- Вы так гаворыце, быццам бачылі гэта!
- На жаль, не бачыў, інакш рызыкнуў бы адбіць княгіню і вярнуць князю.
Зрэнкі князя паволі расшыраліся, ён раптам схапіў за руку Рамана.
- Вы думаеце…
- Думаю, - спакойна адказаў Раман. - Бачна, што Вінцэсь той быў спрактыкаваны чалавек, калі здолеў украсці княгіню і дзіця з ветразніка. Ён разлічыў месца на карме лодкі, дзе было меней бусакоў. Скочыў з жанчынай на руках на бліжэйшы човен такім чынам, каб не пайсці адразу на дно, а зачапіць яго, перакуліць і потым схавацца пад човен. Так было?
- Вы, насамрэч, не былі там? - Ісай спалохана пазіраў на Рамана. - Я нібыта зараз толькі ўбачыў яскрава той момант.
- Раман бы састарэў ужо, - мовіў князь, усё-ткі абводзячы позіркам свайго нядаўняга ворага, які толькі што падараваў яму адну з самых вялікіх надзеяў жыцця.
- А што рабілі тыя людзі на беразе, калі вы перабілі ўсіх у лодцы? - пацікавіўся Раман.
- Калі мы агледзеліся, іх не было ўжо там.
- А за паваротам ракі плынь такая ж хуткая?
- Не, далей і рэчышча шырокае, бо абапал пачынаюцца паплавы.
- Цяпер я амаль упэўнены, што яны ўратаваліся. Гэты Вінцэсь дужа небяспечны чалавек, князь. Вы не здагадваецеся, хто гэта можа быць?
- Пакуль што не. Твары маладосці, як і імёны, пасціраліся ўжо напалову ў памяці.
Князь напружана думаў.
…Вайна… Паходы… Рэдкія святы… Балі… Дароціца… Раптам перад вачы-ма князя ўзнік малады, але вельмі худы твар з амаль нерухомымі і адначасна пільнымі, насмешлівымі вачамі. На гэтым твары самымі жывымі здаваліся тонкія, расцягнутыя ў рысачкі вусны, якія няспынна па-змяінаму варушыліся, складаючыся ў непрыемную ўсмешку. Асабліва непрыемным было тое, што, калі князь вярнуўся ў бальную залю каралеўскага палаца, гаспадар таго твару хутка прамаўляў нешта сваімі змяінымі вуснамі Дароціцы. Наступнага дня маладая княгіня прапанавала ехаць з Варшавы на ягоную дзедзічну ў Свіслачы. Яна так і не даверыла князю сваю размову з непрыемным чалавекам. Князь мала што ўведаў тады пра яго ў Варшаве. Нейкае блытанае авантурнае жыццё маладога беднага графа, які выхоўваўся недзе на ўсходзе. Адны казалі, што ў Кітаі, другія сцвярджалі, што наогул у Егіпце. Адзінае, што ведалі дакладна, дык тое, што імя яго…
…"Вінцэсь… Так… Вінцэсь…" - у думках паўтарыў сабе гэтае імя князь.
- Ісай, ці было нешта ў мужчыны таго, Вінцэся, незвычайнае ў твары, што запомнілася раптам? - звярнуўся князь да купца.
- Каб ведаў, што запытаецеся, дык угледзеўся б, а так нічога асблівага, хіба што худы вельмі і з цела, і з твару, як чарвяк. Во! І непрыемнае нешта сыходзіла ад яго, быццам змяінае…
Раман уважліва сачыў за размовай і здагадаўся, што чалавек той быў вядомы князю. Але яму хацелася даведацца, што было далей з маленькай дзяўчынкай, якую ўратаваў Ісай.
- А што сталася з маленькай дзяўчынкай? - не ўтрымаўся Раман.
- Мала чым задаволю вас у гэтым пытанні. Было незразумела, што рабіць з ёй. Якому ваяводу яна даводзіцца дачкой, і на каго пакінуць яе, калі пакідаць…
…Ісай і Марухна вырашылі ўзяць дзіця з сабой, а там будзе, як будзе. Зразумела, што менавалі дзяўчынку Дарутай, як на рацэ пачуў Ісай ад ейнай маці. Напалоханая тым, што перажыла, а, можа, і да таго была не зусім здаровая, дзяўчынка пачала хварэць. Спачатку быў проста моцны кашаль, якім яна будзіла ўсіх начамі. Потым да кашлю далучыліся ваніты, начныя сутаргі. Усёй камандай ветразніка імкнуліся і суцешыць яе, і лячыць, як хто ведаў. Можа, рачная волка-сць, начныя халады ці што іншае, але бралі сваё. Марухна плакала, гледзячы, як пакутуе, марнее дзіця. У Любечы яна папрасілася сысці з Даруткай на бераг. Ісаю было страшна расставацца з сястрой. Але хто можа ўгаварыць жанчыну, калі яна рашылася? Дамовіліся, што забярэ яе на зваротным шляху. Ісай спяшаўся распрадаць тавар, каб хутчэй вярнуцца па Марухну, але не паспеў. Восень надарылася ранняя, вельмі халодная. Шалёныя вятры ірвалі ветразі. Берагі браліся лёдам. Давялося чакаць суднаходства да вясны. Адзін з матросаў звольніўся і трымаў шлях у Любеч. Ісай выправіў яго з грашыма і наказам знайсці Марухну ў Любечы, перадаць ёй цыдулку, дзе распавядаў пра свае справы і прасіў, каб там і чакала яго. Невядома, ці дайшоў той матрос да Любеча, ці шукаў Марухну, але вясной купец не знайшоў там ні яго, ні Марухны, ні дзіцяці…
…- Болей я іх не бачыў… - галава Ісая па-старэчы задрыжала.
Мужчыны пэўны час маўчалі, як на пахаванні. Першым апамятаўся Раман.
- Скажы, а ты пазнаў бы тую ваяводку, як ты казаў, калі б убачыў цяпер?
- Няўжо вярнулася?! - Ісай ад нечаканасці ажно ўскочыў з лавы.