Выбрать главу

Неяк увесну яна прывяла з сабой дзяўчынку, галава якой, уся ў бліскучых цёмных кудзерках, што вятрак, круцілася на тоненькай шыі.

- Аза, ідзі, пакажы Даруце, што ў цябе ёсць, - Зара злёгку падштурхнула дзяўчо.

На парозе хаты, гаспадары якой далі Марухне зімовы прытулак, Зара азірнулася.

Здавалася, абедзве дзяўчынкі не дужа імкнуліся да новага знаёмства. Насупленыя тварыкі, на адным з якіх гарэлі ўпартасцю зялёныя, а на другім задзірыстым выклікам чорныя вочы, не абяцалі ўзаемнай прыязнасці. Зара вярнулася.

- Ты ж ведаеш, Аза! Аднойчы яна можа ўратаваць тваё жыццё. Але нічога не атрымаецца, калі вы не пазнаеце адна другую праз гады.

- Лепш памру… - прашаптала Аза.

- Чаму раптам? Мы ж дамаўляліся! - здзівілася Зара.

Дзяўчынка маўчала.

- Добра, пайшлі, скажаш мне, - Зара павяла малую за браму.

Даруце было прыемна чуць, што яна можа паспрыяць у будучыні жыццю незнаёмай, няхай і вяртлявай дзяўчынкі. І яшчэ яе дужа цікавіла, што такое можа паведаміць Аза, чаго не ведае Зара. Але як ні прыслухоўвалася, з хуткай гаворкі абедзвюх вылучыла толькі адно слова, якое Аза горача выкрыкнула некалькі разоў: "Гаджэ!"

- Як хочаш, гэта, урэшце, тваё жыццё, - сярдзіта закончыла перамовы Зара і пайшла да хаты.

Аза прысела на кукішкі па другі бок брамы і пачала нервова драпаць невялікім нажом злёгку ўбраную ранішняй шэранню зямлю. Яна памалу паскарала свае рухі і хутка ўжо вакол яе пачала ўтварацца яміна.

Дарута не магла зразумець, што хоча зрабіць Аза.

"Які незвычайны нож у яе руцэ!" - Дарута нават не заўважыла, што ўжо стаіць каля брамы. У той момант, калі яна збіралася выйсці з двара, нож Азы ўтыркнуўся роўна перад чаравікам Даруты.

- Вось гэта рэч! - узрадавалася Дарута, міжволі выхопліваючы з зямлі маленькі нож з вузкім кароткім лязом і дзяржальнам, зробленым з незнаёмага ёй каляровага рога. Там, дзе злучаўся з клінком, рог меў белы колер, сярэдзіна яго, нібы залапле-ная, выглядала чорнай, а самае вастрыё палала ярка-чырвоным полымем. Да таго ж дзяржальна, паволі звужаючыся, рабіла нож зручным нават у ейнай маленькай далоні.

І не проста зручным, а амаль прыліпала да яе. Дарута пераклала нож у другую руку Ледзь прыкметны выгін рога не перашкаджаў яму ёмка класціся і ў правую далонь.

- Аддай! Не тваё! - гнеўна зыркнула сваімі чорнымі вачыма Аза, нават не падымаючыся з кукішак.

- Дык чаму тады шпурляешся ім? - азвалася Дарута, неахвотна аддаючы нож зыр-катай, вяртлявай Азе. - І чаго капаешся тут?

- Ты не гаспадыня мне, каб я табе адказвала!

- А ты проста злая крыўляка!

- І нічога я не злая! - ускочыла Аза, страсаючы са спадніцы чэпкія былінкі высахлай леташняй травы.

- Злая-злая! - не здавалася Дарута.

- Сама ты злая! - знайшлася Аза.

Дарута не жадала адказваць на такое нахабства.

- Не хачу ратаваць табе жыццё! - заявіла яна, павяртаючы ў двор.

- А я і не прасіла! Падумаеш, князёўна знайшлася! Дзе, дзе тваё княства? - здзекліва закрычала Аза. - Дзе яно, дзе?

Дарута павярнулася да сваёй непрыяцелькі.

- А ты, а ты… - ад крыўды, ці ад слова "князёўна", якое чамусьці прыпляла Аза і якое не стасавалася на яе думку з абразай, Дарута не знайшлася, што сказаць.

- А я сабе магілу капала, - нечакана самотна прамовіла Аза, гледзячы проста ў вочы Даруце.

Дарута адчула сябе зусім збітай з панталыку. За спінай Азы сапраўды чарнела яміна.

Рухавая, задзірыстая Аза з бліскучымі чорнымі кудзеркамі і яшчэ болей бліскучымі вачыма таксама не стасавалася з ямінай нават на не-дабразычлівы позірк Даруты.

- Бяры, - прапанавала ёй Аза свой ножык.

Дарута адвярнулася. Канечне, яна б з задавальненнем узяла гэтакі скарб, але ж не ад ворага.

- Бяры, - усё адно з сабой туды не забяру, азірнулася Аза на яміну.

- Пакінь сабе, - раптам пашкадавала яе Дарута. - Я цябе ўратую. Толькі пакуль не ведаю як. Але абавязкова ўратую цябе, не хвалюйся. Таму пакінь нож сабе, ён табе спатрэбіцца.