца з той яміны, да якой прывялі яго. Тады амаль год прайшоў пасля смерці бацькі. Бацька, хаця і выводзіў свой род ад бранскага князя Рамана Міхайлавіча, але паперы, якія маглі б тое пацвердзіць, ці то згарэлі, ці то тое яшчэ неяк прапалі. За сталым векам ён так і не аднавіў іх, а ў гонар прародзіча назваў свайго запозненага сына Раманам. Уласна, гэтае імя і было адзінай спадчынай, пакінутай малому. Праз гады Раман высветліў, што ягоны прародзіч быў не толькі бранскім князем, але і вялікім кня-зем Чарнігаўскім, і нават смаленскім намеснікам Вітаўта, вялікага князя літоўскага. Гэта з гадамі выклікала ягоную цікаўнасць да Літвы, што і прывяло яго сюды. Але яшчэ падлеткам, які, уласна, і не меў сапраўднага бесклапотнага дзяцінства, апякуючыся чужымі людзьмі, Раман стараўся пазбегнуць становішча, дзе ён не здолее сустрэць небяспеку, цвёрда стоячы на нагах. Небяспекай для яго было само жыццё, якое з гадамі навучыла яго быць устойлівым у час удараў лёсу. Раман узненавідзеў падзенне, як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Чалавек, які дазваляе сабе ўпасці, вымушаны потым даганяць уласнае жыццё, але тады, часцей ад усяго, яго самога даганяюць няўдачы. Ён меркаваў, што нават самы лепшы разумнік можа не разлічыць момант удачы, але момант яе процілегласці прадба-чыць і вызначыць павінен. Становішча, у якое на гэты раз трапіў Раман у маёнтку графа, вярнула яму адчуванне рэчаіснасці. Цяпер, у спакойным стане, ён мог шчыра сказаць сабе, што дол нібыта хіснуўся пад ім самім, калі, падаючы на рукі графа, князёўна горка прашаптала: "Вы ледзь не страцілі дачку, князь…"